Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Драздах будуюцца катэджы для беларускай намэнклятуры (фотарэпартаж)<b/>


Ігар Карней, Менск У Драздах, побач з жылой рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі, шпаркімі тэмпамі ўзводзяцца катэджы для беларускай намэнклятуры. Шэраг двух-трохпавярховых дамоў на так званай першай лініі забудовы ўжо выглядаюць цалкам жылымі, яшчэ некалькі дзясяткаў выведзеныя пад дах і цяпер у чаканьні зьнешняга ды ўнутранага аздабленьня. Наш карэспандэнт Ігар Карней напярэдадні наведаў так званую “зону 46”, якая ад пачатку прызначалася пад паркавы комплекс, і паблукаў побач з адзіным кампактным паселішчам для чыноўнікаў.

Улады Лiтоўскай Рэспублiкi нечаканым спосабам аддзячылi тым, хто паўтара дзясятка гадоў таму абараняў незалежнасьць краiны ад СССР. У цэнтры Вiльнi выдаткаваныя надзелы зямлi, дзе ўдзельнікі руху супраціву могуць пабудаваць сабе прыватныя дамы. Сярод iх ня толькi палiтыкi, але i грамадзкiя дзеячы, прадстаўнiкi культуры i мастацтва – усе, хто ахвяраваў жыцьцём дзеля сувэрэнітэту Літвы. Для ўсiх прадугледжаныя ільготныя мэханiзмы крэдытаваньня. Цiкава, што ў Беларусі гэтаксама будуюцца загарадныя дамы для асобных прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва. Аднак ці можна назваць кіраўніка краіны і ягонае атачэньне сапраўднымі барацьбітамі за незалежнасьць Беларусі? Чым прынцыпова розьняцца дзьве будоўлі? Ці могуць марыць беларускія адраджэнцы пра ўшанаваньне кшталту таго, пра якое абвясьцілі ў суседняй Літве?

Пытаньне, збольшага, рытарычнае. У гэтай сувязі досыць, бадай, аднаго красамоўнага прыкладу: былы кіраўнік краіны, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч мае пэнсію ў два ці тры даляры. І каб ня лекцыі, зь якімі спадара Шушкевіча запрашаюць вядучыя ўнівэрсытэты сьвету, пра існаваньне на такія грошы можна было б казаць толькі зь вялікай доляй зьдзеку. Гэтаксама цяжка сабе ўявіць, каб за заслугі перад Бацькаўшчынай цяперашняе кіраўніцтва Беларусі выдаткавала крэдыт на будаўніцтва прыватнага дома заснавальніку і нязьменнаму лідэру Беларускага Народнага Фронту Зянону Пазьняку – маўляў, будуйце, жывіце, Радзіма ўдзячная за вашую самаадданасьць. Бальшыня суразмоўцаў, з кім напярэдадні я хацеў збудаваць гіпатэтычныя паралелі зь літоўскім прыкладам ўшанаваньня прыхільнікаў ідэі незалежнасьці, адмахваліся альбо сьмехам, альбо ня вельмі прыемнымі выпадамі на адрас рэжыму.

У сувязі з гэтым можна канстатаваць, што ў Драздах побач з рэзыдэнцыяй Лукашэнкі шпарка ўзводзяцца катэджы для беларускай намэнклятуры. Гэта, бадай, найлепшы адказ на спробы паралеляў у разуменьні сродкаў дасягненьня сувэрэнітэту.

Уся будоўля вядзецца за высокім плотам, будаўнікі ўваходзяць на тэрыторыю толькі праз адну браму, таму пабочныя наведнікі туды патрапіць ня могуць. Да таго ж, па ўсім пэрымэтры стаяць міліцыянты, якія, відавочна, уваходзяць у склад аховы ўласна рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Што да густу?.. Тут трэба сыходзіць з асабістых крытэрыяў, але кідаецца ў вочы: усе дамы вельмі вялікія. Гэта ўжо ня той замкавы стыль катэджаў зь вежамі пачатку 90-х, якія пры адсутнасьці камунікацыяў так і засталіся даўгабудамі. У жыхароў пасёлку ў Драздах, падаецца, ня будзе праблемаў ні з газам, ні з электрычнасьцю – усе камунікацыі вядуцца разам з будаўніцтвам. Зрэшты, наведнікі сайту “Свабоды” могуць пабачыць некаторыя з катэджаў, якія мне ўдалося сфатаграфаваць. Пра тэндэнцыі ў малапавярховай забудове расказвае адзін з самых кампэтэнтных архітэктараў, акадэмік Вальмен Аладаў.

(Аладаў: ) “Усе тыя “замкі” праектавалі непрафэсіяналы. Шукалі маладых і галодных, якія зрабілі б усё як мага таньней. А цяпер пасёлкі праектуюцца з добраўпарадкаваньнем – там, дзе дзяржаўная замова, усё зусім інакш”.

(Карэспандэнт: ) “900 даляраў за мэтар – гэта нармальны кошт для катэджа?” (Аладаў: ) “Нават да тысячы – прынамсі, па такіх коштах прадаюць. Падчас дэфіцыту рынкавыя цэны заўсёды перавышаюць рэальны кошт. Калі б “адпусьцілі” раздачу надзелаў тым, хто хоча будаваць, дэфіцыт хутка зьнік бы. Таму што рвуцца многія будаваць на продаж. Але фокусы з так званымі тэндэрамі – гэта лухта поўная. Няма мэханізму, які б мог нармальна вырашаць сытуацыю. Дэфіцыт спараджае дарагоўлю, а пачынаюць рабіць крайнімі дылераў. Але тут усё аб’ектыўныя рэчы, гэта чыстая эканоміка”.

Згодна з Генэральным плянам, зацьверджаным указам Лукашэнкі ў 2003 годзе, так званая “зона 46” значылася як “ляндшафтна-рэкрэацыйная” зь сярэдняй і нізкай нагрузкай. Іншымі словамі – з забаронай на будаўніцтва жылых аб’ектаў. Аднак яшчэ да прыняцьця Генпляну ў ваколіцах “Драздоў” пачалося будаўніцтва катэджаў для вышэйшых беларускіх чыноўнікаў. Менавіта пад іх, як шмат хто лічыць, генэральны плян быў адкарэктаваны ўказам Лукашэнкі, і надзел плошчай амаль 80 гектараў вывелі па-за паркавую зону. Да мінулага году яшчэ заставаліся спадзяваньні, што, магчыма, прэзыдэнт забароніць будаўніцтва. Але ёсьць зьвесткі, што там будуецца і старэйшы сын Лукашэнкі, Віктар, адпаведна, наўрад ці будоўлю спыняць: ужо не выпадае. Зрэшты, пра гэта сьведчыць і маштаб працаў – рабочых на аб’ектах ня меней, чым вакол галоўнай будаўнічай пляцоўкі краіны – Нацыянальнай бібліятэкі. Усяго ж плянуецца асвоіць тры лініі – ад перайменаванага праспэкту Пераможцаў да самой рэзыдэнцыі Лукашэнкі.

Хто ж з вышэйшых чыноўнікаў ужо будуецца ці мае намер будавацца ў “Драздах”? Такія зьвесткі параўнальныя зь дзяржаўнай таямніцай і разгалошваць іх ніводзін чыноўнік ня будзе. Між тым Аляксандар Вайтовіч расказаў, што ў бытнасьць старшынём Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу ён таксама атрымаў прапанову на будаўніцтва ад тагачаснай кіраўніцы справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай. Спачатку Жураўкова прапаноўвала ўсім аднолькавыя ўмовы – маўляў, гэта выліецца дзесьці ў 70 тысячаў даляраў (толькі сьцены, выдаткі на ўнутраныя працы дадатковыя). Абмяркоўваўся мэханізм крэдытаваньня, але той самы спадар Вайтовіч прыйшоў да высновы, што з заробкам старшыні Савету рэспублікі такое будаўніцтва пацягнуць немагчыма. Таму, паводле акадэміка, у людзей, якія там будуюцца, ёсьць грошы, большыя, чым заробкі. Сярод гэтых асобаў -найвышэйшыя чыноўнікі: прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Шэйман, былы старшыня Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў і цяперашні старшыня Ўладзімер Канаплёў; старшыня Савету рэспублікі Генадзь Навіцкі, кіраўнік Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў, старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч. Напачатку адмовіўся ад будаўніцтва старшыня камітэту Дзяржкантролю Анатоль Тозік, аднак потым ці то сродкі зьявіліся, ці яго пераканалі, але цяпер Тозік таксама будуецца. Апроч таго, актыўна забудоўваюць свае надзелы намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў і, нягледзячы на адлучэньне ад улады – Урал Латыпаў. На адной з прэсавых канфэрэнцыяў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў таксама пацьвердзіў: пакуль у яго няма загараднага дома, але будавацца ён зьбіраецца. Навумаў таксама расказаў, што да яго як да кіраўніка хакейнай фэдэрацыі, зьвярнуліся два хакеісты з просьбай пабудавацца ў элітным пасёлку. Гэта сьведчыць пра тое, што, апроч чыноўнікаў, да Драздоў маюць інтарэс і спартоўцы. Як сьцьвярджае спадар Вайтовіч, у сьпісах быў і Аляксандар Лукашэнка.

Кошты катэджаў для чыноўнікаў, на думку спэцыялістаў, нават пры вялізных, на першы погляд сумах, істотна заніжаныя. Таму суседзямі кіраўнікоў краіны могуць стаць і звычайныя, але багатыя, людзі – тыя самыя спартоўцы. Вось што сказалі мне ў адміністрацыі будаўнічага трэсту “Прамбуд”.

(Супрацоўнік “Прамбуду”: ) “Кошт – 900 даляраў за мэтар. Але самы малы катэдж мае плошчу 350 мэтраў квадратных”.

Скарыстаўшыся няхітрай арытмэтыкай, можна падлічыць: кошт самага сьціплага “драздоўскага” катэджу ў “голым выглядзе” (без унутранага аздабленьня) стартуе ад 300 тысячаў даляраў. З улікам тэндэнцыі на пастаяннае даражэньне нерухомасьці, рынкавы кошт кожнага з такіх катэджаў празь некалькі гадоў можа скласьці блізу мільёну даляраў, і банкавыя крэдыты на іх будаўніцтва акупяцца шматразова.

Дарэчы, новыя забудовы ў Драздах ужо атрымалі адпаведныя назвы вуліцаў (усе ў расейскім варыянце): вуліца Золотая, Серебряное кольцо, завулкі Изумрудный і Агатовый. Як кажуць, назвы – у адпаведнасьці з публікай.








На здымках: у такія катэджы неўзабаве пераедуць “слугі народу”. (здымкі аўтара).
XS
SM
MD
LG