Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рабства ня стала гуманьнейшым”...


Іна Студзінская, Менск 23 жніўня — Міжнародны дзень памяці ахвяраў гандлю людзьмі й зьліквідаваньня гэтае зьявы. Праблема мае глыбокія гістарычныя карані, але няволя, рабства ня сталі больш гуманнымі. Не абмінула гэтая бяда й Беларусь. У пошуках добрых заробкаў беларускія дзяўчаты, жанчыны шукаюць працу за мяжой — і нярэдка трапляюць у сэксуальнае рабства.

Колькасьць беларускіх жанчын, якія траплялі ў сэксуальнае рабства, падлічыць складана. Многія ня хочуць, каб гэта стала вядома. Але лік ідзе ўжо на тысячы. Вяртаюцца жанчыны зьнявечанымі — найперш маральна, зь цяжкімі псыхалягічнымі траўмамі. На жаль, ёсьць ужо й ахвяры — у літаральным сэнсе гэтага слова.

Распавядае міжнародны каардынатар праграмы "Ля Страда" ў Беларусі Ірына Альхоўка.

(Альхоўка: ) “Ёсьць крымінальныя справы: ахвяры гінулі, рабіліся калекамі. Што тычыцца зьніклых, — штогод рэгіструецца да 100 выпадкаў. Калі маюцца сур''ёзныя падставы лічыць, што чалавек зьнік, што яго эксплюатуюць, утрымліваюць сілком, — падключаем Інтэрпол. Да таго ж, у нас ёсьць партнэрскія арганізацыі за мяжой. Але, на жаль, гэта даволі марудна — міжнародны пошук: даводзіцца пісаць адмысловыя запыты, чакаць дыппошту”.

Намесьнік начальніка Ўпраўленьня барацьбы зь незаконным распаўсюдам наркотыкаў і злачынствамі ў сфэры маральнасьці Міністэрства ўнутраных справаў Сяргей Статуеў падаў такую статыстыку:

(Статуеў: ) “За 7 месяцаў заведзена па лініі маральнасьці 478 крымінальных справаў. Ёсьць асобныя артыкулы: “Гандаль людзьмі”, “Выкраданьне людзей”, “Незаконныя дзеяньні ў справе працаўладкаваньня грамадзян за мяжой”, “Занятак прастытуцыяй”. “Гандаль людзьмі “ — гэта артыкул 181, частка 2. За 7 месяцаў раскрыта 38 злачынстваў”.

Меркаваньне міжнароднага каардынатара праграмы “Ля Страда” ў Беларусі Ірыны Альхоўкі.

(Альхоўка: ) “З аднаго боку, дзейнасьць праваахоўных органаў значна палепшала. Сёньня і сьледчыя ня так баяцца заводзіць крымінальныя справы, і судзьдзі ня так асьцерагаюцца выносіць прысуды. Гады два таму дастаткова часта перакваліфікоўвалі справы аб гандлі людзьмі ў нейкія іншыя артыкулы. Але й гандляры людзьмі, вербоўшчыкі таксама ня сьпяць — удасканальваюць свае мэтады. Таму, як гэта ні сумна, працы заўсёды ўсім хопіць”.

У сакавіку Аляксандар Лукашэнка падпісаў Дэкрэт “Аб некаторых захадах па процідзеяньні гандлю людзьмі”. Да патэнцыйных крыніц небясьпекі аднесена працаўладкаваньне й вучоба студэнтаў за мяжой, мадэльны бізнес, міжнароднае ўсынаўленьне, дзейнасьць шлюбных агенцый. Па ўсіх гэтых накірунках працы цяпер абавязкова мець ліцэнзіі Міністэрства ўнутраных справаў і дазволы Міністэрства адукацыі.

Па сутнасьці, забаронена міжнароднае ўсынаўленьне. Вельмі шмат праблем узьнікае ў студэнтаў і нават школьнікаў, якія хочуць выехаць вучыцца. Што да працаўладкаваньня за мяжой, то ў краіне засталася толькі адна фірма, якая мае ліцэнзію. Таму людзі зьвяртаюцца да пасярэднікаў нелегальных — і даражэй каштуюць паслугі, і падвышаецца рызыка небясьпекі. Беларусы выяжджаюць на працу за мяжу праз суседнія краіны — Украіну й Расею. Праблема застаецца…

Ад сёньня й да 30 жніўня "Ля Страда" праводзіць гарачую лінію. Патэлефанаваўшы па нумары 8 - 101 - 100 - 8 -101, можна атрымаць поўную інфармацыю пра бясьпечны выезд і працу за мяжой ды правілы працаўладкаваньня ў пэўнай краіне.
XS
SM
MD
LG