Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Курьер из Борисова” застаўся без выдаўца й заснавальніка (абноўлены)


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня Менскі абласны гаспадарчы суд пастанавіў зьліквідаваць барысаўскае недзяржаўнае прадпрыемства “Прэс-сэрвіс”, якое зьяўляецца заснавальнікам і выдаўцом газэты “Курьер из Борисова”.

Разглядала справу “Прэс-сэрвісу” судзьдзя Тамара Бенчук. Паводле яе, з пазовам у суд пра ліквідацыю барысаўскага прадпрыемства зьвярнуўся Менскі аблвыканкам. Падставай стала тое, што “Прэс-сэрвіс”, зарэгістраваны аблвыканкамам у 2002 годзе, дзейнічаў, нібыта, з парушэньнем заканадаўства. Судзьдзя Бенчук вырашыла, што аблвыканкам мае рацыю.

(Бенчук: ) “Гаспадарчы суд вырашыў, па-першае, прызнаць несапраўднай рэгістрацыю таварыства з дадатковай адказнасьцю “Прэс-сэрвіс” з моманту прыняцьця рашэньня пра рэгістрацыю — у сувязі з дапушчанымі пры яго стварэньні парушэньнямі заканадаўства. Другое: зьліквідаваць таварыства з дадатковай адказнасьцю “Прэс-сэрвіс”.

Судзьдзя Бенчук паведаміла таксама, што зацьверджаны склад ліквідацыйнай камісіі, старшынёю якое прызначана начальнік ідэалягічнага ўпраўленьня Менскага аблвыканкаму Тацяна Дзедух. Камісіі даручана зьліквідаваць “Прэс-сэрвіс” да 1 студзеня 2006 году. Прадстаўнік юрыдычнага ўпраўленьня аблвыканкаму Андрэй Лагачоў заявіў, што задаволены рашэньнем суду. У сваю чаргу, заснавальнікі “Прэс-сэрвісу” лічаць рашэньне Гаспадарчага суду неабгрунтаваным. Гаворыць адзін з заснавальнікаў — Анатоль Удавічэнка.

(Удавічэнка: ) “Пацярпелым бокам аказаліся мы. Я й меркаваў, што рашэньне будзе такім. Тут шмат пытаньняў наконт юрыдычнай асобы й рэдакцыі “Курьер из Борисова”. Выканкам зарэгістраваў, Міністэрства інфармацыі зарэгістравала газэту. Цяпер зьяўляецца пазоў пра прызнаньне рэгістрацыі несапраўднай. Па-мойму, далей усё зразумела”.

Паводле спадара Ўдавічэнкі, гэтае рашэньне суду будзе бліжэйшымі днямі абскарджана. Але, калі скарга ня будзе задаволена, то выданьне газэты “Курьер из Борисова” — мяркуе Анатоль Удавічэнка — давядзецца спыніць.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які прысутнічаў на судзе, лічыць рашэньне замовай на зьнішчэньне “Курьер из Борисова”.

(Бастунец: ) “Для мяне вельмі красамоўны той факт, што прызначаны кіраўніком ліквідацыйнай камісіі кіраўнік ідэалягічнага ўпраўленьня аблвыканкаму. Адсюль усё зразумела. Ліквідацыя — гэта эканамічная справа. Але калі ёю будзе займацца ідэоляг, то гэта адразу паказвае, што справа мела ідэалягічны падтэкст. Зноў-такі: падставай для рэгістрацыі зьяўляецца Закон аб друку, які сапраўды даўно пара ўжо мяняць. Бо ўжо ў 1999 годзе быў прыняты Грамадзянскі кодэкс, і ў Законе аб друку шмат супярэчнасьцяў з гэтым Кодэксам. Я ўжо ня першы раз бачу, што на падставе гэтага недасканалага Закону аб друку — вырваных зь яго артыкулаў — прымаюцца рашэньні на карысьць дзяржаўных органаў”.
XS
SM
MD
LG