Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія пратэстуе супраць затрыманьня сваіх грамадзян у Менску


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі ўраду й парлямэнту Грузіі асудзілі затрыманьне ў Менску двух грузінскіх грамадзян ды запатрабавалі ад беларускіх уладаў неадкладнага іх вызваленьня.

Міністэрства замежных справаў Грузіі з нагоды затрыманьня ў Менску актывістаў арганізацыі “Кхмара” Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ апублікавала заяву, у якой асудзіла “беспадстаўнае затрыманьне грузінскіх грамадзян беларускім бокам”. МЗС Грузіі расцаніў гэтыя дзеяньні як “правакацыйныя” й катэгарычна запатрабаваў “неадкладнага вызваленьня” затрыманых.

Кіраўнік камісіі ў міжнародных справах парлямэнту Грузіі Котэ Габашвілі паведаміў беларускай “Свабодзе”, што падзеі з затрыманьнем двух актывістаў “Кхмары” ў Менску актыўна абмяркоўваюцца ўсімі СМІ ягонай краіны. Спадар Габашвілі высьветліў, што Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ ў Беларусь ніякая арганізацыя не накіроўвала — яны паехалі паводле ўласнай ініцыятывы.

(Габашвілі: ) “І ўвогуле, у Грузіі ніхто не накіроўвае нікога для вырашэньня ўнутраных пытаньняў іншай краіны. Нам вельмі дзіўна, што іх “проста затрымалі”. Відаць, іх затрымалі з прычыны таго, што яны “асобы каўказкай нацыянальнасьці”. Цяпер модныя, ведаеце, такія адносіны да грузінаў”.

Паводле інфармацыі спадара Габашвілі, беларускія ўлады дэпартуюць Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ ў бліжэйшую суботу. Канчатковых ацэнак інцыдэнту ў Тбілісі пакуль ня робяць — чакаюць, чым ён скончыцца.

(Габашвілі: ) “Паміж дзьвюма краінамі, якія ўваходзяць у СНД, ня кажучы ўжо аб ранейшай гісторыі дачыненьняў Беларусі й Грузіі — дзьвюх братэрскіх краінаў, такія рэчы зьяўляюцца больш чым дзіўнымі. Калі мінімальна пра гэта казаць”.

Прадстаўнік грамадзянскай Ініцыятывы “Кхмара” Леван Рамішвілі паведаміў, што Георгія Кандэлакі міліцыя неаднаразова затрымлівала і ў Тбілісі часоў Шэварнадзэ, і ва Ўкраіне часоў Кучмы, а таму для яго такое стаўленьне звыклае.

(Рамішвілі: ) “Ні Георгі, ні Лука не зьбіраюцца нешта арганізоўваць у Беларусі. А ёсьць людзі, якіх вы, напэўна, ведаеце, якія займаюцца арганізацыяй негвалтоўнага супраціву аўтарытарнаму рэжыму. Дык Георгі й Лука дзеляцца зь імі грузінскім досьведам”.

Спадар Рамішвілі лічыць такую дзейнасьць актывістаў “Кхмары” вартай падтрымкі.

(Рамішвілі: ) “Я думаю, што гэта абавязак кожнага прыстойнага чалавека — дапамагаць людзям у бядзе. Калі магчыма аказаць пасільную дапамогу”.

Леван Рамішвілі зазначае, што дэмакратычны рух “Кхмара” працягвае сваё існаваньне й пасьля рэвалюцыі ружаў. Ягоныя ўдзельнікі й надалей вядуць барацьбу за свае мэты — як у Грузіі, гэтак і за ейнымі межамі — і супрацоўнічаюць з аналягічнымі рухамі ў іншых краінах. Некалькі актывістаў “Кхмары” сталі дэпутатамі парлямэнту Грузіі й актыўна ўплываюць на палітыку ўладаў.
XS
SM
MD
LG