Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто спаліў "Опэль" Кручкоўскага?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня былы старшыня Саюзу палякаў Тадэвуш Кручкоўскі, паўнамоцтвы якога па-ранейшаму прызнаюць улады, наведаў Ленінскі РАУС у Горадні. Яго выклікалі ў сувязі са справай аб спаленым аўтамабілі, які яму належаў. Невядомыя ў ноч з 6 на 7 студзеня сёлета падпалілі ягоны “Опэль”, які згарэў. Сёньня ж у Ленінскім РАУС пабываў намесьнік старшыні СПБ Юзаф Пажэцкі, яго таксама выклікалі па справе аб падпале аўтамабіля спадара Кручкоўскага.

Тадэвуша Кручкоўскага я спаткаў каля помніка польскай пісьменьніцы Элізе Ажэшцы. Ён сьпяшаўся ў міліцыю, па дарозе туды мы і паразмаўлялі. Я пацікавіўся ў спадара Кручкоўскага: ці змогуць журналісты трапіць на паўторны зьезд СПБ, які адбудзецца 27-га жніўня у Ваўкавыску? На 6-ы зьезд Саюзу, які адбыўся ў Горадні, і вынікі якога потым ануляваў мін''юст, журналісты мелі свабодны ўваход. Тадэвуш Кручкоўскі адказаў, што гэтае пытаньне абмяркуе аргкамітэт зьезду, які ён узначальвае, а канчаткова будуць вырашаць дэлегаты, але ў любым разе сам ён будзе настойваць, каб па выніках зьезду адбылася прэсавая канфэрэнцыя.

У мас-мэдыя зьвяліся прозьвішчы людзей з атачэньня Тадэвуша Кручкоўскага якіх называюць магчымымі кандыдатамі на пасаду старшыні Саюзу палякаў. Вось як пракамэнтаваў мне гэты сьпіс сам спадар Кручкоўскі:

(Кручкоўскі: ) “Ну, так я асабіста лічу, – што з пакаленьня больш маладога маглі б быць і Эдвард Калоша, і Знайдзінскі Казімеж і, дапусьцім, Дубікоўскі Анджэй таксама. З больш старэйшых, вопытных людзей мог бы быць Кацынэль Рышард, Лучнік Юзаф, Марыя Эйсмант, з раёнаў маглі б быць Тыркін Ізабэла зь Ліды, са Слоніма Рыўкоўска Леанарда. Вось гэтыя людзі цалкам маглі б быць старшынём, я лічу, у гэты складаны момант”.

Аднак спадар Кручкоўскі пры гэтым зазначыў, што ніхто з гэтых людзей пакуль афіцыйна не заяўляў аб жаданьні балятавацца на пасаду кіраўніка СПБ. З усімі імі спадар Кручкоўскі размаўляў, прапаноўваў выступіць на старонках газэты са сваімі праграмамі, але ніхто не адгукнуўся.

(Кручкоўскі: ) “Усе заявілі, што падумаюць, і, можа, на зьезьдзе будуць выстаўляць свае кандыдатуры, і тады прадставяць кароткую праграму. А зараз я ў газэце “Glos znad Niemna” хачу апублікаваць мой даклад на 6-м зьезьдзе, які ня быў апублікаваны, у якім ставіліся асноўныя праблемы існаваньня польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі і Саюзу палякаў —без усякіх асабістых праблемаў, без усякай сэнсацыі і гэтак далей”.

Юзафа Пажэцкага сёньня таксама выклікалі ў Ленінскі РАУС, у яго цікавіліся — дзе ён быў і чым займаўся ў той час, калі спалілі аўтамабіль Тадэвуша Кручкоўскага. Спадар Пажэцкі сказаў, што быў на вёсцы у бацькоў, бо якраз хварэў ягоны бацька.

Юзаф Пажэцкі мяркуе, што кандыдатуры набліжаных да Кручкоўскага людзей магчыма нават дзеля пэўнай дэмакратычнасьці прапануюць дэлегатам у Ваўкавыску, але ён лічыць, што названыя спадаром Кручкоўскім людзі наўрад ці будуць рэальнымі кандыдатамі.

(Пажэцкі: ) “То, напэўна, ўжо вызначана асоба, за якую прагаласуюць. Хаця, зрэшты, мы ня ведаем як будзе адбывацца гэты зьезд. Я думаю, што будзе таксама як у Шчучыне, калі зьбіралася Галоўная рада (каб прыняць рашэньне наконт месца і даты правядзеньня паўторнага зьезду), і дзе ўваход пільнавалі міліцыянты, і ніхто ня мог туды увайсьці і там прысутнічаць. Таксама так будзе, напэўна, і на гэтым так званым зьезьдзе”.

Што датычыць узаемаадносінаў з кіраўніцтвам СПБ, якое будзе абрана у Ваўкавыску, дык Юзаф Пажэцкі гаворыць, што шмат хто зь ягоных паплечнікаў самі ня хочуць удзельнічаць у такім Саюзе палякаў, які будуць кантраляваць улады.

(Пажэцкі: ) “Ведаеце, арганізацыя гэта не будынкі, арганізацыя — гэта людзі. Людзі, якіх мы ведаем, і якія ведаюць нас. Арганізацыя — гэта тая салідарнасьць, якую мы будзьма падтрымліваць між намі, і гэта менавіта лічыцца арганізацыяй у нашай сьвядомасьці, мы застаемся сябрамі Саюзу палякаў, які існуе ўжо больш за пятнаццаць гадоў”.
XS
SM
MD
LG