Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напружаньне на беларуска-ўкраінскай мяжы ствараюць зьбіральнікі грыбоў ды ягад


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць Гомельскія памежнікі ўзмацняюць пільнасьць на беларуска-ўкраінскай мяжы. За прычыну гэтага паўсталі зьбіральнікі грыбоў ды ягад у памежных лясох.

Апошні інцыдэнт адбыўся днямі ў Ельскім раёне. Памежнікі Гомельскага атраду затрымалі там 19 украінцаў, якія зьбіралі грыбы й ягады. Рухаліся ўкраінцы на дзьвюх аўтамашынах.

Распавядае намесьнік камандзіра Гомельскага памежнага атраду Аляксандар Сулім.

(Сулім: ) “Такі быў момант. Разьбіраліся там. Украінцы сьцьвярджалі, што яны на сваёй тэрыторыі, мы казалі, што — на нашай. Яны й сапраўды былі на нашай тэрыторыі. Мы іх затрымалі й перадалі ўкраінскім памежнікам. Мы іх доўга не трымалі”.

Паводле прадстаўніка памежнага атраду, у сувязі з сэзонам грыбоў ды ягад ахова мяжы й, натуральна, беларускіх грыбных і ягадных мясьцін будзе ўзмоцнена.

(Сулім: ) “Будзем узмацняць ахову мяжы на гэтым кірунку. Нарады памежныя будзем туды высылаць і сачыць за сытуацыяй”, — паведаміў намесьнік камандзіра Гомельскага памежнага атраду.

Паміж Беларусьсю й Украінай ня зроблена дэмаркацыі мяжы. Таму ня выключана, што “грыбныя” й “ягадныя” інцыдэнты будуць паўтарацца.

Гаворыць сталы зьбіральнік грыбоў і ягад зь вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёну Іван Дрынеўскі. Беларускія лясы ў Глушкавічах клінам “урэзваюцца” ва ўкраінскую тэрыторыю.

(Дрынеўскі: ) “Я сам ня ведаю, дзе наша, а дзе — украінская тэрыторыя. Не зразумела. Тут вакол — украінская. Усё зарасло. Хаця б шырокі прагал прарэзалі, слупкі паставілі, каб бачна было, што гэта мяжа, што ня трэба яе пераходзіць. А так — бог яе ведае, дзе тая мяжа”.

Цяпер у беларускіх палешукоў гарачая пара. Грыбоў ды ягад сёлета ў лясох багата. Дасьпяваюць на балотах журавіны. Усё гэта — важкі заробак для жыхароў Лельчыцкага, Ельскага, некаторых іншых паўднёвых раёнаў. Але й беларусаў на ягадных сьцежках чакаюць непрыемнасьці, калі яны часам забіраюцца на ўкраінскую тэрыторыю.

(Дрынеўскі: ) “Пападаліся й нашы людзі. Украінскія памежнікі іх забіралі, трымалі ў сябе. Пашпарты патрабавалі — хто ты, што ты… Потым адпускалі. Разумееце, калі б я быў якім-небудзь кантрабандыстам, што-небудзь нёс. А калі я грыбы, ягады зьбіраю… Божа мой, якое тут парушэньне?”\

Увесну ўкраінскія памежнікі затрымалі шасьцёх беларускіх мэханізатараў і пяць адзінак тэхнікі, якая належала прадпрыемству мэліярацыі зь Лельчыц. Мэліяратары бралі пясок у кар’еры на рамонт дамбы. Як высьветлілася, кар’ер гэты знаходзіўся на ўкраінскім баку. Мэліяратараў украінскі суд пакараў арыштам на двое сутак — за парушэньне правілаў пераходу мяжы, а тэхніку памежнікі вярнулі праз два тыдні.

Беларускі парлямэнт, дарэчы, да гэтага часу не ратыфікаваў дамовы з Украінаю пра сумесную беларуска-ўкраінскую мяжу.
XS
SM
MD
LG