Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяне Грузіі, актывісты “Кхмары” будуць дэпартаваныя


Алег Грузьдзіловіч, Менск Грамадзяне Грузіі Георгі Кандэлакі й Лука Цуладзэ будуць дэпартаваны зь Беларусі. Адпаведную пастанову падпісаў пракурор Маскоўскага раёну Менску. Афіцыйныя крыніцы, аднак, пакуль ня кажуць, як і калі адбудзецца дэпартацыя актывістаў грузінскай моладзевай арганізацыі “Кхмара”.

Паводле пракурора Маскоўскага раёну Менску Віктара Жынгеля, 25 жніўня ён падпісаў пастанову аб дэпартацыі зь Беларусі грамадзян Грузіі Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ. Віктар Жынгель спаслаўся на тое, што актывісты “Кхмары” нібыта парушылі “візавы рэжым”. На чым дакладна палягае іхняе парушэньне, пракурор не патлумачыў.

(Жынгель: ) “Супрацоўнікі пашпартна-візавай службы паставілі пытаньне аб дэпартацыі — у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. У дадзеным выпадку быў парушаны візавы рэжым. Таму яны дэпартаваны”.

Паводле прэсавай службы менскай гарадзкой міліцыі, з 24 жніўня й дагэтуль Георгі Кандэлакі й Лука Цуладзэ знаходзяцца ў ізалятары-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Тэрмін знаходжаньня ім вызначаны — тры дні на падставе пастановы пракуратуры. Гэтак, прынамсі, тлумачаць у гарадзкой міліцыі.

Паміж Беларусьсю й Грузіяй не існуе візавага рэжыму. Паводле пагадненьняў краінаў СНД, для замежных паездак у межах Садружнасьці грамадзяне карыстаюцца агульнаграмадзянскімі пашпартамі. Якое ж парушэньне нібыта зрабілі грамадзяне Грузіі, каб іх давялося дэпартаваць?

Кіраўнік аддзелу грамадзянства й міграцыі Маскоўскага раёну спадар Давыдаў адмовіўся размаўляць пра гэта, спаслаўшыся на занятасьць. А вось супрацоўніца адміністрацыі гатэлю “Звязда”, у якім спыніліся Кандэлакі й Цуладзэ, лічыць, што яны нічога не парушалі.

( Надзея: ) “У іх жа візаў няма. У нас няма візавага рэжыму з Украінай, Малдовай, Грузіяй, Азэрбайджанам. Вось вы прыедзеце з Расеі ці з Малдовы і мусіце цягам трох дзён зарэгістравацца. Яны зарэгістраваліся ў нас у гатэлі — і ўсё”.

У моладзевым руху “Зубр” не выключаюць, што актывістаў “Кхмары” пратрымаюць у ізалятары да суботы, 27 жніўня. У гэты дзень з аэрапорту Менск-2 адлятае бліжэйшы самалёт на Тбілісі. У авіякампаніі “Белавіа”, якая абслугоўвае гэты рэйс, паведамілі, што квіток да Тбілісі каштуе ад 203 даляраў ЗША. Такім чынам, дэпартацыя Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ мае каштаваць больш за 400 даляраў.

Афіцыйныя крыніцы пакуль нічога ня кажуць пра тое, як і калі адбудзецца дэпартацыя Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ.

Нагадаем, актывісты “Кхмары” былі затрыманы 24 жніўня ў Менску разам з каардынатарам руху “Зубр” Уладзімерам Кобецам. Уладзімер Кобец пасьля праверкі быў адпушчаны. У руху “Зубр” ня вераць у тое, што Георгі Кандэлакі й Лука Цуладзэ нешта парушылі, і лічаць затрыманьне й дэпартацыю іх “палітычнай акцыяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG