Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"НАТО + ЗША = ВАЙНА" у беларускім задачніку па матэматыцы


Любоў Лунёва, Менск У Беларусі выдадзены зборнік алімпіядных задач па матэматыцы для школьнікаў, у якім аўтары прапануюць дзецям заданьні ідэалягічнага зьместу. У зборнік, паміж іншага, уключаны рэбусы, сэнс якіх накіраваны супраць ЗША й НАТО.

Сярод лічбавых рэбусаў дзецям прапануюць і такія: “На дошцы запісаны лічбавы рэбус на складаньне трохзначных і чатырохзначных лікаў “НАТО + ЗША = ВАЙНА”. У ім аднолькавыя літары азначаюць аднолькавыя лічбы. Знайдзіце найменшае значэньне, якое можа прымаць лік ЗША”.

І яшчэ адзін рэбус складальнікі зборніка прапануюць рашыць дзецям. Ён напісаны лацінскімі літарамі: “NATO + GO HOME = PEACE”. Знайдзіце, чаму роўны лік PEACE”.

“Зборнік задач менскай гарадзкой матэматычнай алімпіяды малодшых школьнікаў” падсумаваў алімпіяды за 12 гадоў. У яго ўвайшлі 306 задач для дзяцей 5-7 клясаў. Кнігу выдалі за грошы ўдзельнікаў конкурсу “Кенгуру” накладам 6.000 асобнікаў. Зборнік могуць атрымаць удзельнікі алімпіяд.

Рэбусы на алімпіядах па матэматыцы даўно сталі традыцыяй. Зазвычай аўтары імкнуцца надаць ім сэнсавае значэньне. Выданьне складалі вядомыя ў Беларусі матэматыкі. Адзін з аўтараў задач Яўген Барабанаў так пракамэнтаваў зьяўленьне ідэалягічна скіраваных рэбусаў для малодшых школьнікаў.

(Барабанаў: ) “Гэты рэбус — нармальная чалавечая рэакцыя на вайну, у дадзеным выпадку, — на вайну, распачатую ЗША ды іншымі краінамі НАТО супраць Сэрбіі. Калі казаць пра палітычную замову, то яе, натуральна, не было. Калі б яна была, то гэты рэбус і “ўсплыў” бы тады, калі яго склалі — у 1999 годзе, а не праз 6 год. Мы – матэматыкі. А як мы маглі выказаць сваё стаўленьне да вайны? Вось так і зьявіўся гэты рэбус. Я не лічу, што ў гэтым рэбусе ёсьць нейкі палітычны альбо ідэалягічны падмурак. Наконт Іраку мы нічога выдумляць ня будзем. Чаму? Сэрбія — блізкая нам праваслаўная краіна. Там жывуць нашы браты. І мы ўспрымалі вайну там, як сваю. Гэта было балюча. А Ірак ці Іран — нам гэта ня так балюча”.

Мікола Статкевіч некалькі гадоў быў выкладчыкам вайсковай акадэміі. Ён лічыць, што ідэалёгія можа ўтрымлівацца ў школьных падручніках, але іншага зьместу.

(Статкевіч: ) “У школьных падручніках павінна ўтрымлівацца ідэалёгія. Але гэта павінна быць ідэалёгія любові да сваёй Радзімы, да ейнае гісторыі. Нельга выхоўваць непрыязныя пачуцьці й нянавісьць да цэлых народаў і дзяржаў. Думаю, што трэба клапаціцца аб гарманічным разьвіцьці дзяцей. Калі яны вырастуць, дык здолеюць самі сфармаваць свае палітычныя погляды”.

Беларускія навукоўцы праводзяць матэматычныя алімпіяды сярод школьнікаў 5-7 клясаў 13 гадоў. Гэта — падмурак для падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд старшаклясьнікаў. Навукоўцы кажуць, што менавіта дзякуючы гэткаму досьведу, беларускія дзеці паказваюць добрыя вынікі на міжнародных алімпіядах.
XS
SM
MD
LG