Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Днямі вырашыцца лёс гістарычнага цэнтру сталіцы


Ігар Карней, Менск Да канца жніўня Аляксандар Лукашэнка павінен падпісаць праект рэстаўрацыі Верхняга гораду, які ў сакавіку, на запатрабаваньне прэзыдэнта, быў накіраваны на дапрацоўку. Менскія архітэктары амаль не сумняюцца, што да рэалізацыі будзе прынята праца начальніка аддзелу рэстаўрацыі й рэканструкцыі прадпрыемства “Менскпраект” Дзьмітрыя Бубноўскага.

На пачатку году праект архітэктара Дзьмітрыя Бубноўскага быў абвешчаны пераможцам конкурсу забудовы гістарычнага цэнтру Менску. Многія спэцыялісты спрабавалі аспрэчыць такія вынікі, бо, на іхную думку, конкурс быў праведзены ў закрытым ад грамадзкасьці фармаце. Некаторыя архітэктары параўноўваюць праект Бубноўскага з “засваеньнем тэрыторыі” — калі гаворка вядзецца найперш не пра захаваньне гістарычнай спадчыны, а пра максымальна выгоднае выкарыстаньне больш як сотні гектараў Верхняга гораду.

Сам архітэктар Дзьмітрый Бубноўскі прагназуе, што ўжо ў першыя дні верасьня плян рэканструкцыі гістарычнага цэнтру будзе накіраваны на ўзгадненьне ў дзяржаўных структурах. Паміж іншага, спадар Бубноўскі не падзяляе меркаваньня калег, якія ў сваіх конкурсных праектах настойвалі на тым, каб вызваліць цэнтар ад транспарту, пусьціўшы яго праз тунэль.

(Бубноўскі: ) “Самая вялікая для дыскусіі тэма — як аслабаніць ад транспарту (асабліва — транзытнага) плошчу Свабоды. Практычна ўсе канкурсанты прапанавалі “прабіцца” пад ёю, зрабіць тунэль. Але — дзе, як? Дзе ён, прыкладам, выйдзе? Аптымальны варыянт — гэта, канечне, у раёне вуліцы Ульянаўскай. Але да яе яшчэ трэба дайсьці, прычым, — пад забудовамі, па досыць складаных маршрутах. На трасу ціснуць будынкі, падмуркі, і зрабіць гэта праблематычна, перадусім, з тэхнічнага пункту гледжаньня. Таму цяпер транспартная схема разглядаецца вельмі пільна”.

Іншыя адмыслоўцы дойлідзтва лічаць, што тэхнічна пусьціць транспарт пад зямлёй зусім не складана, бо існуе закансэрваваны тунэль яшчэ ад часоў будаўніцтва Менскага мэтро. Свае абгрунтаваньні група архітэктараў накіравала ў прэзыдэнцкую Адміністрацыю й шэраг дзяржаўных ведамстваў.

У сакавіку было абвешчана пра ўтварэньне камісіі, якая яшчэ да сярэдзіны красавіка мусіла вырашыць лёс перабудовы Верхняга гораду. Аднак пасьля чатырох месяцаў чаканьня падпісанты ўпэўніваюцца, што іхныя ідэі застаюцца незапатрабаванымі. Пра гэта кажа акадэмік Вальмен Аладаў.

(Аладаў: ) “На жаль, хутчэй за ўсё, так і будзе. Хоць Бубноўскі ў гэтых справах і вельмі слаба “сячэ”, але вось выбіўся, і эскізны праект, пэўна, будзе зроблены. Якім чынам будуць разглядаць? Калі так, як раней, то зноў будзе прафанацыя: падсунулі прэзыдэнту, той, падумаўшы, што мае справу зь вялікімі спэцыялістамі, даў дабро”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, — пераканаць улады не ўдалося?”

(Аладаў: ) “Не. Справа ў тым, што Бубноўскі неяк гаварыў пра гатовасьць даць свой праект нам на эскпэртызу. Але я адказаў: мы будзем ацэньваць яго па ўсіх парамэтрах, і аўтару, магчыма, будзе ня вельмі прыемна пачуць нашыя высновы. Пасьля гэтага зь ягонага боку больш ніякіх прапановаў не было”.

Іншы архітэктар, Уладзімер Папруга, яшчэ ўвесну азначаў, што працэс зайшоў занадта далёка: маўляў, кіраўнікі Менгарвыканкаму й Міністэрства культуры зрабілі ўсё дзеля таго, каб перамог праект камэрцыялізацыі Верхняга гораду. За гэта, як мяркуюць многія, Папруга ўрэшце заплаціў пасадай галоўнага дзяржаўнага інспэктара аховы гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму. Але й сёньня ён перакананы, што гарадзкія ўлады маюць на мэце найперш фінансавую эксплюатацыю Верхняга гораду.

(Папруга: ) “Чаму я так думаю й для сябе так вырашыў? Я, канечне, зраблю яшчэ тэлефанаваньні, удакладню пазыцыі, і, калі атрымаю інфармацыю хоць бы ўскосную, што нічога рабіцца не плянуецца ў вырашэньні сутнасьці гэтай праблемы, то давядзецца рабіць высновы аднабаковыя”.

Насуперак сваім апанэнтам, архітэктар Дзьмітрый Бубноўскі цьвердзіць, што разам з будаўніцтвам новых аб’ектаў у пэрспэктыве плянуецца аднаўленьне страчаных помнікаў — уключна з царквой Сьвятога Духу й комплексам будынкаў Малога гасьцінага двара на плошчы Свабоды.



На здымку: такіх паркінгаў, як насупраць Гандлёвага дому “На Нямізе”, у Верхнім горадзе заплянавана ажно пяць (фота аўтара).
XS
SM
MD
LG