Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагадненьне паміж апазыцыйнымі партыямі не падпісанае


Альгерд Невяроўскі, Менск Палітычнае пагадненьне паміж прадстаўнікамі беларускай апазыцыі павінна быць падпісана да 10 верасьня. Удзельнікі Сталай кансультацыйнай нарады дэмакратычных партыяў, насуперак чаканьням, сёньня ня здолелі падпісаць пагадненьня пра стварэньне Палітычнай рады, якая павінна кіраваць працэсам падрыхтоўкі й правядзеньня выбарчай кампаніі адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Намер падпісаць гэтае пагадненьне 24 жніўня быў прадэкляраваны тыдзень таму.

Праект пагадненьня пра стварэньне Палітычнай рады быў папярэдне ўхвалены ўдзельнікамі Кансультацыйнай нарады тыдзень таму. Але падпісаньня гэтага дакумэнту, як плянавалася, сёньня не адбылося. Вось як гэта тлумачыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Падчас сёньняшняй дыскусіі (а будзе больш дакладна сказаць — пры другім чытаньні дакумэнту), які называецца “Палітычнае пагадненьне аб’яднаных дэмакратычных сілаў”, мы выйшлі на больш шырокі фармат дакумэнту. Прапісваецца ня толькі функцыянаваньне адной структуры — Палітычнай рады, але й Нацыянальнага камітэту (ценявага ўраду); функцыі й паўнамоцтвы адзінага кандыдата; узаемадзеяньні паміж гэтымі структурамі й асобамі. Таму гэта патрабуе дадатковага часу на ўсе патрэбныя ўзгадненьні”.

Палітычнае пагадненьне прадстаўнікі дэмакратычных сілаў плянуюць падпісаць да 10 верасьня. Да гэтага ж часу мусяць адбыцца ўсе раённыя сходы па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. На сёньняшні дзень па ўсёй Беларусі прайшлі 102 сходы, на якіх абрана больш за 200 дэлегатаў.

Анатоль Лябедзька не выключае, што да 10 верасьня канфігурацыя сярод дэмакратычных сілаў можа зьмяніцца. Перш за ўсё, за кошт вядомых у Беларусі палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, а таксама арганізацыяў, якія добра сябе зарэкамэндавалі падчас правядзеньня раённых сходаў.

Прадстаўнікі сталай нарады у бліжэйшы час зьбіраюцца весьці перамовы аб далучэньні да кааліцыі з кіраўніком Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком, старшынём апякунчай рады фонду “За новую Беларусь” Васілём Лявонавым, дырэктарам закрытага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімерам Коласам ды іншымі асобамі. Анатоль Лябедзька таксама сказаў, што Кангрэс дэмакратычных сілаў пройдзе напрыканцы верасьня. І, хутчэй за ўсё, за межамі Беларусі.
XS
SM
MD
LG