Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3dway.org: Сьледчы КГБ забраў пашпарты ў Алега Мініча і яго жонкі


Любоў Лунёва, Менск Сябра грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях” Алега Мініча выклікалі ў гарадзенскае ўпраўленьне КГБ на допыт. Нагадаем, 16 жніўня менская пракуратура распачала крымінальную справу за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Падставай сталі мультфільмы палітычнага зьместу, зьмешчаныя на сайце ініцыятывы 3dway.org. Супрацоўнікі КГБ зрабілі ператрус на кватэрах некалькіх сяброў “Трэцяга шляху” і забралі больш за дзясятак кампутараў. Сёньня ў Алега Мініча і ў ягонай жонкі забралі пашпарты.

Сьледчы Алег Варанецкі выклікаў на допыт сябра “Трэцяга шляху” Алега Мініча другі раз. Першы раз яго дапыталі 16 жніўня ў Горадні. У той дзень у Менску супрацоўнікі КГБ дапыталі Паўла Марозава і Андрэя Абозава. У хлопцаў забралі ўсе дакумэнты. У Андрэя Абозава нават пасьведчаньне аб нараджэньні.

Сёньня гарадзенскі сьледчы, які ўваходзіць у сьледчую групу, дапытаў ня толькі Алега Мініча, але й ягоную жонку. Галіна Мініч абураная дзеяньнямі КГБ. На яе думку, сьледчы Варанецкі пайшоў на парушэньне закону дзеля запалохваньня сям’і.

(Галіна:) "Я абураная дзеяньнямі ўладаў, бо пачалі ўжываць ціск супраць сям’і. Гэта беззаконьне. Я ня маю дачыненьня да гэтай справы, але й на мяне ціснуць. Проста забралі пашпарт. А ён мне патрэбны штодня. Мы напісалі скаргу на імя пракурора. Абяцалі разгледзіць. Трэба атрымаць кнігі, кажуць: “Вы не атрымаеце.” Трэба грошы атрымаць у банку, кажуць: “Вы не атрымаеце.”"

Назіральнікі адзначаюць, што пашпарты сьледчыя забіраюць толькі ў падазраваных ці ў абвінавачаных. Але кіраўнік сьледчай групы запэўніваў Радыё Свабода, што ў гэтай справе такіх пакуль няма.

Алег Мініч паведаміў, што сьледчы Варанецкі папрасіў даць яму пашпарты, каб унесьці іх дадзеныя ў кампутар. Але, як высьветлілася, зь іншай мэтай:

(Алег Мініч: ) “Заявіў, што пашпарты забірае і ў мяне, і ў жонкі. Я спытаўся: “А жонка якое да гэтага мае дачыненьне?” Ён мне адказаў: “Ну, нам тут лепш бачна”. Казаў, што гэта робіцца на карысьць сьледзтва. Атрымліваецца – хто мусіць захоўваць законы, сам іх і парушае. Чаму? Я думаю, што, магчыма, улады спалохаліся рэзанансу. Я атрымліваю лісты падтрымкі ад людзей з розных куткоў сьвету. Нават не чакаў такога!”

Нікому з тых, хто праходзіць у справе як сьведка, супрацоўнікі КГБ не аддалі дакумэнты.

Гл. таксама • Сябры 3dway.org застаюцца бяз тэхнікі, але працуюць над новымі мультамі • АБСЭ занепакоена сытуацыяй з mult.3dway.org
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG