Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведкам у "справе пра мульцікі" не аддаюць пашпартоў


Любоў Лунёва, Менск Cьледчы гарадзенскага ўпраўленьня КДБ Алег Варанецкі адмовіўся вярнуць пашпарты Алегу Мінічу й ягонай жонцы Галіне. Алег Мініч фігуруе ў крымінальнай справе, распачатай менскай пракуратурай за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для справы абраны мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на інтэрнэт-сайце грамадзянскай Ініцыятывы “Трэці шлях”.

Алег Мініч і ягоная жонка Галіна зьвярнуліся са скаргай у менскую пракуратуру на дзеяньні сьледчага КДБ Алега Варанецкага. 19 жніўня сьледчы выклікаў іх у кабінэт і папрасіў пашпарты — нібыта, толькі дзеля таго, каб занесьці дадзеныя ў кампутар. Пасьля ён заявіў, што пашпартоў не аддасьць, і яны будуць захоўвацца ў ягоным кабінэце цягам нявызначанага часу. Алег Мініч лічыцца сьведкам у гэтай справе.

Галіна абурана дзеяньнямі сьледчага. Яна заявіла Радыё Свабода, што сьледчы, на ейную думку, злоўжывае службовыя паўнамоцтвы.

(Галіна: ) “Мне трэба цяпер схадзіць у паліклініку: у мяне разбалеўся зуб. Карткі ў мяне няма. У паліклініцы сказалі, што бяз пашпарту карткі не завядуць. Трэба наведаць і тэрапэўта — даўно не зьвярталася. Там таксама бяз карткі ня прымуць. Зьвярнулася да пракурора, а ён кажа: “Як сабе хочаце, — падавайце пратакол”. А ў пратаколе напісана, што распачата крымінальная справа. Дык што? — я адыдуся, а за маёй сьпіной будуць перашэптвацца: маўляў, злачынца пайшла… Справай займаецца сьледчы ў асабліва важных справах. Каму я што буду тлумачыць?! Каму скардзіцца? Мой муж — сьведка ў справе. Я наагул ніякага дачыненьня да справы ня маю. Што ж цяпер — можна тэрарызаваць сям’ю, нашых знаёмых, сяброў? За намі сочаць, праслухоўваюць нашы тэлефоны. Прынамсі, я гэта адчуваю”.

Алег Мініч і Галіна зьвярнуліся са скаргай у Менскую пракуратуру.

Віктар Шабан, сьледчы менскай пракуратуры, які ўзначальвае групу, паведаміў Радыё Свабода, што скарга яму яшчэ не паступіла — магчыма, яна знаходзіцца ў кіраўніцтва. Віктар Шабан адказаў на пытаньне, у якіх выпадках сьледчыя практыкуюць такія дзеяньні, як утрыманьне пашпартоў грамадзян у сваім кабінэце.

(Шабан: ) “У абвінавачаных, падазраваных мы забіраем (дакумэнты). Калі людзі арыштаваны, мы таксама забіраем пашпарты. Яшчэ забіраюць пашпарты, калі ёсьць нейкая патрэба, — напрыклад, для экспэртызы. У сьведак? Ну, а чаму не… Выемкай можна забраць якія заўгодна дакумэнты”.

Тэлефон сьледчага гарадзенскага ўпраўленьня КДБ Алега Варанецкага не адказвае. Кіраўнік сьледчага аддзелу КДБ не ідзе на кантакт з прэсай і сытуацыі не камэнтуе.

Сябры Ініцыятывы “Трэці шлях” Павал Марозаў і Андрэй Абозаў гэтымі днямі ў Кіеве. Яны сустракаліся з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый. Апроч таго, сытуацыя вакол мультклюбу абмяркоўваецца з украінскімі калегамі з кампаніі “Дзіва прадакшн”, якія распаўсюджвалі мультфільмы палітычнага зьместу ў інтэрнэце ў часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ва Ўкраіне.

Нагадаем, 16 жніўня менская пракуратура распачала крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Падставай аказаліся мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на інтэрнэт-сайце грамадзянскай Ініцыятывы “Трэці шлях”. У Паўла Марозава й Алега Абозава супрацоўнікі КГБ зрабілі ператрус і забралі дванаццаць кампутараў ды ўсе носьбіты інфармацыі. Тое ж было ўчынена й на кватэры Алега Мініча, які жыве ў Горадні. Усе трох праходзяць у справе у якасьці сьведак.
XS
SM
MD
LG