Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашэнка лібэралізуе кантрактную сыстэму


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка сёньня падпісаў указ, які зьмякчае кантрактную сыстэму найму працаўнікоў. Указ дадаткова абараняе правы на працу цяжарных жанчын, асоб перадпэнсійнага ўзросту, іншых катэгорый грамадзян. Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў лічаць гэтыя зьмены нязначнымі й дамагаюцца скасаваньня кантрактнай сыстэмы цалкам.

Паводле прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, Указ скіраваны на абмежаваньне суб’ектывізму наймальнікаў у пытаньнях заключэньня й спыненьня кантрактаў. Ад сёньня тэрмін працягу кантракту павінен быць ня меншым за адзін год. Тэрмін кантрактаў зь цяжарнымі жанчынамі й тымі, хто знаходзіцца ў адпачынку з прычыны дагляду дзіцяці да трохгадовага ўзросту, мусіць быць ня меншым, чым да сканчэньня гэтых адпачынкаў. З жанчынамі 53 гадоў і мужчынамі 58 гадоў кантракты павінны заключацца ня меней, чым на два гады.

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў з 1999 году выступае супраць кантрактнай сыстэмы, уведзенай Дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі нумар 29. Прафсаюзы нават ладзілі акцыі пратэсту супраць усеагульнай кантрактнай сыстэмы. Лідэр БКДП Аляксандар Ярашук называе памянёную сыстэму найбольш балючай праблемай для працоўных і падставай незадаволенасьці ў краіне.

(Ярашук: ) “Гэта балюча закранула людзей, таму што ва ўсёй краіне гэта справакавала няўпэўненасьць людзей у тым, што будзе заўтра зь іхнай працай — будзе доўжыцца кантракт, ці не”.

Аляксандар Ярашук вітае спробы А.Лукашэнкі ўнесьці паслабленьні ў кантрактную сыстэму, зьмякчыць ейныя нэгатыўныя наступствы, але лічыць Указ недастатковым захадам.

(Ярашук: ) “Я з усёй адказнасьцю магу заявіць: гэта тое самае, што ўдасканаліць прыгоннае права ці рабаўладальніцкі лад. Па-сутнасьці, гэтыя крокі не скасоўваюць прыгоннага характару кантрактанай сыстэмы, якая сёньня існуе ў краіне”.

Спадар Ярашук Указ Лукашэнкі назваў спробай маніпуляваць сьвядомасьцю працоўных. Ён па-ранейшаму пераканаы, што кантрактная сыстэма ў тым выглядзе, у якім яна дзейнічае ў Беларусі, мусіць быць скасавана.

Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што А.Лукашэнка, разумеючы незадаволенасьць людзей кантрактамі, пайшоў на паслабленьні з палітычных меркаваньняў.

(Раманчук: ) “Гэта безумоўна палітычны крок, гэта ўжо частка ягонай перадвыбарчай кампаніі. Як і падвышэньне пэнсіяў, што цяпер гучна рэклямуецца”.

Яраслаў Раманчук упэўнены, што асобам, зь якімі не падаўжаюць кантрактаў за іхную палітычную дзейнасьць ці перакананьні, гэты Ўказ ніякай палёгкі ня дасьць.
XS
SM
MD
LG