Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 жніўня 1991 году – сувэрэнітэт стаў канстытуцыйным законам


Ганна Соусь, Менск 14 гадоў таму Вярхоўны Савет Беларусі 12-га скліканьня надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Гэта адбылося праз тры дні пасьля паразы жнівеньскага путчу 1991 году. Нашая карэспандэнтка пагутарыла зь некаторымі дэпутатамі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, удзельнікамі тых падзеяў.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч лічыць, што наданьне канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце мела сымбалічнае значэньне.

(Шушкевіч: ) “У гэтым сэнсе рэабілітаваў сябе Беларускі Народны Фронт, які выходзіў з залі, калі галасавалі за Дэклярацыю аб сувэрэнітэце. А тут, зь ягонае прапановы, надалі дакумэнту статус канстытуцыйнага закону. І мне здаецца, што ўсё стала на свае месцы. Далей былі вялікія складанасьці, бо гэтая Дэклярацыя ўваходзіла ў супярэчнасьць зь дзейнай Канстытуцыяй. Але дзень наданьня канстытуцыйнага статусу не такі істотны. Мне здаецца, што больш істотным зьяўляецца дзень прыняцьця Дэклярацыі, а надта значным — ратыфікацыя Белавескага пагадненьня”.

Барыс Савіцкі, які ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня ўзначальваў камісію ў праблемах экалёгіі, згадвае, што рашэньне аб наданьні Дэклярацыі канстытуцыйнага статусу было прынята пераважнай большасьцю дэпутатаў, і толькі адзін чалавек быў супраць, а некалькі парлямэнтараў устрымаліся.

(Савіцкі: ) “Цяпер, наколькі я ведаю, чалавек пятнаццаць сьцьвярджаюць, што яны былі супраць. Аднак супраць быў адзін чалавек. Ува ўсялякім разе, большасьць успрымала гэта як вельмі ўрачысты дзень у жыцьці нашай рэспублікі, якая практычна ніколі не была самастойнай”.

Паводле экс-старшыні Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслава Грыба, надаць канстытуцыйны статус Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце было значна прасьцей, чым прыняць саму Дэклярацыю.

(Грыб: ) “Саму Дэклярацыю, зразумела, прымаць было цяжка ў нашай “чырвонай” Беларусі. Гэта потым дало магчымасьць уключыць тэкст Дэклярацыі ў артыкулы Канстытуцыі”. Далей згадвае дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня тагачасны рэдактар газэты “Літаратура і мастацтва” Анатоль Вярцінскі.

(Вярцінскі: ) “Наданьне Дэклярацыі статусу канстытуцыйнага закону было ў нейкім сэнсе першым крокам да нашай дзяржаўнай незалежнасьці. Тады Вярхоўны Савет прыняў заяву, у якой даў ацэнку ГКЧП. Я памятаю, як мы абмяркоўвалі, ці перакладаць на беларускую мову гэтую абрэвіятуру. Здаецца, у заяве пакінулі расейскі варыянт”.

Анатоль Вярцінскі распавядае й пра стварэньне камісіі, якая павінна была даць ацэнку дзейнасьці гэтак званых беларускіх “гэкачэпістаў”. Потым былі надрукаваны вынікі працы камісіі, але — гаворыць спадар Вярцінскі — ніхто зь іх ня быў пакараны.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ад фракцыі БНФ архітэктар Лявонці Зданевіч вельмі высока ацэньвае падзеі 25 жніўня 1991 году.

(Зданевіч: ) “Калі б не было гэтага акту, то на працягу 1-2 гадоў прыняць яго ўжо было б немагчыма. Я добра памятаю, які быў “адкат”. І, дзякуючы інэрцыі гэтага рашэньня, мы існуем і сёньня як незалежная дзяржава”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG