Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наш хлеб — з гаркавым прысмакам несвабоды...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”

Цягам апошніх тыдняў Радыё Свабода нямала ўвагі надавала паведамленьню пра тое, што радыёстанцыя “Нямецкая хваля” выйграла тэндэр Эўрапейскай камісіі на стварэньне альтэрнатыўнага вяшчаньня на Беларусь. Гэтая радыёстанцыя прапанавала штодзённую 30-хвілінную праграму на расейскай мове, пачатак выхаду ў эфір якой плянуецца сёлета ў кастрычніку. Многія палітыкі й грамадзкія актывісты ў Беларусі нэгатыўна ацанілі той факт, што мовай вяшчаньня абрана расейская. Іхныя аргумэнты апошнім часам нярэдка гучалі на хвалях Свабоды. І гэта выклікала супярэчлівыя ацэнкі некаторых нашых слухачоў. Вось які ліст атрымалі мы днямі электроннай поштай ад Дзьмітрыя Амельчанкі.

“Ну, і дзе тая свабода слова, свабода выбару й меркаваньняў, аб якой так клапоціцца Радыё Свабода? Усіх, хто падтрымлівае намер “Нямецкай хвалі” вяшчаць на расейскай мове, аб’явілі ворагамі народу, здраднікамі й г.д. Штосьці гэта вельмі падобна да мэтадаў дзяржаўнай прэсы. Адзінства й барацьба супрацьлегласьцяў, напэўна. Між тым, выклікае зьдзіўленьне, што так званыя “вельмі сьвядомыя беларусы” адмаўляюць у праве на атрыманьне інфармацыі больш за 95 працэнтам гараджан, якія размаўляюць і думаюць па-расейску, на мове іхных зносін. Можа, іх прымаюць за людзей “другога гатунку”? Чаму гэтыя “сьвядомыя” лічаць, што ўсе замежныя радыёстанцыі павінны задавальняць выключна іхную інфармацыйную патрэбу?

Ёсьць жа Радыё Свабода, якое вяшчае по-беларуску, ёсьць радыё Швэцыі (калі я не памыляюся). Ім гэтага мала? Ці забарона вяшчаньня на мове, за наданьне якой статусу дзяржаўнай прагаласавала каля 80% грамадзян, што бралі ўдзел у рэфэрэндуме, і на якой размаўляе большасьць насельніцтва, і ёсьць ідэалам той дэмакратыі, якую яны жадаюць тут збудаваць? Пры гэтым усе “абаронцы роднай мовы” цудоўна разумеюць, што самі яны ня будуць слухаць “Нямецкай хвалі” ні на якой мове (бо ж гэтую аўдыторыю “трымае” беларуская рэдакцыя Радыё Свабода). Ня будуць яе слухаць і сельскія жыхары (чаму, — спадзяюся, зразумела), якія складаюць большасьць тых, што размаўляюць па-беларуску. Гэтыя “абаронцы” нагадваюць сабаку на сене: “Сам ня слухаю, але й іншым ня дам!”

Подпіс: “Дзьмітрый Амельчанка”. Дарэчы, наш суразмоўца асабліва падкрэсьлівае — “Дзьмітрый, а ня “Зьміцер”.

Не пагаджуся, спадар Амельчанка, з Вашым цьверджаньнем, што прыхільнікаў расейскамоўнага вяшчаньня Беларуская Свабода нібыта абвясьціла “ворагамі народу” ды “здраднікамі”. Спакойная, стрыманая манера дыскусіі, забарона на выказваньні, якія могуць зьняважыць людзей, — гэта аснаватворныя прынцыпы дзейнасьці нашага радыё. У нас не было й не магло быць такой лексыкі, як падаяцё Вы ў сваім лісьце.

Што да канкрэтнай тэмы. На хвалях Свабоды гучалі галасы і тых, хто супраць расейскамоўнага радыёвяшчаньня на Беларусь, і тых, хто падтрымлівае гэтую ідэю. Мы ня раз праводзілі апытаньне людзей на вуліцах, цікавячыся іхным стаўленьнем да праблемы, перадавалі меркаваньні палітыкаў і палітолягаў. Гучалі й аргумэнты кіраўнікоў расейскай службы “Нямецкай хвалі”, якія прынялі рашэньне вяшчаць на Беларусь па-расейску.

Чаму ў асяродзьдзі нацыянальнай дэмакратычнай інтэлігенцыі гэтае пытаньне набыло такі вялікі розгалас? Справа, спадар Амельчанка, зусім ня ў тым, што хтосьці ставіць на мэце дыскрымінаваць расейскамоўных беларусаў, абмежаваць іхны доступ да інфармацыі. Няўжо Вы ўсур’ёз лічыце, што, калі б “Нямецкая хваля” пачала беларускамоўнае вяшчаньне, то гэта стала б непераадольнай перашкодай для расейскамоўных беларусаў, якія хочуць ведаць аб’ектыўную інфармацыю? Ды, зрэшты, ня стане перашкодай і расейская мова для тых слухачоў, хто размаўляе па-беларуску.

Праблема тут — у прынцыповым стаўленьні да нацыянальных каштоўнасьцяў беларусаў, да іхных гісторыі й культуры, да дэмакратычнай будучыні дзяржавы, да камуністычнага мінулага, якое трывала спалучана з палітыкай русыфікацыі грамадзкага жыцьця Беларусі. Гэтая палітыка ажыцьцяўляецца й цяпер. У Беларусі амаль не засталося беларускамоўных сродкаў масавай інфармацыі. Беларуская Свабода, якая вяшчае з-за мяжы, — адзінае ў сьвеце цалкам беларускамоўнае радыё. Тых людзей, якія з болем гавораць пра гэта й разьлічваюць на дапамогу й падтрымку заходняй дэмакратычнай супольнасьці, мне здаецца, няцяжка зразумець.

Наш слухач Васіль Валошка зь мястэчка Радашкавічы Маладэчанскага раёну зьвярнуў увагу на нядаўняе выказваньне прэзыдэнта Лукашэнкі на адной з нарадаў — пра тое, што дзяржава сёньня на 98 працэнтаў уласнай сілаю забясьпечвае патрэбы сваіх грамадзян у харчаваньні. Спадар Валошка такія падлікі ставіць пад сумнеў. “Да якіх працэнтаў аднесьці тое, што вырашчана ў прыватным гарадзкім сэктары, на прысядзібных дзялках у вёсцы, на лецішчах? А тое, што прывозіцца з Расеі, — алей, мука, рыба, каўбасныя вырабы? А цытрусавыя? Пахадзіце па кірмашы: яблыкі — з Малдовы, морква — з Галяндыі. Дарэчы, пра моркву. Увесну й узімку кошт гэтай гародніны быў вышэйшы, чым бананаў. Дый буракі былі не на шмат таньнейшымі. І гэта ў нас — у Беларусі. А на нарадзе ж прэзыдэнт сказаў, што гароднінай дзяржава нас забясьпечыла цалкам. Ды ў гарадох амаль не засталося гароднінных крамаў. Усё купляецца на кірмашох, у прадпрымальнікаў. Гародніна з калгасаў бывае толькі ўвосень, на адмысловых “ярмарках”.

Далей Васіль Валошка з Радашкавіч разважае пра так званы “беларускі эканамічны цуд”. І прыходзіць да высновы, што цуд ёсьць, толькі ня там, дзе яго шукаюць.

“Сапраўдны цуд — гэта нашы прадпрымальнікі. Яны нас і кормяць, і апранаюць. Цуд тое, што, нягледзячы на ўціск, перасьлед і зьнявагі, яны, як трава праз асфальт, прабіваюцца й жывуць. Паглядзіце, куды большасьць нашых людзей ідзе й едзе па прадукты? На кірмаш. Тут і мяса, і гародніна, і садавіна. Ды, бадай, усё, апроч хлеба. Але, калі б ім дазволілі, то — я ўпэўнены — быў бы ў іх і хлеб. Ведаючы гэта, нашы правіцелі з усяе моцы стараюцца іх далей, чым ёсьць, не пускаць. Бо трэба ж даказаць, што толькі калгасы кормяць нас хлебам. А цяпер вось зь вялікай упартасьцю вядуць бітву за хлеб. Толькі атрымліваецца, што хлеб гэты — з гаркавым прысмакам несвабоды. А хацелася б хлеба, вырашчанага й выпечанага свабодным, шчасьлівым чалавекам”.

Думаю, спадар Валошка, дойдзе чарга й да хлеба. Прычым, як толькі гэты сэктар рынку пяройдзе ў прыватныя рукі, як толькі складзецца канкурэнцыя, — імгненна зьявяцца дзясяткі новых гатункаў і хлеба, і розных прысмакаў. Дарэчы, гэта асабліва важна якраз для сельскіх раёнаў, якія самі вырошчваюць зерне, а якаснага хлеба ніколі ня бачылі. Як правіла, ёсьць у кожным з такіх раёнаў свая “сельпоўская” пякарня з састарэлым тэхналягічным абсталяваньнем. Яна — манапаліст, і дзесяцігодзьдзямі выпякае адны й тыя ж гатункі хлеба, да якога нават у непатрабавальных вясковых людзей вялікія прэтэнзіі.

На адной з такіх пякарань мне неяк давялося пабываць. Дык зьдзівіўся, убачыўшы, што ў цеста пекары заместа мукі дабаўляюць нейкую незразумелую шэрую масу. Аказалася, гэта — счарсьцьвелы хлеб, не прададзены крамамі й вернуты ў пякарню. На маё запытаньне ў пякарні адказалі: “Ну, не выкідаць жа яго. Мы заўсёды так рабілі”. А ў вёсцы людзям падзецца няма куды — купяць і гэтакі хлеб. І купляюць. Але як толькі зьявіцца прыватнік, а разам зь ім і канкурэнцыя, — гэтыя “сельпоўскія” пякарні змушаны будуць альбо збанкрутаваць, альбо выпякаць тое, што будзе ня горшым, чым у прыватніка.

На заканчэньне — урывак зь ліста Мікалая Данілава зь вёскі Сталка Чавускага раёну.

“Я ўпэўніўся, што да прэзыдэнта мае скаргі не даходзяць. Яны асядаюць ува ўпраўленьні, якое працуе зь лістамі грамадзян. Адтуль жа іх накіроўваюць у дзяржаўныя органы. А які сэнс тыя лісты туды накіроўваць? Асабіста я зьвяртаўся ў дзяржаўныя органы, суды па 30 разоў — з 89-га да 2005-га году. Скардзіўся на тых, хто прычыніў шкоду майму здароўю. Мяне незаконна на працягу 13-ці гадоў лекавалі ад шызафрэніі.

З 86-га году я жыву ў радыяцыйнай зоне. Апроч таго, разгляд усіх маіх скаргаў і заяваў суправаджаўся нэрвовымі стрэсамі. Бо паўсюль я сутыкаўся з валакітай, бюракратызмам, фальшаваньнем фактаў, скажэньнем рэчаіснасьці, грубым парушэньнем маіх правоў”.

Спадар Данілаў таксама даслаў нам вялікі — на чатырнаццаці аркушах — адкрыты ліст да прэзыдэнта Лукашэнкі, у якім заклікае ўмяшацца ў дзейнасьць судоў, што ня хочуць прызнаваць яго пацярпелым, і пакараць вінаватых. Да таго ж, Мікалай Данілаў просіць, каб прэзыдэнт Лукашэнка прыняў яго асабіста.

Агучыць цалкам Ваш, спадар Данілаў, вялікі зварот, як Вы таго просіце, мы ня маем магчымасьці — гэта заняло б дужа шмат часу. Мы нярэдка атрымліваем падобныя лісты ад людзей, якія дзесяцігодзьдзямі, праз усялякія інстанцыі, дамагаюцца прызнаньня сваёй праўды. Для некаторых гэта ператвараецца ледзь не ў галоўную мэту існаваньня, робіцца другой прафэсіяй. За пэўны час даводзіцца прайсьці безьліч устаноў і судоў; назьбірваецца цэлая бібліятэка дакумэнтаў за подпісамі самых высокіх службовых асоб; праводзяцца мэдычныя экспэртызы й праверкі гэтых экспэртыз…

І чаму, спадар Данілаў, Вы лічыце, што, калі раптам і здарыцца неверагоднае й Вас пагодзіцца прыняць прэзыдэнт, ён прыме да ўвагі Вашы меркаваньні, а не высновы дзясяткаў спэцыялістаў і чыноўнікаў, якія з Вамі не пагаджаюцца?

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Антон Цялюк зь вёскі Зялёная й Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну, Павал Сац зь вёскі Асавая, што на Маларыччыне.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.



Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду й нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG