Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенная міна, нелегалы… і амэрыканскі дыплямат


Казімер Яноўскі, Гомель Амэрыканскі амбасадар ў Беларусі Джордж Крол выказаў занепакоенасьць з нагоды ўчарашняга інцыдэнту ў Гомелі. Як мы паведамлялі, у Гомелі на прыватнай кватэры міліцыянты на паўгадзіны затрымалі супрацоўніка палітычнага аддзелу амбасады ЗША ў Беларусі Лайла Макмілана й перакладчыцу. Зроблена гэта было пад выглядам правядзеньня апэрацыі “Нелегал”.

Сябра сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Юрась Захаранка, на кватэры якога міліцыянты ўтрымлівалі амэрыканскага дыплямата Лайла Макмілана, пацьвердзіў, што ахоўнікі сапраўды спасылаліся на правядзеньне апэрацыі па барацьбе зь нелегальнымі мігрантамі.

(Захаранка: ) “Участковы заявіў, што ў іх ідзе апэрацыя “Нелегал”. Ці то яму, ці то ў аддзел, нібыта, патэлефанавалі суседзі: сабралася вельмі шмат замежнікаў”.

Наколькі вядома, мэтавыя апэрацыі “Нелегал” праводзяць сумесна тры ведамствы: службы дзяржаўнай бясьпекі, грамадзянства й міграцыі ды памежнікі. Аднак ні ўчора, ні сёньня такой апэрацыі ў рэгіёне ня ладзілі.

Гаворыць намесьніца начальніка Ўпраўленьня грамадзянства й міграцыі абласной міліцыі Вольга Паўлава.

(Паўлава: ) “Праводзім апэрацыі “Нелегал” тады, калі ў нас ёсьць мэтавыя пляны, калі нам загадваюць “зьверху”. Сёньня не праводзім, і ўчора не праводзілі”.

Паводле спадарыні Паўлавай, апошні раз апэрацыя “Нелегал” ладзілася ў мінулым ліпені.

Сустрэча амэрыканскага дыплямата з грамадзкімі актывістамі Гомелю мелася адбыцца ў доме палітыка Віктара Карнеенкі на вуліцы Палескай. Але яшчэ за дзьве гадзіны да прыезду Лайла Макмілана міліцыя й пажарныя перакрылі пад''езд да дому палітыка: спасылаліся, што ў суседнім доме знойдзена міна часоў вайны.

Былы намесьнік старшыні гарвыканкаму Эдуард Касых таксама ня мог праехаць на аўтамашыне па вуліцы Палескай.

(Касых: ) “За тралейбусам еду, пад''яжджаю да мосту. Тралейбус пайшоў, а мяне чамусьці спынілі. Стаіць сяржант. Я пытаюся ў яго: “Чаго мяне спынілі? Вунь поўны ж тралейбус пайшоў”. Сяржант мне адказвае: “Там замініравана”. Я ўзрушыўся, кажу яму: “Там жа дзеці! Што — маё жыцьцё даражэй, чымсьці паўсотні дзяцей у тралейбусе?” Сяржант у адказ: “Не твая справа. Замініравана — і не пускаю. А дзецям, калі трэба, няхай едуць”.

Сёньня прэсавая служба абласнога Ўпраўленьня міліцыі падавала зьвесткі, што ў двары дому на вуліцы Палескай, 54 знайшлі боезапасы. Прадстаўнік прэсавай службы Ігар Грышкевіч паведаміў.

(Грышкевіч: ) “Былі знойдзены: адзін 105-мілімэтровы артылерыйскі снарад, дзьве 82-мілімэтровыя міны, дзьве 50-мілімэтровыя мінамётныя міны”.

Я пабываў сёньня ў двары прыватнага дому №54 на вуліцы Палескай. Дом быў зачынены на замок. Побач з гаражом за столікам сядзеў мужчына — яўна на падпітку.

(Карэспандэнт: ) “Дзе тут міны знайшлі?”

(Мужчына: ) “Дзе вы былі заўтра?”

(Карэспандэнт: ) “Учора міны знайшлі…”

(Мужчына: ) “Ну… Дзе вы былі заўтра? Слава Богу!”

За пяць крокаў ад гаражу паміж кустамі смароды й ігрушаю — невялікая ямка, з паўмэтра глыбіні, ды ржавая рыдлёўка. Ніякай траншэі, якую, нібыта, капаў гаспадар, што знайшоў боезапас, навокал не заўважана.
XS
SM
MD
LG