Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці пасьпелі гомельскія камбайнэры сабраць мільён тон, як чакаў А.Лукашэнка?


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Сёлета на сэлектарнай нарадзе старшыня Гомельскага аблвыканкаму Аляксандр Якабсон дакладаў кіраўніку дзяржавы, што вобласьць намалоціць 1 мільён тон збожжа і завершыць жніво да 20 жніўня. Ці здабылі гамельчукі каравай на мільён тон да абяцанай даты?

У мінулыя выхадныя ў рэгіёне яшчэ ва ўсю ўбіралі збажыну, хаця два раёны – Рэчыцкі і Хойніцкі – да гэтага часу ўжо завяршылі жніво. Што да караваяў, то іх багата было на зажынках і, пэўна, будзе яшчэ на дажынках. Караваямі вяскоўцы сустракаюць розных кіраўнікоў і кантралёраў.

Таму лягічна было пацікавіцца, які каравай падносяць штодзённа самім вяскоўцам – галоўным удзельнікам бітвы за ўраджай? З гэтай мэтай я накіраваўся ў вёску Акцябр Буда-Кашалёўскага раёну, дзе два гады таму Аляксандр Лукашэнка асабіста правяраў, як жывуць вяскоўцы.

У жыхароў Акцябра я і пытаюся пра якасьць хлеба, які прывозяць у іхнюю краму:

(Марыя Філімонаўна: ) “Хлеб купляем у сваёй краме. З Буда-Кашалёву, з раённага цэнтру прывозяць. Харошы хлеб бывае вельмі рэдка. Плахі хлеб, кепскі хлеб і ўсё. Парахня якаясьці”.

Падобныя ацэнкі хлебу я чуў літаральна ад кожнага вяскоўца, з кім давялося гутарыць:

(Аляксей: ) “Нясмачны хлеб. Цеста натуральнае. Не дапякаецца, нясмачны”.

(Тацяна: ) “Нясмачны, кіслы. Мы ўвесь час езьдзім у Камунар, туды хлеб прывозяць з Гомеля. У нас тут, у вёсцы, і старыя, нямоглыя людзі ёсьць. Ім няма на чым паехаць. У нас дзеці, яны на вэлясыпэдах могуць паехаць у Камунар, тут 7 кілямэтраў, а старыя ж ня могуць”.

(Тамара Леанідаўна: ) “Буда-кашалёўскі хлеб вельмі не падабаецца. Нясмачны. Як клей, глейкі такі. Есьці немагчыма. Сьвежы яшчэ больш-менш, а крышачку паляжыць – усё”.

Так вось ацэньваюць вяскоўцы якасьць хлеба-караваю, які пасьля бітвы за ўраджай прывозяць у крамы вёскі Акцябр. А які хлеб жадаюць бачыць на паліцах крамаў камбайнэры, наогул мэханізатары, што сеюць, жнуць, здабываюць хлеб на палетках? Я пацікавіўся ў мэханізатараў вёскі Яроміна Гомельскага раёну, які хлеб ім больш да спадобы. І як яны ацэньваюць знакамітыя беларускія гатункі хлеба, напрыклад, той жа “Нарачанскі” хлеб, што выпякаюць у Менску.

(Камбайнэр Сяргей: ) “Цяпер мы на ўборцы, з раніцы да ночы на полі. Ужо што прывязуць, тое і ямо. “Нарачанскага” хлеба я не каштаваў. Ну не каштаваў, казаць нічога ня буду”.

У камбайнэра Сяргея і кіроўцы Аляксандра, апошні заняты на транспартыроўцы збожжа з поля на ток, ёсьць свае пажаданьні да хлебапёкаў:

(Камбайнэр Сяргей: ) “Каб пяклі харошы, якасны хлеб. Пажадана гатункаў паболей”.

(Кіроўца Аляксандр: ) “Назвы хлеба няхай самі прыдумляюць, толькі б быў ён смачны, сьвежы, пышны”.

А якое наогул месца займае хлеб у харчаваньні людзей? Я задаваў гэтае пытаньне і камбайнэрам з Яроміна, і жыхарам вёскі Акцябр: які харч для іх самы важны? Адказвалі на пытаньне людзі самых розных узростаў.

(Кіроўца: ) “Хлеб самае галоўнае – усяму галава”.

(Камбайнэр: ) “Мяса трэба зьесьці, каб працаваць. Бульба зь мясам добра”.

(Жанчына: ) “Асабліва для мяне салаты, гародніна – гэта важна для мяне асабліва”.

(Хлапец: ) “Наша беларуская бульба самая важная. Няма бульбы – няма яды”.

(Дзяўчына: ) “Садавіна – апэльсіны, бананы, яблыкі”.

(Жанчына: ) “Бульба наша беларуская”.

(Школьніца: ) “Бульба, хлеб. Магчыма, і бананы”.

(Школьніца: ) “Таксама бульба, булачкі, бананы, апэльсіны, абрыкосы”.

Гэтак адказвалі вяскоўцы на пытаньне, як харч для іх найважнейшы. Хлеб, як бачым, далёка не для ўсіх на першым месцы.
XS
SM
MD
LG