Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы “спрабуе зьмяніць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі”


Алесь Дашчынскі, Менск Дакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) па Беларусі Азім Малазадэ заявіў у інтэрвію Свабодзе, што найлепшым крокам афіцыйнага Менску дзеля наладжаньня дыялёгу з Радай Эўропы было б вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў.

Азім Малазадэ зьбірае інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі з усіх магчымых крыніцаў. Ён мае пастаянны кантакт з грамадзкімі й палітычнымі арганізацыямі, незалежнымі мэдыямі краіны. Усе факты парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі будуць прааналізаваны ў адмысловым дакладзе, які спадар Малазадэ мяркуе агучыць падчас восеньскай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, на падкамітэце па Беларусі.

Азім Малазадэ разам з дакладчыкамі іншых міжнародных арганізацый возьме ўдзел у адмысловай канфэрэнцыі па беларускай праблематыцы, якую ініцыявала Парлямэнцкая Асамблея НАТО. На плянаванай канфэрэнцыі ў Вільні міжнародная супольнасьць абмяркуе шляхі выхаду зь цяперашняй сытуацыі ў Беларусі.

(Малазадэ: ) “Штодня паступае нэгатыўная інфармацыя. Сярод апошніх фактаў — становішча з польскай меншасьцю й ейнай арганізацыяй, бязьлітасны ціск на яе — усё гэта выклікае вялікую трывогу. Ёсьць вялікая колькасьць палітычных зьняволеных, і іхны стан здароўя таксама вельмі трывожыць нас. Турбуе нас і грубае ўдушэньне акцый пратэсту. Да прыкладу, жорсткі напад амонаўцаў на жонку зьніклага журналіста Зьмітра Завадзкага зьяўляецца рэальнай ілюстрацыяй той сытуацыі, якая склалася ў Беларусі”.

Беларуская праблематыка застаецца пад пільнай увагай Рады Эўропы. Спэцдакладчык Азім Малазадэ лічыць неадкладнаю каардынацыю намаганьняў усіх міжнародных структураў і выкарыстаньне ўсіх міжнародных мэханізмаў дзеля ўплыву на афіцыйны Менск.

(Малазадэ: ) “У Радзе Эўропы таксама пры абмеркаваньні пытаньняў, зьвязаных з абавязацельствамі Расеі, ёсьць спэцыяльны зварот да Расеі — выкарыстоўваць уплыў на Беларусь для таго, каб паспрабаваць памяняць сытуацыю з правамі чалавека. Гаворка ідзе пра магчымасьць дзейнасьці палітычных арганізацый, незалежных сродкаў масавай інфармацыі, няўрадавых арганізацый. Мы спадзяёмся, што й Расея ў рамках міжнародных арганізацый будзе выкарыстоўваць свой уплыў, каб карэнным чынам зьмяніць сытуацыю ў Беларусі”.

Пытаньне прыезду дакладчыка Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Азіма Малазадэ ў Беларусь пакуль ня вырашана. Над гэтай праблемай працуе апарат Рады Эўропы.

(Малазадэ: ) “Беларусь ня мае ніякіх кантактаў зь міжнароднымі арганізацыямі. Быў забаронены прыезд у Беларусь дакладчыка ААН у правох чалавека, мела складанасьці дэлегацыя Эўразьвязу. Мы мяркуем, што дзеля таго, каб прыехаць і на месцы азнаёміцца з падзеямі, павінна быць нейкая перамена, нейкі крок да выпраўленьня сытуацыі з боку афіцыйнага Менску. Рада Эўропы магла б разглядаць як сур''ёзны крок амністыю й выхад на свабоду ўсіх палітзьняволеных. Гэта магло б быць вельмі важнай нагодай, каб Рада Эўропы актывізавала сваё супрацоўніцтва зь Беларусьсю. А потым можна паспрабаваць рухацца й у іншых кірунках”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG