Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Цапф: “Нямеччына ня мае жаданьня русыфікаваць Беларусь”


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўніца рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, дэпутатка нямецкага бундэстагу Ўта Цапф выказала Свабодзе сваё меркаваньне адносна плянаў радыёстанцыі “Нямецкая хваля” пачаць расейскамоўную праграму для Беларусі. Спадарыня Цапф заявіла, што ў Нямеччыны няма жаданьня працягваць русыфікацыю Беларусі.

Ута Цапф неаднаразова была ў Менску ў складзе рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Спадарыня Цапф ачольвае таксама нямецка-беларускую дэпутацкую групу Бундэстагу. Як яна ставіцца да плянаў “Нямецкай хвалі” пачаць расейскамоўнае вяшчаньне на Беларусь?

(Цапф: ) “Я бачу тут праблему. Зь іншага боку, я разумею таксама “Нямецкую хвалю”, якая цьвердзіць, што хоча пашырыць сваю дзейнасьць на русыфікаваных тэрыторыях. Гэта закране частку Ўкраіны й далей. Гэта будзе спробай з дапамогай мовы, якую там адносна вялікая колькасьць жыхароў вывучала й на якой гаворыць, ахапіць значна большую аўдыторыю, чым я акрэсьліла. Я таксама разумею, калі з пэўных прычынаў людзі заяўляюць, што “беларуская мова — гэта наша мова, якую мы ўсе любім, гэта наша нацыянальная мова, і мы хочам, каб вяшчаньне было на ёй”. Гэта адзін бок праблемы. Але другі бок, які выклікае нэгатыўныя камэнтары, заключаецца ў тым, што “Нямецкая хваля” верыць: з дапамогай расейскай мовы можна ахапіць большую аўдыторыю”.

Паводле спадарыні Цапф, прадстаўнікі “Нямецкай хвалі” абмяркоўваюць гэтую праблему й разглядаюць нават магчымасьць рабіць перадачы на абедзьвюх мовах, таму што радыёстанцыя ўсё ж плянуе распавядаць у гэтай праграме ня толькі пра Беларусь, але й пра агульнаэўрапейскую праблематыку, якая будзе цікавай, напрыклад, таксама для Ўкраіны ці Малдовы.

Беларускія грамадзяне, якія пратэстуюць супраць расейскамоўнага вяшчаньня “Нямецкай хвалі” на Беларусь, выказваюць меркаваньне пра наяўнасьць нейкай таемнай дамовы паміж кіраўнікамі Нямеччыны й Расеі пра русыфікацыю Беларусі. Як ставіцца да такіх выказваньняў прадстаўніца сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Ўта Цапф?

(Цапф: ) “Гэта нейкая бязглузьдзіца. Мы прызналі Беларусь як незалежную, нацыянальную краіну хутчэй, чым быў дэкляраваны ейны сувэрэнітэт. Мы ўсталявалі дыпляматычныя стасункі з гэтай краінай і пачалі будаўніцтва эканамічнага супрацоўніцтва. Калі нехта цьвердзіць, што ёсьць нейкая таемная дамова паміж Пуціным і Нямеччынай пра тое, каб вярнуцца назад і падоўжыць русыфікацыю, то я магу сказаць, што ў Нямеччыне да такіх рэчаў няма ніякага інтарэсу. Гэта проста чуткі й маніпуляцыя інфармацыяй”.

Спадарыня Цапф спаслалася таксама на сытуацыю ў Нямеччыне, калі ўсе палітыкі занятыя парлямэнцкімі выбарамі й, натуральна, кіраўніцтва краіны ня ўсё можа ахапіць у гэты час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG