Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашук: "Зьмест таго, што сказаў Хакімі, ня можа нанесьці ніякай шкоды"


Юры Дракахруст, Прага Днямі прадстаўнік руху Талібан, які вядзе вайну з аўганскімі ўладамі, патэлефанаваў у кабульскае бюро нашага радыё і заявіў, што талібы ня маюць намеру зрываць парлямэнцкія выбары, якія адбудуцца ў хуткім часе. Якое значэньне мае гэтая заява? Ці праўдзівая яна? Ці не парушылі нашыя калегі з аўганскай службы этычны прафэсійны кодэкс, даючы слова прадстаўніку тэрарыстаў? На гэтыя тэмы наш карэспандэнт Юры Дракахруст гутарыць з кіраўніком аўганскай службы нашага радыё Аляксандрам Лукашуком.

(Хакімі: ) "Мы ніколі не казалі, што хочам сарваць выбары. Для нас у гэтым няма патрэбы. Усе абвінавачваньні, што мы хочам сарваць выбары, сфабрыкаваныя мэдыямі. Яны хочуць спляжыць нашую барацьбу. Мы не атакавалі выбарчых участкаў раней, ня будзем гэтага рабіць і цяпер".

Гэта заявіў прадстаўнік Талібану, патэлефанаваўшы ў кабульскае бюро аўганскай службы нашага радыё. Цяпер Талібан напярэдадні выбараў разгарнуў сапраўдны тэрор супраць амэрыканскіх вайскоўцаў (цяперашнія страты амэрыканцаў – самыя буйныя з 2001 году), супраць аўганскіх салдатаў і чыноўнікаў, нават супраць сьвятароў, якія падтрымліваюць цяперашнія ўлады. Як гэтая практыка Талібану стасуецца з заявай яго прадстаўніка?

(Лукашук: ) "Прадстаўнік Талібану Абдул Лаціф Хакімі, пазваніўшы на наш нумар тэлефона ў Кабуле, сапраўды заявіў, што Талібан не зьбіраецца зрываць выбараў, не атакаваў і ня будзе атакаваць выбарчыя ўчасткі. Вось фактычна і ўвесь зьмест яго паведамленьня.

Гэта першая заява такога кшталту, дзе ўпершыню гаворыцца пра пэўную стрыманасьць альбо мірны падыход, таму яна і выклікала цікавасьць. Ці азначае, што словы Хакімі будуць прынятыя да выкананьня групамі, якія цяпер аб''ядноўваюцца агульным тэрмінам Талібан?

Мы папрасілі пракамэнтаваць гэтую заяву ў міністэрствах абароны і ўнутраных спраў Аўганістану. У абодвух міністэрствах водгукі былі пазытыўныя, але адразу тыя генэралы, зь якімі мы размаўлялі, сказалі, што трэба пачакаць і паглядзець, ці будуць за словамі нейкія справы. Хакімі не зьяўляецца кіраўніком Талібану, наагул Талібан сёньня не кіруецца з адзінага цэнтру – яна разрозьненая і мае шмат цэнтраў прыняцьця рашэньняў, якія слаба зьвязаныя паміжсобку, апроч агульнай ідэалёгіі, і шмат у чым яны дзейнічаюць самастойна".

(Дракахруст: ) "Спадар Лукашук, з псыхалягічных прычынаў людзям часам схільныя верыць заявам людзей, зьвязаных з тэрорам ці датычным да яго. Але ці ня можа быць так, што Хакімі, робячы вам сваю заяву, проста хлусіў, хацеў увесьці вас у зман, выкарыстаць вас у сваіх мэтах?"

(Лукашук: ) "Зьмест таго, што сказаў Хакімі, у прынцыпе ня можа нанесьці ніякай шкоды і нікога падмануць. Гэта агульная заява, выбары адбудуцца 18 верасьня, да гэтага часу будзе шмат нагодаў спраўдзіць шчырасьць гэтай заявы. Па-другое, Абдул Лаціф Хакімі ўспрымаецца СМІ ў сьвеце як легітымная фігура. Ён увесь час цытуецца ў паведамленьнях "Reuters", у вядучых газэтах – у "New York Times", "Financial Times", у іншых выданьнях, ён прызнаны міжнароднай мэдыйнай супольнасьцю як крыніца, якую цытуюць. У гэтым сэнсе гэта не выключнае яго зьяўленьне ў СМІ, адрознасьць хіба ў тым, што можа ўпершыню гэты зварот мае пазытыўны зьмест".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG