Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міхаіл Хадаркоўскі абвясьціў галадоўку за кратамі


Юры Дракахруст, Прага Расейскі прадпрымальнік, былы кіраўнік нафтавага канцэрну "ЮКОС" Міхаіл Хадаркоўскі абвясьціў у турме сухую галадоўку. Пра гэта паведаміў ягоны адвакат Антон Дрэль. Хадаркоўскі галадуе на знак пратэсту і салідарнасьці са сваім калегам, таксама адным з былых кіраўнікоў "ЮКОСу", які днямі быў пасаджаны ў карцэр на тыдзень.

У траўні сёлета Хадаркоўскі і Лебедзеў былі асуджаныя на 9 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў махлярстве і ўхіленьні ад падаткаў. Шэраг праваабарончых арганізацыяў лічаць гэтыя абвінавачваньні палітычна матываванымі.

Стаўленьне простых расейцаў да былога кіраўніка "ЮКОСу" складанае – шмат хто бачыць у ім сымбаль карупцыі і “дзікага капіталізму” 1990-х гадоў. Паводле апытаньняў Фонду «Общественное мнение» 8% расейцаў ставяцца да яго станоўча, 30% адмоўна.

Суд над Хадаркоўскім, ягоныя паводзіны ў зьняволеньні зрабілі зь яго палітычную фігуру. З-за кратаў былы бізнэсмэн неаднаразова выступаў з праграмнымі артыкуламі, якія рабіліся прадметам зьмястоўных дыскусіяў у расейскім грамадзтве. Пасьля публікацыі апошняга артыкула Хадаркоўскага “Левы паварот”, дзе ён прадказвае перамогу ў Расеі левых сілаў – кампартыі і “Родины”, былы алігарх быў пераведзены ў камэру, дзе сядзяць 11 чалавек.

Група палітыкаў нядаўна пачала кампанію па вылучэньні Хадаркоўскага кандыдатам ў дэпутаты Дзярждумы на датэрміновых выбарах па адной з маскоўскіх акругах.
XS
SM
MD
LG