Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігура “галоўнага ідэоляга” Беларусі перастала быць уплывовай


Уладзімер Глод, Менск Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасады свайго памочніка -- начальніка Галоўнага ідэалягічнага упраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Мікалая Шаўцова. Чым выклікана гэтае звальненьне й якія наступствы яно можа мець?

Пасада, якую займае кіраўнік Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта, мусіць была б даваць падставу, каб назваць гэтую асобу галоўным ідэолягам краіны. Аднак, як мне падаецца, прозьвішча Мікалая Шаўцова малавядомае. Калі сёньня казаць пра кіраваньне беларускай ідэалёгіяй, дык куды хутчэй узгадваюцца імёны Алега Праліскоўскага альбо Наталлі Пяткевіч. Чаму так атрымліваецца?

Першым кіраўніком упраўленьня, тады яно яшчэ не называлася галоўным, быў Аляксандар Фядута. Затым, калі на гэтую пасаду прызначылі Ўладзімера Замяталіна, упраўленьне атрымала статус галоўнага, стала называцца па-новаму: Галоўным упраўленьнем грамадзка-палітычнай інфармацыі. І менавіта Замяталін у вачох усіх сапраўды быў галоўным ідэёлягам. А пасьля таго як ён узрос да намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, статус кіраўніка галоўнага ўпраўленьня ўжо ня меў такой вагі. Ні Міхаіл Падгайны, ні Аляксандар Саламаха, ні Іван Карэнда, ні тым больш, Мікалай Шаўцоў не прэтэндавалі на вядучыя ролі. Адбылася, так бы мовіць, дэвальвацыя пасады. А што тычыцца асабіста асобы Мікалая Шаўцова, дык ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. І вось што ўзгадвае пра Мікалая Шаўцова Ўладзімер Нісьцюк -- таксама дэпутат Вярхрўнага Савету 13-га скліканьня:

(Нісьцюк:) "Я запомніў яго ціхім, такім, якім былі шмат хто з дэпутатаў ВС 13 скліканьня, якія нідзе не падавалі голас, ціха прысутнічалі на паседжаньнях, выступалі, калі патрэбна было, не вельмі часта, ціха ўдзельнічалі ў агульным жыцьці ВС. Непрыкметны гэты чалавек быў. Таму, калі вы нават нагадаеце ягонае прозьвішча дэпутатам, не ўсе яго узгадаюць. Таму што былі фігуры, якія ўвесь час удзельнічалі ў працы ВС. А ён ня быў такім. Ён пасьля таго, як сышоў з ВС, увесь час быў побач з уладай. Я думаю, што абодва браты знайшлі сабе магчымасьць сябе праявіць і атрымаць пэўныя пасады. Я думаю, што гэта так. Казаць, што гэты чалавек -- вялікі ідэёляг. Я нават ня ведаю, якая ў яго адукацыя...".

Ну, я тут магу ўдакладніць для нашых слухачоў -- Мікалай Шаўцоў скончыў тагачасны Ленінградзкі інстытут культуры і Мінскую вышэйшую партыйную школу.

Падобна на тое, што ў Беларусі ўсё, у тым ліку і ідэалёгію, вырашае выключна адна асоба. І ўсё ж, хто канкрэтна цяпер вырашае ідэалягічныя праблемы: кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі ці намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Аляксандар Фядута:

(Фядута:) "Я б сказаў нават трохі па-іншаму: ўсё кіраўніцтва ідэалёгіяй выйшла на ўзровень кіраўніка Адміністрацыі. Прыкладам Мясьніковіч, як і Сініцын, ніякай ідэалёгіі не прадукаваў. А вось Урал Латыпаў і Віктар Шэйман у пэўным сэнсе з''яўляюцца фігурамі ідэалягічнымі. Латыпаў прынёс прафэсійную ідэалёгію -- ідэалёгію КДБ, а Шэйман -- фігура, якая асабіста зацікаўленая ў працэсе мадыфікацыі палітычнага працэсу ў краіне (мы ведаем з чым гэта зьвязана. Таму менаівіта Шэймна і кантралюе ідэалягічны працэс".

Магчымага пераемніка спадара Шаўцова ў кулюарах пакуль не называюць. Магчыма таму, што сапраўды пасада галоўнага ідэаляга Беларусі фактычна прайшла працэс дэвальвацыі. І вось што кажа на гэты конт Аляксандар Фядута.

(Фядута:) "Я ня ведаю, хто будзе новым памочнікам па ідэалёгіі. Але лёс Івана Карэнды і Мікалая Шаўцова паказвае, што гэта фігура ўжо нічога не вырашае, таму што не можа прымаць аніякіх рашэньняў. Нават тады, калі, як спадар Карэнда ўпэўнены ў тым, што робіцца, не зусім дакладна і не зусім ідзе на карысьць і дзяржаве, і яе кіраўніку".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG