Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандар Лукашэнка звольніў галоўнага ідэоляга?


Уладзімер Глод, Менск Кіраўнік беларускай дзяржавы вызваліў Мікалая Шаўцова ад пасады свайго памочніка – кіраўніка галоўнага ідэалягічнага упраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта. Спадар Шаўцоў пераходзіць на іншае месца працы. Пасада, якую ён зойме, пакуль не называюць.

Мікалай Шаўцоў, якому сёньня споўнілася 57 год, пратрымаўся на сваёй пасадзе тры гады. І ўвесь гэты час ён знаходзіўся ў цяні Алега Праліскоўскага і Натальлі Пяткевіч. Менавіта іх імёны згадваюцца перадусім, калі размова ідзе пра кіраўніцтва беларускай ідэалёгіяй. Мікалай Шаўцоў непрыкметна зьмяніў свайго папярэдніка – паэта і чыноўніка Івана Карэнду, які цяпер працуе у амбасадзе Беларусі ў Расеі, і які таксама непрыкметна зьнік з ідэалягічнага гарызонту.

Уладзімер Нісьцюк, які памятае Мікалая Шаўцова па сумеснай працы ў Вярхоўным савеце Беларусі 13-га скліканьня, гаворыць, што той заўжды пазьбягаў публічнай дзейнасьці:

(Нісьцюк: ) "Тое, што было такое ўпраўленьне – ідэалягічнае – для мяне адкрыцьцё. Я лічу, што я актыўна удзельнічаю ў палітычным жыцьці дзяржавы, але ж ні разу нідзе я ня бачыў ні подпісу начальніка ўпраўленьня ідэалягічнай працы, ні згадваньня яго ў тэлевізіі ці радыё".

Спадар Нісьцюк зьвязвае адстаўку Мікалая Шаўцова з выбарамі прэзыдэнта Беларусі, якія маюць адбыцца ў 2006 годзе. На ягоную думку, гэта адстаўка першая з шэрагу звальненьняў, якія могуць адбыцца бліжэйшым часам у ідэалягічнай сфэры.

(Нісьцюк: ) "Тое, што Аляксандар Рыгоравіч зьмяняе кіраўніка ідэалягічнага накірунку, дык я магу сказаць, што, можа, ён і правільна робіць, бо ідэалягічная праца цяпер зайшла ў тупік. І тое, што цяпер робіцца на тэлевізіі, на радыё, усё гэта адзін да аднаго, што рабілася 10-11 гадоў таму. Ніякіх няма зьменаў, ніякай няма дынамікі, ніякай творчасьці, ніякай навізны. Усё робіцца па старых лекалах савецкага часу. Людзям гэта ўжо абрыдла, яны гэта не ўспрымаюць. Я думаю, тое, што губляецца рэйтынг улады, рэйтынг кіраўніка дзяржавы – у гэтым як раз многа ўдзелу прымае ідэалягічны апарат, які працуе вельмі непрафэсійна і вельмі непрадуктыўна. Я б на месцы Лукашэнкі таксама пачаў бы мяняць гэты апарат".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG