Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Міжнародная дапамога ідзе ў Беларусь, але носіць непразрысты характар"


RFE/RL У бальшыні выпадкаў улады не даюць дазволу на атрыманьне міжнароднай дапамогі недзяржаўным арганізацыям. Фактычна, гаворка вядзецца пра імкненьне зьліквідаваць незалежны ад дзяржавы беларускі трэці сэктар, які, пераважна, існуе на замежныя гранты. Ці ўдасца ўладам спаралізаваць і зьліквідаваць трэці сэктар?

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфэр:

(Альфэр: ) “Горш працаваць, чым цяпер, напэўна, трэці сэктар ня будзе ў выніку ўказу. Таму што й цяпер заблякаваны легальныя магчымасьці трэцяга сэктару атрымоўваць грошы з-за мяжы. Мне невядомыя (хоць, напэўна, яны ёсьць) выпадкі легальнага атрыманьня незалежнымі ад дзяржавы грамадзкімі аб’яднаньнямі любой міжнароднай грашовай дапамогі ў гэтым годзе. Былі выпадкі, калі на рахунак арганізацый паступалі грошы, але ўлада ня дала дазволу на выкарыстаньне іх — і яны былі вернуты назад. Я думаю, што ніводная арганізацыя й не атрымае таго дазволу. Атрымаць дазвол ад уладаў могуць толькі абдзяржаўленыя грамадзкія арганізацыі.

Цяпер недзяржаўнай структуры немагчыма атрымаць месца для правядзеньня сэмінару. Калі такі сэмінар праводзіцца без дазволу ўладаў, то існуе пагроза, што арганізатары могуць быць адміністрацыйна пакараны. Да таго ж, гаспадары памяшканьняў адмаўляюцца даць залю.

Зразумела, што міжнародная дапамога ўсё ж ідзе ў Беларусь. Грамадзкія арганізацыі, каб мець магчымасьць працаваць, змушаны атрымоўваць грошы не на свае рахункі. Гэта не зусім можа быць пракантралявана дзяржавай. Такім чынам, гуманітарная й тэхнічная дапамога трэцяму сэктару носіць непразрысты характар. Але для гэтага сэктару іншага шляху няма. Таму бальшыня грамадзкіх арганізацый атрымоўвае дапамогу наяўнымі грашыма — як ад беларускіх, так і ад замежных фундатараў”. (Чытаць поўны тэкст перадачы "Экспэртыза Свабоды")
XS
SM
MD
LG