Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэты мяняюць назвы, выдаляюць забароненае слова "беларускі"


Валер Каліноўскі, Менск Завяршаецца перарэгістрацыя недзяржаўных выданьняў, якія маюць у назве словы “беларускі” й “нацыянальны”. У канцы траўня з адмысловага Ўказу А. Лукашэнкі такія выданьні было загадана перайменаваць і перарэгістраваць. Аднак насёньня яшчэ ня ўсе памянёныя мэдыі атрымалі новыя пасьведчаньні аб рэгістрацыі.

На апошняй рэдакцыйнай плянёрцы ў тыднёвіку “Беларускі рынак” была абвешчана новая назва выданьня пасьля перарэгістрацыі — “Беларусы і рынак”. Асаблівага здаваленьня з гэтай нагоды ў галоўнага рэдактара тыднёвіка Вячаслава Хадасоўскага няма.

(Хадасоўскі: ) “Ува ўсялякім разе гэта — пагаршэньне брэнду. Таму што газэта існавала 15 гадоў пад адной і той жа назвай. Цяпер назва хаця й блізкая, але іншая. Таму тут дастаткова істотнае пагаршэньне. Што да складанасьцяў, то тры месяцы было ўсялякіх візытаў, валакіты, марнаваліся грошы й нэрвы. Радасьці ад гэтага мала”.

Вячаслаў Хадасоўскі кажа, што рэдакцыя зробіць усё магчымае, каб утрымаць ранейшую колькасьць падпісчыкаў: захаваецца напісаньне брэнду, дызайн выданьня, падпісны індэкс.

Намесьнік галоўнага рэдактара былой “Нацыянальнай эканамічнай газэты”, а цяпер проста “Эканамічнай газэты” Яўген Паўлюць мяркуе, што, у зьвязку са зьменай назвы, спатрэбіцца ўкладаньне дадатковых намаганьняў і рэклямных выдаткаў пад час падпісной кампаніі.

(Паўлюць: ) “Калі ўлічваць, што мы не такая ўжо магутная фінансавая арганізацыя, і выдаткі на рэкляму былі ня надта вялікімі, то й прыбаўка ня будзе вялікай. Але для нас гэта адчувальна”.

“Белорусская газета” і “Белорусская деловая газета” перарэгістрацыі пакуль не прайшлі. Калі галоўны рэдактар першай Ігар Высоцкі зазначае, што ў яго ўжо ўсё ўзгоднена зь Мінінфармацыі, і днямі будзе атрымана новае пасьведчаньне, то кіраўнік “БДГ” Пётар Марцаў не выключае, што ягонае выданьне можа й не прайсьці перарэгістрацыі.

(Марцаў: ) “Насамрэч гэта насьцярожвае… Мой пункт гледжаньня, які я агучыў, як толькі гэты Ўказ выйшаў, такі: ня дзеля таго выдавалі той Указ, каб перарэгістраваць газэты. Яго выдавалі, каб не перарэгістраваць некаторыя зь іх”.

“БДГ” падала дакумэнты на перарэгістрацыю пад назвай “БДГ. Деловая газета”.

У Міністэрстве інфармацыі РС паведамілі, што перарэгістрацыя СМІ, якія трапляюць пад Указ Лукашэнкі датычна словаў “беларускі” й “нацыянальны” ў назвах, скончыцца 5 верасьня.
XS
SM
MD
LG