Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі прапаведнік прынёс прабачэньне за заклік “прыбраць” Чавэса


Кастусь Бандарук, Менск Кансэрватыўны амэрыканскі прапаведнік Пэт Робэртсан адклікаў свае ранейшыя словы і папрасіў прабачэньня за заклік “прыбраць” прэзыдэнта Вэнэсуэлы Гуга Чавэза. Ягоныя заўвагі наконт Чавэза выклікалі хвалю крытыкі ў ЗША, уключна з рэлігійнымі і палітычнымі лідэрамі.

24 жніўня Пэт Робэртсан паўторна выступіў ў тэлеэфіры і заявіў, што ягоныя словы былі недакладна інтэрпрэтаваныя. Пасьля, ён папрасіў прабачэньня за свае заўвагі.

(Бандарук: ) “Я не гаварыў пра забойства. Я сказаў, што нашы спэцыяльныя сілы маглі б яго прыбраць. “Прыбраць” можа азначаць шмат рэчаў, напрыклад выкраданьне. Ёсьць шэраг магчымасьцяў, каб пазбыцца дыктатара, не забіваючы яго. Агенцтва Associated press дрэнна патлумачыла мае словы, што здараецца ўвесь час”.

Пасьля гэтага на сваёй інтэрнэт-старонцы Робэртсан яшчэ болей зьмякчыў тон і заявіў. “Я прашу прабачэньня за маю заяву. Я гаварыў, будучы расстроеным”.

Чым угнявіў тэлегледачоў папулярны прапаведнік, заснавальнік “Кааліцыі хрысьціянскай Амэрыкі” і першага ў ЗША хрысьціянскага тэлеканалу СВN? Выступаючы ў сваёй папулярнай тэлепраграме “Клюб 700”, Робэртсан заявіў, што “Чавэз разбурыў эканоміку краіны, ён хоча ператварыць Вэнэсуэлу ў трамплін для камуністычнага пранікненьня і мусульманскага экстрэмізму па ўсім кантынэнце”. Спасылаючыся на словы самога Чавэза, які шмат разоў крытыкаваў Джорджа Буша і абвінавачваў ЗША ў змове супраць яго і ягонай краіны Робэртсан заявіў: “Калі ён лічыць, што мы сапраўды хочам яго забіць, дык мы павінны зрабіць гэта”. Робэртсан дадаў, што Амэрыка мае магчымасьць пазбыцца Чавэза, і прыйшоў час скарыстаць гэтую магчымасьць. На думку прапаведніка, Амэрыцы непатрэбная новая вайна, якая будзе каштаваць 200 мільярдаў даляраў. На ягоную думку, пазбыцца яшчэ аднаго дыктатара можна значна таньней, і пры гэтым абышлося б без збояў у пастаўках нафты”.

Ад заявы Робэртсана адразу дыстанцыяваліся эвангельскія лідэры на чале прэзыдэнтам Нацыянальнай Асацыяцыі Эвангелістаў - Тэдам Гагардам. Паводле прэзыдэнта Нацыянальнай Рады Духавенства Роба Шэнка, “Робэртсан павінен патлумачыць, што Біблія і хрысьціянства кажуць пра дапушчальнасьць пазбавіць чалавека жыцьця паза рамкамі закону”.

Таксама афіцыйны Вашынгтон заявіў, што пазыцыя Робэртсана “не адлюстроўвае палітыкі ЗША”, і што заклік “забіць Чавэза” гэта словы шараговага грамадзяніна. Аднак на думку многіх аглядальнікаў, Робэртсан ніяк не шараговы грамадзянін. Гэта сын сэнатара, гарачы прыхільнік Буша і ягонай палітыкі, які ў 88 годзе сам разглядаўся ў якасьці рэспубліканскага кандыдата на пасаду прэзыдэнта ЗША. Ягоны тэлеканал CBN мае паўтары мільярда гледачоў.

Гуга Чавэз адрэагаваў на словы амэрыканскага прапаведніка спакойна, затое віцэ-прэзыдэнт Вэнэсуэлы заявіў, што краіна зьбіраецца накіраваць пазоў ў амэрыканскі суд, паколькі CBN дзейнічае паводле ўрадавай ліцэнзіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG