Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага - 23 жніўня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 23 жніўня

“Крыніца”, 1925 год. Л.Мамонік на 25-я ўгодкі сьмерці Францішка Багушэвіча піша пра ягоныя кніжкі:

“Дык нічога дзіўнага, што народ наш усёй душой адчуў іх і пакахаў. Вершы яго разышліся па ўсёй Беларусі, асабліва сярод каталікоў, і аж па сяньня пераходзяць з вуснаў у вусны, ад бацькоў да дзяцей, ад старых да маладых пакаленьняў. Ні адна з беларускіх кніжак так хутка не ўсьведамляе і не адраджае беларуса, як “Дудка” і “Смык”. Значэньне для нас працы Францішка Багушэвіча гістарычнае. Ён першы стварыў ясныя лініі беларускага адраджэньня”.

“Віцебскі пролетарый”, 1935 год:

“Совет Народных Камісараў СССР і ЦК ВКП(б) рашылі к 7 лістапада 1935 года зняць чатыры арлы, якія знаходзяцца на Спаскай, Нікольскай, Барадзінскай і Троіцкай вежах Крэмлёўскай сцяны і два арла з будынка Гістарычнага музея. К гэтаму-ж тэрміну рашано ўздвігнуць на ўказаных чатырох вежах Крэмля пяціконцую звязду з сярпом і молатам”.

*“Имя”, 1995 год. Сямён Букчын піша пра “Народную газету”:

“Са старонак “Народнай газеты” вяшчае беларускі мешчанін. Ён дастаткова ўтульна ўладкаваўся і ў новай рэальнасьці… Здолеў зжыцца з уладай, ведае, што можна, а што не. Навучыўся жангліраваць-сьпэкуляваць новымі словамі-бразгалкамі. Ён сакачыць аб сувэрэнітэце і незалежнасьці, як раней сакатаў аб разьвітым сацыялізьме і камуністычных ідэалах. Ён налаўчыўся сьлізгаць па паверхні жыцьця, будзённа рэгіструючы любую бяду — чарнобыльшчыну, беспрацоўе, рост сьмертнасьці і злачынствы… “НГ” — гэта голас беларускага абывацеля, ня надта адукаванага, цалкам звыклага да адведзенага яму ў дзяржаўным хлеўчуку месца, але які час ад часу прымае тэатральную позу”.
XS
SM
MD
LG