Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў з СПБ пакаралі штрафамі яшчэ раз... за вытаптаны газон


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня адміністрацыйная камісія Ленінскага раёну Горадні пакарала штрафамі рэдактара часопіса “Magazyn Polski” Андрэя Пачобута і рэдактара газэты “Glos znad Niemna” Анджэя Пісальніка. Кожны зь іх павінен будзе сплаціць дзьве базавыя адзінкі за тое, што нібыта вытаптаў газон падчас несанкцыянаванага пікету.

Пікет у абарону газэты Саюзу палякаў “Glos znad Niemna” адбыўся на плошчы Леніна 6 ліпеня. Усіх пецярых удзельнікаў акцыі суд пакараў вялікімі штрафамі, а на А. Пачобута і А. Пісальніка склалі па дадатковым пратаколе “аб пашкоджаньні газону”, разгляд якіх аказаўся ў кампэтэнцыі адміністрацыйнай камісіі.

Андрэй Пачобут і Анджэй Пісальнік расцэньваюць сёньняшняе рашэньне адміністрацыйнай камісіі — як працяг кампаніі супраць актывістаў Саюзу палякаў. У міліцэйскіх пратаколах было запісана, што яны “хадзілі па газоне і вытоптвалі траву, чым парушылі правілы добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня гораду ў чысьціні”.

Такім чынам, за пікет у абарону “Glosu znad Niemna” спадара Пачобута пакаралі тройчы: спачатку штрафам на 200 базавых адзінак, затым — забаронай выяжджаць за межы Беларусі, цяпер – штрафам за газон.

(Пачобут:) “Разам з адвакатам мы напісалі скаргу на абмежаваньне на выезд, якое на мяне накладзена. Гэтую скаргу будзе разглядаць абласны суд. Я спадзяюся, што будзе ўлічана тое, што, па-першае, я заплаціў большую частку, а таксама тое, што я не хаваўся і дэкляраваў тое, што і надалей буду сплачваць гэты штраф, але ў сувязі з тым, што сума дастаткова вялікая, я буду плаціць яе часткамі”.

Пашпарт Андрэя Пачобута быў здадзены ў аддзел візаў і рэгістрацый, яму дагэтуль яго ня выдалі.

Анджэй Пісальнік зазначае, што напярэдадні паўторнага зьезду Саюзу палякаў, які адбудзецца у Ваўкавыску ў суботу, улады імкнуліся трымаць у напружаньні актывістаў СПБ, прыхільнікаў Анжалікі Борыс. Ён лічыць, што зьезд не паставіць кропку ў канфлікце вакол Саюзу палякаў.

(Пісальнік: ) “Улады, калі будуць хацець эскаляцыі гэтага канфлікту, то пасьля зьезду будуць нас перасьледваць. Калі ўлады зацікаўленыя, каб гэты канфлікт, які ня зьнікне, каб ён разьвіваўся ў больш лагодным рэчышчы, ну тады, можа, дадуць нам спакой”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG