Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якая рызыка эпідэміі птушынага грыпу ў Беларусі?


Ганна Соусь, Менск Якія захады робяцца ў Беларусі ў сувязі з пашырэньнем эпідэміі птушынага грыпу ў суседняй Расеі, дзе ўжо ў сямі рэгіёнах выяўлены вірус гэтай хваробы?

Сёньня я наведала сталічны Чэрвенскі рынак і паназірала за тым, як вядзецца гандаль птушыным мясам. Як патлумачылі мне гандляркі, на рынку рэалізуецца толькі прадукцыя беларускіх птушкафабрык, і таму людзі не баяцца яе набываць.

(Гандлярка: ) “У нас прадаецца наша беларуская прадукцыя. Чаго ім баяцца? Наколькі я ведаю, усе межы зачынены, увозу з Расеі няма — ідзе выключна беларуская прадукцыя, усё правяраецца”.

(Гандлярка: ) “Расейскай прадукцыяй мы не гандлюем. Народ яшчэ верыць нам. Было такое, калі ў Расеі фабрыкі паспыняліся з прычыны адключэньня сьвятла, — і куры здохлі. Тады Беларусь дапамагала Расеі”.

Параўнальна зь мінулым годам, пастаўкі прадукцыі беларускіх птушкафабрык у Расею павялічыліся ў паўтара разы. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў прадстаўнік беларускага Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Васіль Пруднікаў, які адказвае за замежнаэканамічную дзейнасьць. Я пацікавілася ў яго, у якія яшчэ краіны сьвету экспартуецца прадукцыя беларускай птушкагадоўлі.

(Пруднікаў: ) “Найбольш ад нас мяса птушкі й яйкі пастаўляюцца ў Расейскую Фэдэрацыю”.

(Карэспандэнтка: ) “А пастаўкі не павялічыліся ў сувязі з тым, што ў іх там цяпер птушыны грып?”

(Пруднікаў: ) “Не. У нас ёсьць запатрабаванасьць на ўнутраным рынку. Тым больш, што кошты на яйкі на ўнутраным рынку вышэйшыя, чым у Расеі”.

Вірус птушынага грыпу ўжо выяўлены ў сямі абласьцёх Расеі й у Казахстане. На пачатку жніўня ў Беларусі была ўведзена забарона на ўвоз прадукцыі птушкагадоўлі з Расеі. Быў зроблены шэраг прафіляктычных захадаў. Уведзены жорсткі кантроль за рэалізацыяй птушынага мяса праз гандлёвую сетку. Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня дадаткова набывае вакцынныя прэпараты, каб правесьці імунізацыю ўсіх работнікаў беларускіх птушкафабрык супраць грыпу. Вызначаны стацыянары, куды — з узьнікненьнем патрэбы — можна будзе шпіталізаваць хворых на птушыны грып. Зь людзьмі, якія выяжджаюць за мяжу праз турыстычныя фірмы, цяпер праводзяць адмысловы інструктаж. Разьвіцьцё сытуацыі з распаўсюджаньнем птушынага грыпу ў сьвеце адсочвае беларускі Навукова-дасьледчы інстытут эпідэміялёгіі й мікрабіялёгіі. Гаворыць намесьнік дырэктара Інстытуту Аляксандар Пяткевіч.

(Пяткевіч: ) “Гэтая інфэкцыя вядомая з 1878 году, але з 1997 году пачаліся трывожныя сымптомы. Пачаліся моцныя эпідэміі сярод птушак, і самае трагічнае, што людзі сталі гінуць. Пакуль ведаў мала. Тым ня менш, сьвет інтэнсіўна працуе: досьвед адной краіны імгненна перадаецца іншым краінам. Вядзецца супольная праца ўрадаў, спэцыялістаў-практыкаў, навукоўцаў і вэтэрынарных службаў, накіраваная на абарону ўсіх. Бо, абараняючы сябе, сваю краіну, ты абараняеш і ўласна сьвет”.

Як патлумачыў раней у эфіры Радыё Свабода дырэктар Інстытуту заалёгіі Акадэміі навук Беларусі арнітоляг Міхаіл Нікіфараў, верагоднасьць таго, што вірус птушынага грыпу занясуць у Беларусь пералётныя птушкі, вельмі нізкая. Гэткая ўпэўненасьць абгрунтавана тым, што птушыныя міграцыйныя шляхі не пралягаюць празь небясьпечныя раёны Расеі. Бо беларускія птушкі лётаюць зімаваць пераважна празь Міжземнамор’е ў Афрыку ці ў Заходнюю Эўропу, на Атлянтычнае ўзьбярэжжа.

ШТО ТАКОЕ ПТУШЫНЫ ГРЫП?

Птушыны грып – інфэкцыйная хвароба птушак, выкліканая некалькімі штамамі віруса грыпу. Хвароба выяўленая ў 1878 годзе ў Італіі. Натуральны носьбіт – пералётныя вадаплаўныя птушкі, якія маюць высокую адпорнасьць да інфэкцыі. Найбольш успрымальныя да хваробы свойскія птушкі. Хвароба пашыраецца праз птушыны памёт і сельскагаспадарчае абсталяваньне – транспарт, адзеньне. Пашырэньню віруса спрыяе таксама міжнародны гандаль жывымі птушкамі.

ШТО ЗДАРАЕЦЦА З ЗАРАЖАНАЙ ПТУШКАЙ?

Сымптомы могуць быць самыя розныя – ад лёгкай нядужасьці да заразнай сьмяротнай немачы і фатальных эпідэміяў. Заразная форма хваробы пачынаецца раптоўна і ў пераважнай большасьці выпадкаў канчаецца сьмерцю. Дзякуючы генэтычнай мутацыі рызыкоўнасьць віруса можа павысіцца вельмі хутка.

ДЗЕ ВЫЯЎЛЕНАЯ ХВАРОБА?

Штам H5N1 птушынага грыпу зарэгістраваны ў Таіляндзе, Віетнаме, Інданэзіі, Камбоджы, Кітаі, Ганконгу, Японіі, Філіпінах, Манголіі, Малайзіі і Паўночнай Карэі. Нядаўна ён пашырыўся на Расею і Казахстан. У 2003 годзе пашырэньне надзвычай небясьпечнага штаму H7N7 зафіксавана ў Нідэрляндах і Нямеччыне.

КОЛЬКІ ПТУШАК ПАЦЯРПЕЛА АД ХВАРОБЫ?

Падчас апошняга выбуху хваробы ў канцы 2003 году толькі ў Паўдзённа-Ўсходняй Азіі больш за 150 мільёнаў галоваў птушак было зьнішчана або выбракавана. Мяркуецца, што агульная колькасьць птушыных ахвяраў у сьвеце значна большая.

ЧЫМ НЕБЯСЬПЕЧНЫ ПТУШЫНЫ ГРЫП ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ?

Пакуль што птушыны грып не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы для людзей – вірусам звычайна заражаюцца толькі птушкі і сьвіньні. Аднак былі зарэгістраваныя выпадкі заражэньня людзей у Віетнаме, Таіляндзе, Камбоджы і Інданэзіі, праўда, ўсе гэтыя выпадкі зьвязаныя зь непасрэдным кантактам зь мёртвымі або хворымі птушкамі. Адзіны магчымы выпадак заражэньня чалавека чалавекам зафіксаваны летась у Таіляндзе. Вакцыны, якая аберагла б людзей ад заражэньня штамам H5N1, няма, аднак ёсьць лекі для лячэньня хваробы.

ЧАМУ ЗАНЕПАКОЕНЫЯ НАВУКОЎЦЫ?

Калі штамам H5N1 віруса птушынага грыпу заражаліся людзі, назіралася высокая сьмяротнасьць – з 112 выпадкаў захворваньня 57 закончыліся сьмерцю. Непакой выклікае тое, што ў выніку мутацыі штам можа набыць здольнасьць перадавацца ад чалавека чалавеку. Калі гэта здарыцца, вынікам можа быць пандэмія – накшталт “гішпанкі” 1918-1919 гадоў, якая забрала ад 20 да 40 мільёнаў жыцьцяў.
XS
SM
MD
LG