Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гаворкі пра маладых настаўнікаў


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск (эфір 21 жніўня) Новая перадача сэрыі "Маладыя галасы".

(Вольга Канапелька: ) “Тэма нашага выпуску — настаўніцтва. Пагаворым пра тое, чаму адны выпускнікі пэдвучэльняў і ўнівэрсытэтаў ідуць працаваць паводле спэцыяльнасьці, а ў іншых — да выкладаньня моцная алергія”.

ГАВОРКІ ПРА АПАНТАНЫХ

(Маёрчык: ) “Вольга Канапелька якраз настаўніца. Паводле сваёй спэцыяльнасьці, праўда, не працуе. Аднак ува ўсіх школьна-вучэльных справах мая каляжанка разумее болей за мяне”.

(Канапелька: ) “Дзякуй, Маёрчык, што прызнаеш відавочнае. Ня ведаю толькі, з чаго пачаць мой аповед. Здаецца, усё гэта было ў другім жыцьці”.

(Маёрчык: ) “...пачні з адказу на пытаньне: чаму ты пайшла вучыцца ў пэдагагічны каледж?”

(Канапелька: ) “Ня буду цябе падманваць, Ягор, быццам зь дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Наадварот, я ўсіх упэўнівала, што буду кім заўгодна (гатова была нават прыбіральшчыцай працаваць), — толькі не настаўніцай”.

(Маёрчык: ) “Я ўявіў! Канапелька працуе сьмяцьцяркай!”

(Канапелька: ) “Складана… Але я была настроена нават на такое, абы толькі ня быць настаўніцай. Ды лёс склаўся так...”

(Маёрчык: ) “...але лёс склаўся так, што хрусь — і папалам!”

(Канапелька: ) “Ня ведаю, хрусь ці ня хрусь, але я праваліла экзамэны ў Эканамічны ўнівэрсытэт. І нічога не заставалася, як паспрабаваць паступіць у любую іншую ўстанову, дзе яшчэ прымалі дакумэнты. Інакш мае бацькі ня вытрымалі б гультая, які бадзяецца цэлы год бяз працы. І мне сапраўды давялося б рабіць карьеру прыбіральшчыцы альбо падмятальшчыцы. А так я стала дыплямаванай настаўніцай”.

(Маёрчык: ) “Прызнаньне Вольгі Канапелькі пацьвярджаюць народнае выслоўе: як няма другой дарогі, — усе ідуць у пэдагогі. Да ўдзелу ў праграме “Маладыя галасы” мы запрасілі Сьвятлану. Яна ў сваёй прафэсіі яшчэ не расчаравалася. Вучыць дзяцей і атрымлівае ад гэтага задаваленьне”.

(Сьвятлана: ) “Гэта была мая мара зь дзяцінства. З гадамі адчувалася, што так яно й будзе”.

(Маёрчык: ) “Настаўнікі, зь якімі мне даводзілася гутарыць, кажуць, што ў вызначэньні прыналежнасьці да прафэсіі вельмі вялікую ролю адыгрывае першая практыка. Які ў вас быў першы досьвед?”

(Сьвятлана: ) “Была нармалльная аўдыторыя. Вочы ў дзяцей гарэлі. Я адчувала, што яны рады мяне бачыць, што яны рады бачыць маладога настаўніка. Я не адчувала ніякай сьцяны паміж намі. Яны былі настроены на кантакт”.

(Маёрчык: ) “А вы сутыкаліся з тым, што дзеці ўспрымаюць маладога настаўніка не зусім сур''ёзна?”

(Сьвятлана: ) “Сутыкалася. Але ў такіх сытуацыях я старалася зрабіць так, каб яны зьвярталі ўвагу не на маё апрананьне й настрой. Усю ўвагу я пераключала на веды, на іхны інтэлектуальны ровень — каб яны цягнуліся да ведаў. Прайшло шмат часу, але мне ўдалося гэта зрабіць, у старэйшых клясах”.

(Маёрчык: ) “А што самае цяжкое ў працы настаўніцы?”

(Сьвятлана: ) “Трэба мець цярплівасьць. Трэба заставацца чалавекам. Бываюць розныя сытуацыі, калі я магу паводзіць сябе як настаўнік, а магу — як чалавек. Найбольш эфэктыўна атрымліваецца, калі гэта камбінаваць. А калі перастаеш ставіцца па-чалавечы, не знаходзіш кантакту зь дзецьмі, дык гэта адмоўна ўплывае на іх. Вось тады й пачынаюцца канфлікты й праблемы”.

(Маёрчык: ) “У псыхіятрыі ёсьць такі тэрмін — прафэсійная дэфармацыя. Гэта значыць, што рысы паводзінаў на працоўным месцы пераносяцца на паўсядзённае жыцьцё. Ці назіраецца такое ў вас?”

(Сьвятлана: ) “Як бы гэта мяне ні палохала, але такое прысутнічае. Часам бывае камандны тон. На нейкіх сьвятах вымаўляю віншаваньні й тосты, а людзі запытваюцца, ці не настаўніца я. Вялікіх зьменаў я сама не адчуваю. Але з боку часам робяць заўвагі”.

(Канапелька: ) “Ты, Маёрчык, кпіш зь мяне, а добры настаўнік ня з кожнага атрымаецца. Трэба валодаць пэўнымі чалавечымі якасьцямі. Зь цябе пэдагог — дакладна — не атрымаўся б. Можа, з горам на палову, пэдвучэльню ты й скончыў бы, але мне цяжка ўявіць, як ты нясеш дзецям добрае, сьветлае й вечнае”.

(Маёрчык: ) “Ты хочаш сказаць, што пэдагогі выходзяць толькі з тых, то зь дзяцінства слухае маму з татам і вучыцца на “выдатна”?”

(Канапелька: ) “Менавіта!”

***

ГАВОРКІ ПРА НЕСАПРАЎДНЫХ НАСТАЎНІКАЎ

(Канапелька: ) “Мы разважаем, чаму людзі набываюць прафэсію настаўніка”.

(Маёрчык: ) “Дакладней будзе сказаць: чаму яны ідуць да гэтае прафэсіі, але так почасту й не даходзяць. Іншымі словамі: чаму маладыя людзі атрымліваюць адукацыю, а працуюць дзе заўгодна, але толькі ня ў школах і вучэльнях. Канапелька, ты адукоўвалася на выкладчыцу ангельскай мовы. А ў выніку...”

(Канапелька: ) ”...а ў выніку — не са школьнікамі ваджуся, а зь Ягорам Маёрчыкам — такім жа непаслухмяным, як і малыя дзеці!”

(Маёрчык: ) “Ты мне зубы не загаворвай! Адказвай шчыра: чаму ты не пайшла ў настаўніцы?”

(Канапелька: ) “Як гэта не пайшла? Я ж два гады адпрацавала настаўніцай! І самае цікавае, што мне нават спадабалася гэтая прафэсія!”

(Маёрчык: ) “Самае цікавае: калі яна табе спадабалася, чаму кінула гэткую забаву?”

(Канапелька: ) “Ёсьць свае мінусы. Я бачыла настаўніц са стажам, энтузіязм якіх даўно некуды выпарыўся. Яны часта паўтаралі: “Працуем так, як плоцяць”. А сам разумееш — з заробку настаўніцы не пражывеш. Дый крыўдна было, што амаль увесь свой вольны час ты працуеш: альбо сшыткі правяраеш, альбо рыхтуесься да заняткаў, альбо шукаеш, прыдумляеш, малюеш нешта новае, каб зрабіць сваю працу і карыснай, і цікавай для вучняў, а на пэднарадах толькі чуеш, што, маўляў, маладых спэцыялістаў зусім нешта ня бачна! А калі ж нас можа было ўбачыць, калі мы ўвесь час за кніжкамі ды падручнікамі праводзілі?! Ледзь пра асабістае жыцьцё не забыліся!”

(Маёрчык: ) “Які жах! Яны забыліся пра асабістае жыцьцё дзеля працы! Няўжо такое можа быць?! Не паверу!”

(Канапелька: ) “Можа быць такое! Калі зьяўляўся энтузіязм, — і пра жыцьцё асабістае забываліся”.

(Маёрчык: ) “А пасьля зьнік энтузіязм — і зьявілася асабістае жыцьцё?”

(Канапелька: ) “Я не дачакалася, пакуль зьнік энтузіязм, і пайшла шукаць іншую працу — каб энтузіязму хапала і на працу, і на асабістае жыцьцё”.

(Маёрчык: ) “Канапелька, у сваіх развагах ты не адна такая. Дакладным разьлікам на вывучэньне ангельскай мовы ты падобна да нашае госьці — Алены. Яна скончыла пэдагагічны каледж. Аднак працуе не выкладчыцай, а перакладчыцай у прадстаўніцтве міжнароднай арганізацыі”.

(Канапелька: ) “І — заўважу — на жыцьцё ня жаліцца. Як і я!”

(Алена: ) “Настаўніцаю быць я не хацела. Сказаць, што пайшла вучыцца на настаўніцу, будзе няпраўдай. Я пайшла туды вучыцца толькі з-за ангельскай мовы. Прафэсія настаўніцы прычапілася да мяне разам з жаданьнем вывучаць ангельскую мову. Гэта было маёй павіннасьцю: вось я адвучуся, колькі трэба, прайду практыку, каб пацьвердзіць дыплём, а далей будзе нешта іншае. Можа ўзьнікнуць такое пытаньне: чаму не паехала вывучаць мову ў другі горад. Дык было вельмі страшна некуды ехаць. А тут пад бокам установа, якая дазваляе вывучаць тое, што хочацца”.

(Маёрчык: ) “А што павінна здарыцца, каб вы зноў згадалі пра сваю пэдагагічную спэцыяльнасьць і зноў пачалі выкладаць?”

(Алена: ) “Калі мяне зацікавяць вялікімі грашыма, калі мне створаць усе ўмовы, — тады я пагаджуся працаваць настаўніцай. Не павінна быць ніякага ціску з боку адміністрацыі: ніхто ня будзе камандаваць, як і што мне рабіць”.

(Маёрчык: ) “Нават катэгарычная ў сваім стаўленьні да настаўніцтва Алена не адмаўляе верагоднасьці таго, што можа вярнуцца да выкладаньня. І ты, Канапелька, калі-небудзь вернесься ў школу...”

(Канапелька: ) “Маёрчык, плюнь тры разы. Але во будзе сьмеху, калі мне давядзецца вучыць дзяцей Ягора Маёрчыка! Спадзяюся, што яны будуць выхаванымі й паслухмянымі, — не на прыклад іхнага бацькі”.

(Маёрчык: ) “Не, сьвет, канечне, разьвіваецца паводле сьпіралі, але такі сцэнар разьвіцьця падзеяў — надта круты віраж лёсу. Аддаць маіх нашчадкаў на тваё выхаваньне — ні ў якім разе!”

***

ГАВОРКІ ПРА БЕСПРАЦОЎНЫХ НАСТАЎНІКАЎ

(Маёрчык: ) “Вось жа якая іронія лёсу. Адны могуць працаваць, але ня хочуць. А іншыя хочуць, але ў іх такую магчымасьць адбіраюць. Напярэдадні новага навучальнага году маладую настаўніцую Юлію паставілі перад фактам, што ёй не падоўжаць кантракту”.

(Канапелька: ) “Яна папрасіла не называць ейнага прозьвішча й установы, дзе выкладае. Юлія нават была супраць таго, каб мы зьвярнуліся па тлумачэньне непасрэдна да працадаўцы. Пакуль яна спрабуе вырашыць праблему мірным шляхам, без суду. Адпаведна, залішняя рэкляма ёй можа толькі нашкодзіць”.

(Маёрчык: ) “Мы ж інтэрвію зь Юляй падаем выключна дзеля стварэньня агульнага партрэту маладых настаўнікаў”.

(Юля: ) “У Менску найбольшай павагай карыстаюцца выпускнікі Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Выпускнікі астатніх навучальных установаў сутыкаюцца з праблемай, як знайсьці месца працы. Я скончыла вышэйшую ўстанову адукацыі, але гэта быў не Лінгвістычны ўнівэрсытэт. Цяпер я сутыкнулася з тым, што са мной не жадаюць падоўжыць кантракту, патлумачваючы гэта тым, што мой дыплём не зь Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Адміністрацыя ведае, што я — добры настаўнік. Я ўдзельнічала ў конкурсах пэдагагічнага майстэрства й ладзіла некалькі адкрытых урокаў. Студэнты нашага каледжу пісалі заяву, каб я працягвала вучыць іх у наступным годзе. Але гэта не дапамагло — са мной не працягваюць кантракту. А я, між тым, нягледзячы на маленькі заробак, усё адно старалася знайсьці дадатковыя матэрыялы, прынесьці нешта новае й цікавае. Але гэтага ніхто не ацаніў. Цяпер я спрабую знайсьці працу ў школе альбо гімназіі, але сутыкаюся з наступнай праблемай: усе ўстановы патрабуюць настаўнікаў зь вялікім стажам працы. Маладыя настаўнікі нікому не патрэбны”.

(Маёрчык: ) “Ваша сытуацыя тыповая?”

(Юля: ) “Тыповая. Сярод маіх аднакурсьнікаў толькі адзінкі змаглі знайсьці працу. Гэта другое расчараваньне. Першае было — мой заробак, а другое — немагчымасьць знайсьці працу. Калі я чую, што ў мяне маленькі стаж і няма катэгорыі, я думаю, што сярод настаўнікаў ёсьць “урокадавальнікі” й “выкладальнікі”. Сярод тых, хто мае вялікі стаж працы, шмат “урокадавальнікаў”. З іншага боку, я бачу, як працуюць маладыя настаўнікі. Іхны энтузіязм і захапленьне сваёй прафэсіяй даюць вялікія вынікі”.

(Маёрчык: ) “Для прагрэсіўных пэдагогаў, дзеяньні якіх не заўсёды знаходзяць падтрымку кіраўніцтва, наша суцеха: настаўнік Рагойша са слыннага “Народнага альбому” таксама займаўся выпрабаваньнем новых тэхналёгіяў. Пра яго цяпер складаюць песьні. Скажыце, а хто згадвае ягоных нядобразычліўцаў? ***

ГАВОРКІ ПРА НАСТАЎНІЦКАЕ КАХАНЬНЕ

(Канапелька: ) “І апошнім блёкам нашае праграмы — лірычная гісторыя. На золку настаўніцкай кар''еры, яшчэ ў часе стажорства. Вольга...

(Маёрчык: ) “...Канапелька, пра сябе апавядаеш? А казала: не было асабістага жыцьця!..”

(Канапелька: ) “Гэта не пра мяне, Маёрчык. Ты чаго такога не падумай! Дык вось… Вольга пазнаёмілася са сваім будучым сужанцам. Ён у той час сядзеў яшчэ за партай”.

(Маёрчык: ) “Канапелька, правакацыйнае пытаньне да цябе. А ў тваім жыцьці не было такой авантуры — стану закаханасьці ў вучня?”

(Канапелька: ) “Не было! На маіх занятках вучні пра працу думалі. Дый, пераважна, сярод іх былі дзяўчаты. А каб цябе паставіць на маё месца, —уяўляю, што з гэтага атрымалася б!”

(Маёрчык: ) “Выкладаў бы ім. Як і ты”.

(Канапелька: ) “Казак не расказвай. Магу толькі ўявіць — колькі дзяцей па сьвеце бегала б!”

(Маёрчык: ) “Вось толькі ня трэба намёкаў на разбэшчанасьць! Я ня блытаю прафэсійнага з асабістым. Між іншым, мяне, па сканчэньні ўнівэрсытэту, запрашалі паступаць у асьпірантуру. І каб такое жаданьне было, я мог бы стаць выкладчыкам. Але замест тэорыі вырашыў займацца практыкай”.

(Канапелька: ) “О-хо-хо! Кажаш — практыка... І ў чым ты, цікава, практыкуесься?”

(Маёрчык: ) “Зноў намёкі на разбэшчанасьць! У дадзеным выпадку я маю на ўвазе працоўную практыку”.

(Канапелька: ) “Шчырасьць гэтых выказваньняў пакінем на тваім сумленьні. Чым далей спрачацца, паслухаем лепей гісторыю Вольгі”.

(Вольга: ) “На адным уроку, калі папросту трэба было сачыць за дысцыплінай, мы й пазнаёміліся. Я хадзіла між шэрагаў і глядзела на дзёньнікі, чытала прозьвішчы. Затрымалася ля адной парты”.

(Маёрчык: ) “І як разьвіваліся падзеі далей?”

(Вольга: ) "Гэты чалавек мяне вельмі доўга дамагаўся. Ён прыходзіў да мяне дадому. Прыходзіў і казаў: “Я прыйшоў паглядзець на цябе”. Я кажу: “Я занятая!” “Ты займайся, а я буду сядзець і глядзець на цябе”…Пасьля разам пачалі хадзіць гуляць. А калі абудзілася сапраўднае пачуцьцё, — было ўжо не цікава, што мне гавораць дзяўчаты, а яму — хлопцы. Падзеі разьвіваліся так, што цяпер у мяне тое самае прозьвішча, на якое я некалі зьвярнула ўвагу”.

(Маёрчык: ) “А такое часта здараецца між настаўнікамі й вучнямі?”

(Вольга: ) “Я тады была яшчэ не настаўніцай. Калі чалавек робіцца настаўнікам, — унутры ўзьнікае бар''ер. Як у доктара. Лекар жа глядзіць на чалавека, як на пацыента, незалежна ад полу. Так і мы на вучняў глядзім”.

(Маёрчык: ) “Чаму вы вырашылі стаць настаўніцай?”

(Вольга: ) “У мяне такая мара была зь дзяцінства. Па спадчыне перадалося ад дзядулі й бабулі. Я вырашыла паспрабаваць. Самае цяжкае — гэта практыка. Шмат хто пасьля практыкі вырашае не ісьці ў настаўнікі. Самае першае выпрабаваньне — паставіць сябе як настаўніка. Мне аддалі складаны 9-ты кляс. Там пазьбіралі вучняў з рознымі адхіленьнямі — тых, у каго няма магчымасьці добра вучыцца. Адных хлопцаў.

Першы мой урок. Я зазірнула ў габінэт. Там ішла вайна. Хлопцы кідаліся сьлівамі... Крэсла некуды ляцела... Я адразу зачыніла дзьверы. І вырашала: уваходзіць мне туды ці не? Увайшла. Мабыць, таму ў школе й засталася. Я бязь цяжкасьцяў дабралася да свайго месца. Нехта сядзеў на крэсьле настаўніка. І я яго выкінула за шкірку. Дзякуй Богу, што хапіла сілы паказаць: я — не слабенькі верабей. У той час голас у мяне толькі ставіўся. Мне прыйшлося падвысіць голас. Недзе на хвіліну стала ціха. Такім чынам я пачала ўрок”.

***

(Маёрчык: ) “Зь верасьня пачынаецца новы навучальны год. З гэтым “Маладыя галасы” віншуюць шкаляроў і выкладчыкаў”.

(Канапелька: ) “Зычым вам узаемапавагі, разуменьня й посьпеху, высокіх адзнак і лёгкіх пэднарадаў”.
XS
SM
MD
LG