Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Ідзе размова пра сховішча для маларадыяктыўных адкідаў, а ня паліва"


Тацяна Поклад, Вільня У Літве працягваецца актыўнае абмеркаваньне магчымых наступстваў пабудовы сховішча для радыяактыўных адкідаў непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы і заявы з боку Беларусі пра пабудову нібыта ў адказ дзьвюх сьвінафэрмаў на Нёмане пры мяжы зь Літвой. Сёньня літоўскі прэм''ер-міністар Альгірдас Бразаўскас назваў гэтыя пляны пабудовы сьвінакомплесаў у басэйне Нёмана “варварствам”. Літоўскі прэм''ер лічыць, што ў Беларусі перабольшваюць значнасьць пабудовы сховішча для радыяактыўных адкідаў у Ігналінскім раёне Літвы, хаця адно з прызначаных для пабудовы месцаў знаходзіцца на адлегласьці менш, чым адзін кілямэтар ад Браслаўскіх азёраў.

Сёньня ў інтэрвію Літоўскаму нацыянальнаму радыё прэм''ер-міністар Літвы Альгірдас Бразаўскас сказаў: “Сховішча будзе знаходзіцца на тэрыторыі Літвы, няма ніякіх падставаў пераймацца гэтым ні для літоўскага грамадзтва, ні для беларускага грамадзтва”.

Літоўскі прэм''ер на пытаньне карэспандэнта літоўскага нацыянальнага радыё, ці будзе Літва дамаўляцца зь Беларусьсю, нагадаў, што сховішча плянуецца будаваць толькі больш чым праз дзесяць гадоў, таму дамаўляцца няма пра што. Міністэрства аховы асяродзьдзя Літвы раней заяўляла, што бяз згоды Латвіі й Беларусі на абраным месцы сховішча будавацца ня будзе, і што думка Беларусі будзе ўлічаная, нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да канвэнцыі Эспоо.

Тым часам, А.Бразаўскас заявіў, што літоўскі ўрад будзе абмяркоўваць інфармацыю пра тое, што Беларусь нібыта мае намер пабудаваць два буйных сьвінакомплексы ў басэйне ракі Нёман у памежных зь Літвой раёнах, калі Літва не адмовіцца ад пабудовы сховішча для радыяактыўных адкідаў. “Пабудова сьвінафэрамаў у басэйне Нёману – барбарства,” – адзначыў літоўскі прэм''ер, паўтарыўшы, што калі Літва і пабудуе гэтыя сховішчы, то яны будуць цалкам бясшкодныя для асяродзьдзя і што паніка цалкам недарэчная.

Літоўскі парлямэнтар, сябра Соймаўскага камітэту аховы асяродзьдзя Гедымінас Якавоніс, адзначае, што трэба адрозьніваць пляны пабудовы сховішча для маларадыяктыўных адкідаў – г.зн. рэчаў, якія выкарыстоўваліся на станцыі, – ад такой насамрэч небясьпечнай справы, як захоўваньне выкарыстанага ядзернага паліва.

(Якавоніс: ) “Я хацеў бы нагадаць, што калі мы далучыліся да Эўразьвязу, нам былі значны павялічаныя квоты на вываз выкарыстанага ядзернага паліва – на 40 працэнтаў. Менавіта, акцэнтавалася, што выкарыстанае ядзернае паліва мае быць адсюль вывезенае. Паводле ўсіх міжнародных нормаў, тая краіна, у якой набываецца ядзернае паліва – у нашым выпадку гэта Расея, – заабавязваецца вывезьці гэтыя рэчывы. І доўгі час адказныя прадстаўнікі з нашага Міністэрства гаспадаркі цьвердзілі, што мы Расею да гэтага не прымусім. Высьветлілася, што гэта – няпраўда, бо прадстаўнікі Думы Расеі ў Радзе Эўропе прадставілі ўвесь пакет дакумэнтаў, якія сьведчаць, што Расея згодная, калі мы ім заплацім, прыняць выкарыстанае ядзернае паліва.У Сойме Літвы цяпер зарэгістраваны праект закону, паводле якога будзе забаронена захоўваць у Літве выкарыстанае ядзернае паліва. Цяпер ідзецца размова пра сховішча для маларадыяктыўных адкідаў, гэта зусім іншае, а выкарыстанае ядзернае паліва – вельмі небясьпечная рэч, і ідэя яго захоўваньня ў Літве ня мае ніякіх пэрспэктываў”.

Так лічыць Г.Якавоніс, літоўскі парлямэнтар з камітэту аховы асяродзьдзя.

Нагадаем, пасьля далучэньня да Эўразьвязу Літва заабавязалася цалкам спыніць Ігналінскую АЭС да 2009 году, а праз тры гады пасьля гэтага пачаць дэмантаж станцыі, якую эўрапейскія спэцыялісты лічаць небясьпечнай. Месца для пабудовы сховішча для маларадыяктыўных адкідаў Літва яшчэ не прызначыла – пакуль разглядаюцца два варыянты, абодва месцы ў Ігналінскім раёне Літвы, паблізу ад мяжаў зь Беларусьсю і Латвіяй. Міністэрства аховы асяродзьдзя Літвы разьмясьціла ў сеціве падрабязную інфармацыю пра плянаваныя сховішчы: мяркуецца, што ўся тэрыторыя сховішча ахопіць 40 гектараў, сховішча будзе выкарыстоўвацца да 2030 году і мусіць ахоўвацца ня меней як 300 гадоў.
XS
SM
MD
LG