Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы каардынатар “Зубру” і грузінскія актывісты (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск 24 жніўня ў Менску на плошчы Перамогі міліцыянты затрымалі каардынатара руху “Зубр” Уладзімера Кобеца і актывістаў грузінскай моладзевай арганізацыі “Кхмара” Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ. У пяць гадзінаў вечара яны ўсё яшчэ знаходзіліся ў пастарунку – іх паасобку трымалі ў аддзеле крымінальнага вышуку міліцыі Маскоўскага раёну. Празь некалькі гадзінаў Уладзімера Кобеца адпусьцілі, а месца ўтрыманьня грамадзянаў Грузіі і пляны ўладаў датычна актывістаў застаюцца невядомымі.

Каардынатара руху “Зубр” Уладзімера Кобеца й ягоных сяброў з моладзевай арганізацыі Грузіі “Кхмара” затрымалі на плошчы Перамогі. Людзі, якія праводзілі затрыманьне, назваліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Маскоўскага раёну Менску. Адзін зь іх назваў і сваё прозьвішча — Калацей. Затрыманых прывезьлі ў аддзел крымінальнага вышуку Маскоўскага раёну на вуліцы Грушаўскай, дзе зь імі паасобку размаўлялі супрацоўнікі міліцыі. У гэты час на некалькі хвілінаў мне ўдалося злучыцца з Уладзімерам Кобецам па мабільным тэлефоне:

(Кобец: ) “Цяпер я знаходжуся на вуліцы Грушаўскай, 9 у Маскоўскім райаддзеле міліцыі. Мяне прывялі для зьняцьця адбіткаў пальцаў і відэаздымкі. Тут таксама і грузіны — толькі вось іх бачыў. Займаецца гэтым ўсім крымінальны вышук. Больш нічога мне невядома. Ніякіх зьвінавачаньняў да мяне ня вылучылі. Цікавяцца толькі тым, хто я, дзе працую, што рабіў там і там, чым займаюся. Прабачце. Больш размаўляць не магу”.

Прэсавая служба менскай міліцыі дагэтуль не паведаміла, за што затрымалі Ўладзімера Кобеца й ягоных грузінскіх сяброў. Да вечара маўчаў тэлефон крымінальнага вышуку Маскоўскага райаддзелу міліцыі.

Што рабілі ў Беларусі актывісты грузінскай моладзевай арганізацыі “Кхмара” Георгі Кандэлакі й Лука Цуладзэ? Яўген Афнагель зь беларускага “Зубру” паведаміў, што яны прыехалі цалкам легальна й сустракаліся з актывістамі “Зубру” адкрыта. Паводле Афнагеля, паміж дзьвюма арганізацыямі даўно ўсталяваліся шчыльныя кантакты.

(Афнагель: ) “Сапраўды, у нас ёсьць кантакты і з грузінскай “Кхмарай”, і з украінскай “Порай”, зь югаслаўскім ”Отпорам”, якія спрычыніліся да зьмены рэжымаў у гэтых краінах. Я лічу, што ў гэтых кантактах няма нічога крымінальнага”.

Бліжэй да вечара зьявіліся паведамленьні, што Ўладзімера Кобеца вызвалілі зь міліцыі Маскоўскага раёну. А вось ягоныя грузінскія сябры дагэтуль там знаходзяцца. Паводле зьвестак, іх могуць дэпартаваць зь Беларусі — нібыта, за парушэньне правілаў рэгістрацыі замежнікаў.

Затрыманьні актывістаў “Зубру” ў Беларусі адбываюцца часта. З дадзеных самой арганізацыі, толькі сёлета “зубраўцаў” затрымлівалі за распаўсюд улётак, незарэгістраваных газэт ці ўдзел у акцыях пратэсту каля сотні разоў.

***

Тым часам аддзел інфармацыі Менскай управы міліцыі пацьвердзіў затрыманьне двух грамадзянаў Грузіі. Агенцтва "Інтэрфакс" са спасылкай на МУС паведамляе, што грузінскія грамадзяне былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі “ў ходзе апэратыўнай адпрацоўкі гатэлю “Зьвязда”, дзе яны жылі”. Кіраўнік аддзелу інфармацыі сталічнай міліцыі Алег Сьлепчанка заявіў агенцтву, што падазрэньні міліцыянэраў выклікалі дакумэнты грамадзянаў Грузіі, “у іх былі ці то выпраўленьні, ці то пацёртасьці”.

Новыя паведамленьні: • Дзе ўтрымліваюцца затрыманыя грамадзяне Грузіі? • МУС не паведамляе месца знаходжаньня затрыманых грамадзян Грузіі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG