Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 жніўня – Міжнародны дзень памяці ахвяраў гандлю людзьмі


Іна Студзінская, Менск 23 жніўня – Міжнародны дзень памяці ахвяраў гандлю людзьмі і яе ліквідацыі. У 1793 годзе ў гэты дзень адбылося паўстаньне рабоў на выспе Санта-Дамінга (дзе цяпер знаходзяцца Гаіці і Дамінаканская Рэспубліка). А першая Міжнародная дамова аб барацьбе з гандлем белымі рабынямі датуецца 1904-м годам. Праблема мае, так бы мовіць, глыбокія гістарычныя карані, але няволя, рабства ня сталі больш гуманнымі. Не абмінула гэта праблема і Беларусь.

Гадоў 5 таму пра праблему гандлю людзьмі, асабліва жанчынамі, загаварылі і ў Беларусі. Тысячы суайчыньніц у пошуках высокіх заробкаў усімі праўдамі і няпраўдамі імкнуліся выехаць за мяжу і траплялі ў сэксуальнае рабства. Краіне зьявіліся дзесяткі агэнцыяў па працаўладкаваньні за мяжу. Дзяўчатам прапаноўвалі быццам бы працу афіцыянтак, танцоўшчыц, а насамрэч яны траплялі ў бардэлі, аказваліся без дакумэнтаў… У Міністэрстве ўнутраных справаў створана адмысловае Упраўленьне, якое займаецца раскрыцьцём злачынстваў ў сфэры маральнасьці.

Намесьнік начальніка Упраўленьня барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў і злачынствамі ў сфэры маральнасьці Міністэрства ўнутраных справаў Сяргей Статуеў прывёў такія лічбы:

(Статуеў: ) “За 7 месяцаў узбуджана па лініі маральнасьці 478 крымінальных справаў. Ёсьць асобныя артыкулы “Гандаль людзьмі”, “Выкраданьне людзей”, “Незаконныя дзеяньні па працаўладкаваньні грамадзянаў за мяжой”, “Занятак прастытуцыяй”. “Гандаль людзьмі – гэта артыкул 181, частка 2 – за 7 месяцаў раскрыта 38 злачынстваў”.

Але ж сілай наўрад ці людзей прымусіш ехаць за мяжу, атрымліваецца, ва многім вінаватыя самі ахвяры.Зьнешне выглядае, што беларускія дзяўчаты вельмі даверлівыя. І хоць паўсюль – сацыяльная рэкляма пра тое, што рабства ня стала гуманьней, па тэлевізіі бясконца ідуць ролікі, усё адно кожная думае, што з ёй гэта не здарыцца. Журналістка Марыя Маліноўская летась зрабіла дакумэнтальны фільм “Элькіна мара” пра дзяўчынку-падлетка, якая трапіла ў сэксуальная рабства. Цяпер Марыя Маліноўская – кансультант міжнароднага праекту Эўразьвязу і ПРА ААН “Барацьба з гандлем жанчынамі ў Рэспубліцы Беларусь”.

(Маліноўская: ) “На мой погляд, зараз ужо не павінна застацца дзяўчынак, якія б ня ведалі аб такой зьяве, як трафінінг, альбо гандаль людзьмі. Але, як сьведчыць статыстыка, за апошнія 7 месяцаў у Беларусі выяўлена 478 злачынстваў, у тым ліку 38 – менавіта зьвязаных з гандлем людзьмі. Так што праблема застаецца Гандаль людзьмі – гэта латэнтны від злачынства, і, на жаль, вельмі прыбытковы. Так што нашым дзяўчынкам трэба быць пільнымі”.

Сёлета Аляксандар Лукашэнка падпісаў Дэкрэт “Аб некаторых захадах па процідзеяньні гандлю з людзьмі”. Згодна з дакумэнтам, да патэнцыйных крыніцаў небясьпекі аднесена амаль усё: працаўладкаваньне за мяжой, накіраваньне на вучобу студэнтаў за мяжу, мадэльны бізнес, міжнароднае ўсынаўленьне, шлюбныя агенцыі. Па ўсіх гэтых накірунках абавязкова мець ліцэнзіі Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэртсва адукацыі. Ці наведзены цяпер парадак, ці магчыма дэкрэтам, узмацненьнем заканадаўства вырашыць гэту праблему? На гэта пытаньне я папрасіла адказаць кіраўніка няўрадавай арганізацыі “Ля Страда”, якая займаецца абаронай правоў жанчын, Ірыну Альхоўку.

(Альхоўка: ) “Аднымі толькі забаронамі і кантролем праблему гандлю людзьмі вырашыць немагчыма. Гэта ўжо спрабавалі іншыя эўрапейскія краіны. Па-першае, у Беларусі засталася толькі адна фірма, якая мае права на працаўладкаваньне за мяжой, і гэта фірма прапаноўвае толькі блізкае замежжа. А паводле статыстыкі нашай гарачай лініі, з блізкага замежжа ў нас карысталася попытам толькі Расея. У асноўным людзі хочуць ехаць у заможныя эўрапейскія, паўночнаамэрыканскія краіны. Сёньня рынак пусты. І легальных пасярэднікаў няма. Людзі ідуць да пасярэднікаў нелегальных, даражэй каштуюць паслугі, падвышаецца рызыка небясьпекі. А другі шлях – людзі выязджаюць праз суседнія краіны, у першую чаргу, праз Украіну і Расею. Нягледзячы на ўсе захады, дэкрэт, не дасягнутыя тыя мэты, што былі пастаўленыя”.

Такім чынам, наўрад ці узмацненьнем кантролю, зьменай заканадаўства, забаронамі, дэкрэтамі можна вырашыць праблему гандлю людзьмі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG