Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаспадарчы суд вырашае лёс заснавальніка “Курьер из Борисова”


Міхал Стэльмак, Менская вобласць Сёньня у Менскім абласным гаспадарчым судзе чакаецца рашэньне па справе барысаўскага недзяржаўнага прадпрыемства "Прэс-сэрвіс", якое выступае заснавальнікам газэты “Курьер из Борисова”.

Ініцыятарам гэтай справы стаў Менскі аблвыканкам. Ён зьвярнуўся ў абласны гаспадарчы суд з мэтай скасаваньня юрыдычнай рэгістрацыі барысаўскага таварыства з дадатковай адказнасьцю “Прэс-сэрвіс”. Гэтае прадпрыемства аблвыканкам зарэгістраваў тры гады таму, але цяпер вось ён вырашыў перагледзець ранейшае рашэньне. У гутарцы са мной прадстаўнік юрыдычнага ўпраўленьння аблвыканкаму Андрэй Лагачоў патлумачыў: да гэтага кроку падштурхнулі абставіны, якія высьветліліся апошнім часам. А менавіта, што падчас рэгістрацыі зьвесткі, прадстаўленыя “Прэс-сэрвісам”, былі няпоўнымі. Тым самым аблвыканкам нібыта падмануты. І цяпер справядлівасьць, паводле спадара Лагачова, патрабуе адмены ранейшага рашэньня.

Прадстаўнікі “Прэс-сэрвісу” мяркуюць, што гэтая справа наўпрост зьвязаная з выданьнем ім “Курьера из Борисова”. У Барысаве гэтае незалежнае выданьне карыстаецца папулярнасьцю. У адрозьненьне ад афіцыйнай газэты “Адзінства”, “Кур’ер” рэгулярна зьмяшчае на сваіх старонках крытычныя матэрыялы пра розныя бакі жыцьця Барысава і яго ваколіцаў. У часе палітычных кампаніяў “Кур’ер”, як правіла, інфармуе чытачоў пра ўдзел у іх дэмакратычных сілаў. Таму, як лічыць, напрыклад, рэдактар газэты Людміла Атчанашанка, ініцыятыва Менскага аблвыканкаму зьліквідаваць “Прэс-сэрвіс” выклікана намерам зьнішчыць дэмакратычнае выданьне:

(Атчанашанка: ) “Гэта “наязджаюць” на заснавальніка газэты. Асобным радком у гэтым пазове быў радок пра тое, каб закрыць газэту “Курьер из Борисова”. Вось чаму яны падалі пазоў. Маўляў, мы незаконна займаемся прадпрымальніцкай дзейнасьцю, у нас няма нейкіх ліцэнзіяў, мы зарэгістраваныя з парушэньнем і г.д.”

Паводле сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяперашняя сытуацыя вакол “Курьеру из Борисова” мае падабенства са сцэнарамі расправы ўладаў зь іншымі беларускімі недзяржаўнымі выданьнямі. Дарэчы, 15 жніўня Міністэрства інфармацыі вынесла “Курьеру из Борисова” папярэджаньне. Газэта абвінавачваецца у тым, што ў парушэньне закону аб друку яна зьмяшчае рэклямныя абвесткі пра ліцэнзаваную дзейнасьць без пацьверджаньня рэклямадаўцам права на ажыцьцяўленьне такой дзейнасьці. Акрамя гэтага, выданьню інкрымінуецца наступнае парушэньне: нібыта ня так, як трэба, газэта зьмяшчае дадзеныя пра рэдактара, выкарыстоўвае ня тыя шрыфты... Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пракамэнтаваў цяперашнюю сытуацыю вакол “Курьеру из Борисова” наступным чынам:

(Бастунец: ) “Я лічу, што нашы ўлады шукаюць артыкул, які даў бы хаця б нейкія фармальныя падставы для таго, каб зьліквідаваць гэтае выданьне альбо, што прасьцей, выдаўца. Гэта бюракратычны падыход называюць “юстыцыяй Вышынскага”. Калі быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. Адбываецца тое, што дастаткова доўга адбываецца ў Беларусі. Гэта, калі ідзе перасьлед выданьня праз ціск на выдаўца. Зараз гэта “Курьер из Борисова”. Відавочна палітыка, калі шукаюцца нейкія фармальныя падыходы для таго, каб прыпыніць выхад выданьня”.

Апошнія навіны з Барысава: • Улады ліквідуюць заснавальніка газэты “Кур’ер з Барысава”
XS
SM
MD
LG