Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што кажуць палякі зь мястэчка Сапоцкін пра крызыс вакол Саюзу Палякаў Беларусі?


Валер Каліноўскі, Гарадзеншчына Сапоцкін. Новая перадача сэрыі "Палітычная геаграфія".

Мястэчка Сапоцкін (мясцовая назва Сапоцкіна) Гарадзенскага раёну славутае тым, што тут не засталося савецкіх назваў вуліц: мясцовы савет перайменаваў іх на пачатку незалежнасьці Беларусі, а цэнтральнай вуліцы, якая раней насіла імя Леніна, тут надалі імя папы Рымскага Яна Паўла Другога. Абсалютная большасьць жыхароў Сапоцкіна — этнічныя палякі, і яны з трывогай сочаць за развіцьцём беларуска-польскага канфлікту, за ціскам уладаў на Саюз палякаў Беларусі. Гэтую ды іншыя надзённыя тэмы на вуліцах Сапоцкіна зь мясцовымі жыхарамі абмяркоўваў наш карэспандэнт.

Амаль усе паўтары тысячы жыхароў Сапоцкіна (больш за 95 адсоткаў) — этнічныя палякі, непалякі — выключна наежджыя. На тутэйшых вуліцах пераважае польская гаворка з моцным беларускім акцэнтам — так званая “крэсовая пальшчызна”. Апошнім часам польскую мову дзеці вывучаюць ня толькі ў сям’і ды касьцёле, але й у мясцовай школе, якая фармальна застаецца беларускамоўнай.

Шмат жыхароў Сапоцкіна зьяўляюцца сябрамі Саюзу палякаў Беларусі. Некаторыя зь іх зазначаюць, што хацелі б мець польскі пашпарт ці падвойнае грамадзянства, як, напрыклад, 50-гадовы будаўнік спадар Генрык. Ён цьвердзіць, дарэчы, што відочнага ўціску палякаў з нацыянальнай прыкметы цяпер няма — ня тое, што раней, пры Саветах, калі ягоным суродзічам было цяжка паступіць у ВНУ ці знайсьці якую больш-менш адказную працу. Але ёсьць прэтэнзіі й да цяперашніх уладаў, — гаворыць спадар Генрык.



(Спадар Генрык: ) “Вось школа стаіць. Гэта былая школа, дзе я вучыўся. Тут тратуары былі, але ўсё прыйшло ў заняпад. Яе будавалі ў 1931–32 гадох палякі, нашыя бацькі. Цяпер тут нічога няма, пуста. Просяць мясцовыя палякі — аддайце нам яе пад Дом польскі. Гэта палітычна быў бы правільны крок. Яна ж усё роўна пустуе й можа разбурыцца. Аддалі б, здавалася… Але не!”

Ацэньваючы цяперашні канфлікт вакол Саюзу палякаў, спадар Генрык кажа, што беларускія ўлады, напэўна, хочуць, каб СПБ займаўся выключна культурна-асьветнай працай і зусім не цікавіўся палітыкай. Але ён з гэтым не пагаджаецца. Бо тады ня будзе каму бараніць інтарэсаў польскай меншасьці, раз у парлямэнце й абласным Савеце сваіх прадстаўнікоў палякі фактычна ня маюць, — перакананы спадар Генрык.

(Спадар Генрык: ) “Прэзыдэнт баіцца, што палякі могуць стварыць сваю партыю польскую. Таму што ўжо спрабавалі на двух выбарах. Палякаў з Таварыства не дапускаюць пад рознымі ўмовамі ў дэпутаты”.

На мінулых парлямэнцкіх выбарах у Сапоцкіне зьбіралі подпісы за былога старшыню СПБ Тадэвуша Гавіна, але яго нават не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты.

Спадар Генрык зазначае, што ў Сапоцкіне цяпер галоўная праблема — працаўладкаваньне: многія мясцовыя прадпрыемствы (пякарня, цагельня, крухмальны завод) зачыніліся, а на калгас спадзеўкі мала. Добра, што дадатковыя працоўныя месцы для мужчын тут зьявіліся з пачаткам рамонту Аўгустоўскага каналу й упарадкаваньня цэнтру мястэчка. Многія местачкоўцы езьдзяць працаваць у блізкую Горадню санітаркамі ці будаўнікамі.

А спадарыня Крыстына стала індывідуальным прадпрымальнікам: яна “стаіць на рынку” — гандлюе ў абласным цэнтры таварамі, прывезенымі з Польшчы. І хвалюецца, што цяперашняе пахаладаньне адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю можа-такі пагоршыць умовы перасячэньня мяжы для беларускіх грамадзян.

(Спадарыня Крыстына: ) “Будзе цяжка, вельмі цяжка. Бо жывём толькі з Польшчы, з таго, што возім адтуль тавары. Калі мяжу замкнуць, то я ня ведаю, што мы будзем рабіць. Толькі з гэтага жывём: едзем у Лодзь, Варшаву, купляем тавары, вязем празь мяжу — і на рынак. А калі замкнуць мяжу, то й ня ведаю, што будзе… А гэта ж можа быць. Чаму — не?”

У Сапоцкінскі касьцёл зьбіраюцца вернікі з букетамі кветак і зёлак — на сьвяточную імшу ў дзень Маткі Боскай зельнай. Касьцёл дагледжаны, рэстаўрацыя ягоных вежаў нядаўна зроблена за грошы фундатараў з Польшчы. За савецкай уладай касьцёл працаваў, але рамантаваць яго не дазвалялі.

Сапоцкінскі Высокі ксёндз, малады й энэргічны айцец Уладзіслаў, — тутэйшы ўраджэнец, беларускі грамадзянін, але гутарыць на актуальныя тэмы адмаўляецца. Кажа, што курыя не дазваляе.

(Айцец Уладзіслаў: ) “Біскуп наш загадаў усе размовы з журналістамі праводзіць праз курыю, празь біскупа. Канечне, кожны з нас мае ўласную думку, але яна застаецца пры сабе”.

Вернікі пра сваё жыцьцё гавораць ахвотна, але, як гутарка заходзіць пра канфлікт вакол Саюзу палякаў, таксама насьцярожваюцца.



(Спадарыня: ) “Мы ніякага ўціску не адчуваем абсалютна, і мы гэтага канфлікту нават не адчуваем. Не адчуваем гэтага канфлікту. Гэта ўсё можа дзе й адбываецца, але недзе вышэй, ня ў нас. Мы працуем мірна сабе. Слава Богу, атрымліваем заробак. А гэта — фундамэнт усяго”.

Сапоцкін да вайны быў шматлюдным мястэчкам – каля сямі тысяч жыхароў, палову зь якіх складалі палякі, а палову — габрэі. Пры Польшчы тут было больш за 50 гандлёвых кропак, два рэстараны, дзясятак прадпрыемстваў, — апавядаюць мясцовыя доўгажыхары. Габрэяў зьнішчылі нацысты, сынагогу спалілі. Частку палякаў па вайне савецкія ўлады выслалі ў Сібір і Казахстан. Яшчэ частка рэпатрыявалася ў Польшчу, і цяпер многія местачкоўцы маюць за мяжой сваякоў. Фармальна цяпер Сапоцкін знаходзіцца ў памежнай зоне, але асабліва пільнага кантролю, вядомага з савецкіх часоў, тут не назіраецца.

Як і ўсюды, пэнсіянэры ў Сапоцкіне ня надта наракаюць на ўлады. Найперш яны ўдзячныя, што своечасова пералічваюць пэнсію. Пэнсіянэрка Ірэна Крывіцкая, якая сьпяшала зь сяброўкай на сьвяточную імшу ў касьцёл, ахвотна пагадзілася падзяліцца сваімі поглядамі на жыцьцё й сытуацыю ў краіне.

(Крывіцкая: ) “Ну, а Лукашэнка — што ён там? Нас ён ня цісьне. Нам добра… Пэнсію даюць, жывём за пэнсію. Нам ці Лукашэнка, ці іншы, — мы як кароўку даілі, так і будзем даіць, як сачылі за куранятамі, так і будзем сачыць. Бо гэта вёска. Нам ніхто не дае. І Пан Бог зь неба не дае свайго нічога”.

Спадарыня Крывіцкая чула пра беларуска-польскі канфлікт вакол кіраўніцтва СПБ.

(Крывіцкая: ) “Чула. І, ведаеце, што? Гэта аж брыдка гаварыць, гэта, як дзьве бабы базарныя, — і беларусы, і тыя палякі. Трэба за розум адным узяцца, і другім. І ня трэба так паводзіць сябе, як дзеці. Жыцьцё ад Бога залежыць”.

Ірэна Крывіцкая кажа, што былі за ейным жыцьцём і больш складаныя часы, калі пры Сталіне палякаў высылалі ў Сібір, або пры Хрушчове хлеба ў краме не было. Дый цяпер ёсьць больш важны клопат — тое, што некаторыя ў Сапоцкіне часам гарэлку папіваюць, што не хапае працоўных месцаў.

Тым часам група маладых жыхароў Сапоцкіна, актывістаў Саюзу палякаў Беларусі, сабралася ў двары свайго сябра спадара Ежы, 40-гадовага інтэлігента, нефармальнага лідэра гэтае грамады. Тэма канфлікту вакол СПБ абмяркоўваецца імі вельмі актыўна. Анжаліку Борыс лічаць сапраўдным кіраўніком арганізацыі й падтрымліваюць за тое, што яна заняла цьвёрдую пазыцыю. У разгар канфлікту на нядаўнім паседжаньні ўправы Сапоцкінскай суполкі СПБ усе восем ейных сябраў падтрымалі Анжаліку Борыс і адмовіліся ад удзелу ў Ваўкавыскім зьезьдзе прыхільнікаў афіцыйна прызнанага кіраўніка СПБ Тадэвуша Кручкоўскага.

Інфармацыя, падаваная беларускім тэлебачаньнем, відавочна раздражняе актывістаў СПБ ў Сапоцкіне. Асабліва — акцыя БРСМ ля амбасады Польшчы ў Менску, на якой актывісты прапрэзыдэнцкай арганізацыі расьпілоўвалі сымбалічнае “бервяно дружбы” польскага й беларускага народаў, — гаворыць спадар Ежы.

(Спадар Ежы: ) “Чаму канфлікт, чаму пілуюць гэтыя дровы ў Менску, бервяно гэтае ля амбасады? Мы таксама можам пілаваць тут нямала. Навошта? Гэта лішняе, гэта нагнятаньне абстаноўкі. Сэнс у чым? Выбралі, але ня тую. Ня тую, якое хацелі ўлады. Незалежную, маладую”.

Спадар Ежы глыбінную прычыну канфлікту вакол польскай меншасьці ў Беларусі бачыць перадусім у палітычнай сфэры, у тым, што ў краіне парушаюцца дэмакратычныя нормы й правы чалавека й што цяпер улады перад прэзыдэнцкімі выбарамі знайшлі сабе новага ворага — польскую меншасьць і Польшчу.

(Спадар Ежы: ) “Прайшлі выбары, парлямэнцкія, скажам — і ніводнага незалежнага дэпутата. Нам таксама гэта не падабаецца. З польскай грамады ў нас таксама нікога няма ў парлямэнце. Нас жа 400 тысяч у Беларусі — і ніводнага дэпутата няма, незалежнага”.

Спадар Ежы ня верыць, што на паўторным зьезьдзе СПБ ў Ваўкавыску будзе абраны сапраўдны лідэр іхнае арганізацыі. Абяруць таго, каго прызначыць улада, — перакананы ён. Праблема ў тым, што прыціснуць, напалохаць пазбаўленьнем працы, вялізнымі штрафамі ўлада можа ўсіх, хто выказвае альтэрнатыўныя думкі, — разважае спадар Ежы. Таму й прагноз на будучыню цяперашняга кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс у яго несуцяшальны.

(Спадар Ежы: ) “Скончыцца тым, што іх падушаць усіх. Па адным задушаць кожнага. Яны атрымаюць польскае грамадзянства. Паедуць у Беласток ці ў Літву — і будуць працаваць там на гэтым новым тэлебачаньні ці радыё. А мы ўсе застанемся”.

Паведамленьні афіцыйных беларускіх СМІ пра тое, што беларускія палякі з дапамогай Польшчы, нібыта, рыхтуюць у Беларусі рэвалюцыю, сапоцкінскія палякі чулі. Але ў верагоднасьць такой рэвалюцыі яны ня вераць, лічаць “навуковай фантастыкай” у цяперашніх умовах. Не зыходзіць пагрозы рэвалюцыі й ад палякаў, — перакананы спадар Ежы. Хаця ў тым, што перамены Беларусі патрэбны, ён абсалютна ўпэўнены.

(Спадар Ежы: ) “Людзі, калі адчуюць у сэрцы, што ім гэта трэба, яны ўстануць заўсёды. Ім ня трэба рэвалюцыя — ні аранжавая, ні сіняя. Рэвалюцыя? Цяжка… Але палякі ўздымуцца, уздымуцца ўсе. І я пайду. Калі трэба, — пайду”.

Аднак даволі радыкальных настрояў спадара Ежы нават ягоны сябар Чэслаў не падзяляе.

(Спадар Чэслаў: ) “Уздымуцца толькі празь дзесяць гадоў… Куды ісьці? Ёсьць за каго ваяваць?”
XS
SM
MD
LG