Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Скрабцу, які знаходзіцца ў турэмным шпіталі, прад''явілі абвінавачаньне


Уладзімер Глод, Менск 23 жніўня сьледчы ў асабліва важных справах рэспубліканскай пракуратуры Вячаслаў Цераховіч афіцыйна абвінаваціў кіраўніка дэпутацкай групы "Рэспубліка" Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, вядомага апазыцыйнага палітыка Сяргея Скрабца. Дзеля гэтага сьледчы наведаў турэмны шпіталь па вуліцы Апанскага ў Менску, дзе цяпер знаходзіцца экс-парлямэнтар.

Адвакат Сяргей Скрабца Алег Дубавец пацьвердзіў факт прад''яўленьня абвінавачаньня. На пытаньне, у чым канкрэтна бачыцца віна ягонага падабароннага, адвакат адказаў вельмі коратка:

(Дубавец: ) "У выманьваньні крэдытаў".

(Карэспандэнт: ) "Гэта тычыцца таго часу, калі спадар Скрабец узначальваў Гандлёвы дом "БелБабаеўскі"?

(Дубавец: ) "Так, так".

Што тычыцца яшчэ адной часткі справы былога дэпутата, з-за якой яго затрымалі яшчэ 15 траўня, – падбухторваньне да дачы хабару, дык, паводле адваката Дубаўца, па ёй спадара Скрабца абвінавацілі яшчэ раней.

Алег Дубавец, які, дарэчы, нядаўна абараняў інтарэсы былой кіраўніцы ўпраўленьня справамі Адміністрацыі прэзыдэнта Галіны Жураўковай, гаворыць, што Сяргей Скрабец па-ранейшаму адмаўляецца даваць паказаньні сьледзтву:

(Дубавец: ) "Не дае, паколькі лічыць сябе невінаватым".

Сяргея Скрабца, як мы ўжо паведамлялі, перавялі 19 жніўня зь сьледчага ізалятару часовага ўтрыманьня – так званай "Валадаркі" – у турэмны шпіталь, паколькі ён стаў адчуваць сябе кепска, пачалі балець ныркі. Жонка экс-дэпутата Аляксандра, якая працуе лекарам, лічыць, што гэта наступствы амаль 40-дзённай галадоўкі, якую яе муж правёў яшчэ ў сьледчым ізалятары Берасьця на знак пратэсту супраць свайго арышту. Спадарыня Аляксандра перадала мужу неабходныя лекі.

Адвакат Дубавец, які сёньня прысутнічаў пры прад''яўленьні абвінавачаньня свайму падабароннаму, сьцьвярджае, што цяпер ён выглядае лепш:

(Дубавец: ) "Нармальна выглядае. Падлячыўся".

(Карэспандэнт: ) "Ці ня ведаеце вы, як доўга ён яшчэ будзе знаходзіцца ў шпталі?"

(Дубавец: ) "Цяжка сказаць. Пакуль ня вылечыцца".

***

Экс-парлямэнтар быў затрыманы сёлета 15 траўня каля свайго дому ў Менску, у той жа дзень яго адвезьлі ў Берасьцейскі сьледчы ізалятар. Там на знак пратэсту ён абвясьціў галадоўку, якая цягнулася амаль 40 дзён. Пасьля таго, як рэспубліканская пракуратура аб''яднала дзьве справы былога дэпутата – выманьваньне крэдытаў у дзяржавы і падбухторваньне да дачы хабару – у адну справу, сьледчы ў асабліва важных справах Вячаслаў Цераховіч вырашыў перавезьці арыштанта ў Менск.

Летам 2004 году Сяргей Скрабец удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай аб палітычным прытулку, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне сьцьвярджала, што спэцслужбы затрымалі кур''ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў – нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG