Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстан: ці можа апазыцыя канкураваць з Назарбаевым?


Юрась Бушлякоў, Прага Канстытуцыйная рада Казахстану вызначыла днямі дату прэзыдэнцкіх выбараў. Калі гэтую дату ўхваліць цяпер парлямэнт, выбары казаскага прэзыдэнта пройдуць 4 сьнежня. Ужо сёньня шмат хто ў Казахстане прагназуе лёгкую перамогу дзейнага прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева. Ці зможа вылучэнец казаскай апазыцыі скласьці канкурэнцыю Назарбаеву?

Прадстаўнікі казаскай апазыцыі кажуць, што пятнічнае паведамленьне аб выбарах прэзыдэнта не засьпела іх зьнянацку. І ўсё ж Жамархан Туякбай, меркаваны кандыдат на пасаду прэзыдэнта ад апазыцыйнага блёку “За справядлівы Казахстан”, ня крые незадаволенасьці: на ягоную думку, на сур’ёзную выбарчую кампанію застаецца замала часу.

(Туякбай: ) “Гэта вялікі нонсэнс, як да выбараў заставаліся чатыры месяцы і народ яшчэ ня ведаў, калі ж дакладна пройдуць выбары. Такога, відаць, ва ўсясьветнай практыцы няма”.

Як і мінулыя выбары прэзыдэнта, сёлетнія адбудуцца яшчэ да завяршэньня чарговага прэзыдэнцкага тэрміну Нурсултана Назарбаева. Цяперашнія прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Назарбаева выгасаюць у студзені 2006-га.

У склад асноўнай апазыцыйнай сілы – блёку “За справядлівы Казахстан” – уваходзяць камуністычная партыя Казахстану, рух пэнсіянэраў “Поколение”, створаная актывістамі забароненай партыі “Дэмакратычны выбар” партыя “Алга” і, нарэшце, партыя “Наггыз Ак жол” – асколак партыі “Ак жол”, што разьдзялілася ў сёлетнім красавіку.

Бальшыня казаскіх апазыцыйных сілаў да апошняга часу дэкляравала сваю падтрымку Жамархану Туякбаю, былому сьпікеру мажлісу – ніжняй палаты парлямэнту. Пры ранейшых выбарчых кампаніях апазыцыі не ўдавалася вылучыць адзінага кандыдата. Ці ўдасца цяпер? Наўрад. Прынамсі, тая частка партыі “Ак жол”, што не ўваходзіць у блёк “За справядлівы Казахстан”, заяўляе пра намер вылучыць свайго кандыдата.

Назіральнікі пагаджаюцца: у цяперашніх умовах кандыдат блёку “За справядлівы Казахстан” мае нязначныя шанцы на перамогу на выбарах. Прадстаўнікоў блёку няма сёньня ў парлямэнце краіны. Абсалютная бальшыня казаскіх мэдыяў знаходзяцца пад кантролем уладаў.

Тым часам пракуратура Казахстану папярэдзіла Туякбая, абвінаваціўшы ў вядзеньні перадвыбарнай кампаніі да афіцыйнага вызначэньня даты выбараў. Туякбай адкідае вінавачаньні:

(Туякбай: ) “Што да руху “За справядлівы Казахстан”, то ніякай перадвыбарнай кампаніі ён ня вёў. З боку руху не было ніякіх заклікаў за некага галасаваць. У цяперашняй сытуацыі я лічу, што самае галоўнае для нас – забясьпечыць сумленныя й справядлівыя выбары, не ігнаруючы волі выбарнікаў. Калі ўсё гэта будзе, няхай наймацнейшы пераможа”.

Казаская апазыцыя вядзе барацьбу ва ўмовах адноснай эканамічнай стабільнасьці. Ровень жыцьця ў Казахстане апошнім часам падняўся – у значнай ступені дзякуючы вялізным даходам, якія краіна атрымлівае з сваёй нафтавай прамысловасьці.

Не на карысьць апазыцыі й той факт, што ў Казахстане, як і ў бальшыні іншых постсавецкіх краінаў, сярод апазыцыйных лідэраў пераважаюць былыя людзі ўлады. Туякбай – стары сябра Назарбаева, да леташніх парлямэнцкіх выбараў ён быў намесьнікам старшыні кіроўчай партыі “Отан”. Вось чаму цяперашнюю апазыцыйнасьць Туякбая нямала хто ў Казахстане ўспрымае з значнай доляй скепсісу.
XS
SM
MD
LG