Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Маці Бэслану": расейскія чыноўнікі мусяць адказаць за сьмерць дзяцей


Юры Дракахруст, Прага Прайшоў амаль год з дня захопу прыкладна 1000 закладнікаў у школе №1 ў горадзе Бэслан на поўдні Расеі. Крызіс з закладнікамі працягваўся тры дні, падчас штурму школы часткамі расейскага спэцназу загінула 311 чалавек, у пераважнай большасьці дзяці. Мацяркі загіблых, аб’яднаныя ў арганізацыю “Маці Бэслану”, патрабуюць прыцягнуць да адказнасьці за злачынства расейскіх чыноўнікаў, якія дапусьцілі крывапраліцьце.

Ва Ўладзікаўказе – сталіцы Паўночнай Асеціі – працягваецца суд над Нурпашы Кулаевым, адзіным з захопнікаў школы ў Бэслане, які быў узяты жывым, астатнія нападнікі былі забітыя ў падчас бою за школу. Учора на працэсе над Кулаевым пасьля завяршэньня чарговага пасяджэньня прынамсі 10 мацярок загіблых засталіся ў залі. Яны запатрабавалі, каб да іх прыехаў прадстаўнік генэральнай пракуратуры Расеі на Паўночным Каўказе Мікалай Шэпэль. Гэтыя жанчыны лічаць, што да адказнасьці павінны быць прыцягнутыя афіцыйныя асобы, так ці інакш датычныя да трагедыі. Гаворыць Марына Пак, у якой ў школе №1 год таму загінула дачка.

(Пак: ) "У нас прэтэнзіі да расьсьледаваньня. Мы патрабуем аб''ектыўнага расьсьледаваньня. Гэта азначае, што ніякая службовая асоба не павінна несьці адказнасьць за іншага. Не павінна быць такога, каб нешта хаваўся за сьпінамі іншых".

Марына Пак лічыць, што адказнасьць за Бэслан нясе і прэзыдэнт Расеі.

(Пак: ) "У дадзеным выпадку самым адказным на той момант быў ён, Пуцін. Разумееце?"

Пракурор Мікалай Шэпэль у будынак суду да жанчынаў не прыехаў. Ім быў перададзены зварот пракурора, у якім адзначалася, што іх дзеяньні незаконныя і могуць разглядацца як спроба ціску на суд. Жанчыны з арганізацыі "Маці Бэслану" чакалі пракурора 28 гадзінаў, а потым усе ж пакінулі будынак.

Кіраўнічка арганізацыі Сузана Дудзіева гаворыць, што акцыя пратэсту ня скончылася і будзе працягвацца ў іншай форме. У інтэрвію Радыё Свабода яна заявіла, што “Маці Бэслану” ўжо ня хочуць сустракацца з пракурорам Шэпэлем.

(Дудзіева: ) "Ён заявіў, што гатовы нас прыняць, але толькі ў будынку пракуратуры. Прыехаць да нас, жанчынаў, якія чакалі яго больш за суткі, ён не захацеў. Мы чакалі яшчэ пэўны час, але зараз мы заяўляем, што ўжо мы ня хочам зь ім сустракацца".

Іншая прэтэнзія да ўладаў ад арганізацыі “Маці Бэслану” – тое, як ідзе працэс над Нурпашы Кулаевым. Адвакат родных загіблых лічыць, што падзел справы на некалькі асобных справаў неабгрунтаваны і незаконны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG