Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Вайтовіч: “Спробы зьвязацца з Лукашэнкам па прамой лініі былі безвыніковыя – ён гуляў у хакей”


Сяргей Навумчык, Прага Сёньняшні госьць Свабоды – акадэмік Аляксандар Вайтовіч, былы прэзыдэнт Акадэміі Навук, былы старшыня Савету Рэспублікі.

(Навумчык: ) "Спадар Аляксандр, Ваша палітычная біяграфія “прыхавала” для грамадзтва навуковую. Вы – акадэмік у якой галіне?"

(Вайтовіч: ) "Я акадэмікам выбраўся ў галіне лязэрнай фізыкі".

(Навумчык: ) "Значыць, з палітыкай гэта ніяк не было зьвязана?"

(Вайтовіч: ) "Фармальна – не, але трэба сказаць, што я займаўся дынамікай нелінейных сыстэм, а большасьць сыстэмаў у сьвеце – нелінейныя. У тым ліку і сацыялагічныя сыстэмы. Таму нейкія высновы можна было рабіць у дачыненьні да зьяваў сацыялягічных, і нават нейкіх сыстэмаў кіраваньня".

(Навумчык: ) "Некалькі гадоў таму Вы пагадзіліся пакінуць пасаду прэзыдэнта Акадэміі Навук і пайсьці ў Савет Рэспублікі. З чым гэта было зьвязана, якая была ў Вас матывацыя?"

(Вайтовіч: ) "Працуючы прэзыдэнтам АН, я прыйшоў да выснову, што ў Беларусі трэба было разьвіваць эканоміку інавацыйнага тыпу. Гэта з аднаго боку. А з другога – праблемы навукі ў Беларусі былі вельмі вострыя, і на пасадзе прэзыдэнта іх, як ні дзіўна, вырашыць было немагчыма. І спробы вырашыць іх на ўзроўні Савету міністраў упіраліся ў нейкую абыякавасьць чынавенства. Таму калі мне, нечакана для мяне, Лукашэнка прапанаваў выбірацца Старшынём Савету Рэспублікі, я параіўся з Прэзыдыюмам АН, і мае калегі палічылі, што мэтазгодна пайсьці туды працаваць".

(Навумчык: ) "У нядаўнім інтэрвію “Народнай волі “ Вы сказалі, што калі пайшлі на гэтую пасаду, дык згубілі ў заробку, нягледзячы на тое, што Вас плацілі як сьпікеру сэнату прэміі ў далярах. Гэта – не Ваша агаворка, не апіска журналіста? Сапраўды. У валюце? Заканадаўства ж забараняе, калі не памыляюся, разьлікі ў іншай валюце, акрамя як ў беларускіх рублях. Выглядае, што вышэйшае кіраўніцтва Беларусі дазваляе сабе тое, што забараняе іншым?"

(Вайтовіч: ) "Ня толькі вышэйшаму кіраўніцтву плацяць у валюце, але і многім людзям".

(Навумчык: ) "У чым палягаў Ваш канфлікт з Лукашэнкам, які прывёў да адстаўкі?"

(Вайтовіч: ) "Аднойчы ўзьнікла гутарка пра магчымы трэці тэрмін, і я прама сказаў, што гэта будзе вельмі дрэнна для Беларусі, нават трагічна будзе, калі Лукашэнка захоча пайсьці на трэці тэрмін. І адразу, празь некалькі дзён, была рэакцыя – я так зразумеў, што людзі, якія чулі даклалі, “куды трэба”".

(Навумчык: ) "Па Канстытуцыі Вы, калі ўзначальвалі савет Рэспублікі, былі трэцяй асобай у дзяржаве. Першая – прэзыдэнт, другая – кіраўнік ураду, які выконвае абавязкі прэзыдэнта. Але, да прыкладу, прэзыдэнт памрэ, а сьпікер – трэцяя. Як складваліся адносіны паміж першай і трэцяй асобай? У адным з інтэрвію Вы сказалі, што не маглі датэлефанавацца да Лукашэнкі, бо ў працоўны час ён гуляў у хакей..."

(Вайтовіч: ) "Калі я паспрабаваў датэлефанавацца да яго ў сувязі з падрыхтоўкай ім дэкрэту пра Акадэмію Навук, вось я і сустрэўся з такой зьявай. Я пазваніў яму ў кабінэт працоўны – там ніхто не адказаў. Пазваніў у прыёмную яго рабочую – сказалі, што ён дома, у Драздах. Званю ў Дразды – дзяжурны афіцэр мне сказаў, што ён гуляе ў хакей".

(Навумчык: ) "А тэхнічна, Вы маглі даволі лёгка зьвязвацца з Лукашэнкам, у Вас была прамая сувязь?"

(Вайтовіч: ) "Прамая лінія сувязі была. Але звычайна яна ніколі не працавала. Спробы зьвязацца з Лукашэнкам па гэтай прамой лініі для мяне ніколі не скончыліся пасьпяхова".

(Навумчык: ) "А пайсьці на хакейную пляцоўку не спрабавалі?"

(Вайтовіч: ) "Куды?"

(Навумчык: ) "На хакейную пляцоўку. Там, відаць, больш шанцаў было сустрэць Лукашэнку, чым у будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі?"

(Вайтовіч: ) "Мне гэта ніколі ў галаву не прыходзіла".

(Навумчык: ) "Аляксандар Паўлавіч, колькі словаў пра стан фундамэнтальнай навукі. Вы займаліся гэтай праблемай і як шараговы акадэмік (калі можна ўжыць слова “шараговы” ў дачыненьні да вышэйшага навуковага тытулу), і як прэзыдэнт Акадэміі Навук, і як сьпікер сэнату..."

(Вайтовіч: ) "На жаль, навука разбураецца і дэградуе ў Беларусі. Летась навукаёмістасьць валавога ўнутранага прадукту была 0,63% – у разьвітых краінах гэты паказчык складае 3-4%. І гэта мы бачым на працягу дзесяці апошніх гадоў. Дэградуе кадравы склад, зьмяньшаецца фінансаваньне і старэе абсталяваньне. Нічога добрага беларускую навуку не чакае, калі ня зьменяцца адносіны.

(Навумчык: ) "Аналітыкі разглядаюць Вас у якасьці аднаго з патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Працэс вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі – наколькі ён падаецца Вам канструктыўным? Якія Вашы пляны?

(Вайтовіч: ) "Працэдура, якая рэалізуецца, яна зробленая партыямі і пад партыі. Я думаю, што яны вызначаць адзінага кандыдата, але гэта будзе кандыдат ад партыяў. Яшчэ пытаньне, што больш слушна – аднаму чалавеку ісьці ад апазыцыі ці некалькім? А раптам гэтага “аднаго” не зарэгіструюць? Таму я лічу, на рэгістрацыю ад апазыцыі трэба ісьці не аднаму чалавеку, а некалькім. Што да мяне, дык я бяру ўдзел у палітыцы, але пра нешта больш канкрэтнае казаць пакуль зарана."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG