Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх турмах маюць зьявіцца відэакамэры


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларускія турмы плянуецца абсталяваць відэакамэрамі й зьнізіць падаткі, якімі абкладаюць турэмную вытворчасьць. Таксама мяркуецца палепшыць сыстэму мэдычнай дапамогі вязьням. Гэтыя ды іншыя пляны ўдасканаленьня турэмнай сыстэмы абнародаваны ў дзень ейнага 85-годзьдзя. Аднак многія былыя вязьні ня вераць у магчымасьць паляпшэньня становішча ў беларускіх турмах без зьмяненьня маральнага стану ўсяго грамадзтва.

22 жніўня беларуская пэнітэнцыярная сыстэма адзначыла сваё 85-годзьдзе. Яна была створана ў 1920 годзе, калі з адмысловага Ўказу ўсе мясцовыя турмы падпарадкавалі Міністэрству ўнутраных спраў Беларусі. Але наконт таго, ці моцна зьмяніліся ўмовы ў беларускіх турмах з тых часоў, меркаваньні разыходзяцца.

У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў кажуць пра стабільную сыстэму, якая ня проста ізалюе злачынцаў, але перавыхоўвае іх, рыхтуе да вяртаньня ў грамадзтва. І ўсё ж пэўныя недахопы ў сваёй працы турэмшчыкі прызнаюць.

Намесьнік кіраўніка дэпартамэнту Юры Барэнкоў на пытаньне пра слабыя месцы беларускай турэмнай сыстэмы адзначыў, што яшчэ трэба шмат працаваць, паляпшаючы побытавыя ўмовы засуджаных.

У плянах беларускіх турэмшчыкаў — усталяваньне ў турмах відэакамэр, якія дазволяць лепш ахоўваць небясьпечных злачынцаў і падтрымліваць унутрытурэмную дысцыпліну. Але галоўнае, на думку міліцыянта, залежыць ад сытуацыі за турэмнымі мурамі.

(Барэнкоў: ) “Якія вузкія месцы? Трэба зьніжаць колькасьць засуджаных. Што ж гэта? Турма ёсьць пэўным люстэркам становішча ў краіне. Гэта агульная праблема барацьбы са злачынствам, у тым ліку, — і ваша як журналістаў”.

Цяпер у Беларусі каля 43 тысяч вязьняў. Па колькасьці іх, што прыпадае на 1 тысячу жыхароў, краіна займае 5 месца ў сьвеце. Беларускіх вязьняў трымаюць у 21 калёніі й сьледчых ізалятарах, большасьць зь якіх лічацца перанаселенымі.

Вядомы апазыцыянэр Андрэй Клімаў правеў за кратамі больш за 4 гады. Ён лічыць, што ня толькі дрэнныя побытавыя ўмовы, нізкакалярыйнае харчаваньне й адсутнасьць кваліфікаванай мэдычнай дапамогі ўласьцівы беларускай турэмнай сыстэме.

(Клімаў: ) “Нашая пэнітэнцыярная сыстэма вельмі хворая на кадры.Людзей бяруць невядома адкуль, зь невядома якой адукацыяй, і яны потым на вязьнях рэалізуюць свае комплексы. Калі мяне ў 15-градусны мароз афіцэр літаральна распранаў на турэмным пляцы, быццам шукаючы нешта забароненае, — гэта сьведчыць шмат пра што”.

Андрэй Клімаў у сьледчым ізалятары быў зьбіты да непрытомнасьці, калі пратэставаў супраць умоваў і абыходжаньня. Паводле назіраньняў палітыка, вязьні ў беларускіх турмах пратэстуюць часта, у тым ліку, — і ў масавай форме, але пра гэтыя выпадкі грамадзкасьці нічога невядома. Апошняе вядомае забурэньне вязьняў у Беларусі адбылося ў 2001 годзе, у Аршанскай калёніі для непаўнагадовых злачынцаў. Тады за арганізацыю забурэньняў было пакарана некалькі вязьняў.

Гл. таксама • Ягор Рыбакоў – кіраўнік турэмнай тэлестудыі
XS
SM
MD
LG