Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэдактар “Навінак”: адзіная зброя супраць рэжыму – гэта здаровы сьмех


Уладзімер Глод, Менск Міжнародныя і беларускія арганізацыі зноў фіксуюць чарговы наступ на беларускіх палітычных іншадумцаў. Прынамсі прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды мэдыяў Міклаш Харашці заяўляе: "Беларусь -- адзіная краіна-удзельніца АБСЭ, дзе людзей адпраўляюць у турму за паклёп на прэзыдэнта". Узгаданая заява зроблена ў сувязі з магчымым прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці стваральнікаў сатырычных мультфільмаў, галоўны герой якіх зьнешне вельмі падобны на Аляксандра Лукашэнку.

Беларускі Хэльсінскі камітэт таксама зрабіў заяву, у якой заклікае ўлады краіны спыніць новую хвалю барацьбы з іншадумствам. У дакумэнце згадваецца, што ў БХК зьвярнуўся за дапамогай Павал Марозаў -- каардынатар інтэрнэт-сайту, дзе былі разьмешчаныя мультфільмы, пэрсанажы якіх нагадваюць вышэйшых службовых асобаў краіны. У спадара Марозава і ягонай жонкі супрацоўнікі КГБ адабралі пашпарты, што, як падкрэсьліваецца ў заяве, "фактычна ставіць іх па-за законам і робіць немагчымым ажыцьцяўленьне шэрагу важных правоў". Сытуацыю камэнтуе старшыня Беларускага Хэльсінскага камітэту Тацяна Процька:

(Процька:) "Свабода, якой жыве сёньня ўсё цывілізаванае чалавецтва, мае розныя праяўленьні. І адным з галоўных ёсьць свабода творчасьці. Чалавек у сваёй творчасьці можа рэагаваць на абставіны жыцьця па-рознаму. Ёсьць сыстэма вобразаў, ёсьць розныя прыёмы, якія ўжываюцца ў творчасьці. Ёсьць такое паняцьце, як сатыра, калі жыцьцё падаецца ў гратэскнай форме ў літаратурным творы. У нас усё гэта цяпер пад забаронай. Існуюць пэўныя аб''екты нашага жыцьця, пра якія недазволена казаць, зыходзячы з формаў творчасьці, якія выпрацавала чалавецтва. І гэта страшна, бо ідэалёгія, калі яна пераходзіць у творчасьць, робіць людзей нецікавымі, некарыснымі для цывілізацыі. Яны тады сапраўды робяцца вінцікамі, і дзяржава, як велізарная машына, нішчыць гэтых людзей, і вінцікі выкідваюцца..."

Вядома, што выпадак са стваральнікамі мультоў далёка ня першы ў Беларусі эпізод, як кажуць у такіх выпадках, “паляваньня на ведзьмаў”. Такіх прыкладаў шмат. Мастака Алеся Пушкіна асудзілі на два гады турмы ўмоўна за правядзеньне пэрформансу, у якім мастак скарыстаў партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Летась за "публічную абразу прэзыдэнта", якую ўлады знайшлі ў сатырычных улётках, да двух год зьняволеньня былі асуджаныя лідэр страйкавага камітэту прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі і ягоны намесьнік Аляксандар Васільеў. Вядомая гумарыстычная газэта "Навінкі" прыпыніла выхад пасьля таго, як у ёй знайшлі абразу кіраўніка беларускай дзяржавы. І вось што сьведчыць галоўны рэдактар "Навінак" Павал Канавальчык:

(Канавальчык:) "Цяперашні рэжым, падаецца, больш за ўсё баіцца гумару і сатыры. Бо яшчэ са старых часоў вядома, што сатыра і гумар былі зброяй, так бы мовіць, прыгнечаных масаў у барацьбе зь усялякімі прыгнятальнікамі. Атрымліваецца, што цяпер адзіная сапраўды рэч, якая можа пагражаць стабільнасьці рэжыму, гэта -- здаровы сьмех з таго, што адбываецца ў нашай краіне. Рэжым, падобна, гэта добра разумее і таму ўзяўся за сфэру усялякіх праяваў барацьбы з гумарыстычнай крытыкай".

Ня выключана, што афіцыйныя ўлады, як яны рабілі гэта і раней, проста праігнаруюць чарговыя заявы. Ці не атрымаецца, што заявы і ўпаўнаважанага АБСЭ і Беларускага Хэльсінскага камітэту, іншых арганізацыяў не прывядуць да пэўных зьменаў? Такі варыянт падзеяў выглядае найбольш рэальным. Але ж маўчаць і нічога не казаць, гэта, як лічыць Тацяна Процька, яшчэ горш. Яна кажа пра тое, што сутнасьць заяваў дойдзе да грамадзянаў Беларусі:

(Процька:) "У наступным годзе будуць прэзыдэнцкія выбары. Няхай людзі ведаюць, якая ў нас улада і як яна абіраецца. Мы лічым, што нашая заява стане прадметам абмеркаваньня на сумеснай расейска-беларускай праваабарончай камісіі. Сьвет цяпер адзіны. І нельга лічыць, што тое, што адбываецца ў асобнай краіне, будзе па-за увагай у іншых".
XS
SM
MD
LG