Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Гомельшчыне закрываюцца яшчэ 8 школак


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Напярэдадні новага навучальнага году ў Гомельскай вобласьці закрыта 8 школ. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі паведаміла выканаўца абавязкаў начальніка Ўправы адукацыі аблвыканкаму Марына Бондар. Закрываюцца, як правіла, вясковыя школы зь беларускай мовай навучаньня.

У ліку закрытых сёлета школак аказалася й Струкаўская сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёну.

(Эканамістка аддзелу адукацыі Буда-Кашалёўскага райвыканкаму: ) “Там зусім мала вучняў. Агулам дзевяць кляса-камплектаў — 51 школьнік. Усе яны пераводзяцца ў школу вёскі Броньніца”.

Яшчэ ў лютым загадчык раённага аддзелу адукацыі Яўген Булькоў на сходзе ў Струках прасіў бацькоў прагаласаваць за закрыцьцё школы. Чым гэта скончылася, прыгадвае завуч школы Тамара Быкава.

(Быкава: ) “Бацькі катэгарычна адмовіліся галасаваць за тое, каб закрывалі школу. Затым прыехала намесьніца старшыні райвыканкаму Алена Алексіна разам з загадчыкам аддзелу адукацыі. Зноў сабралі бацькоў. Сталі падаваць тысячы аргумэнтаў наконт таго, што школу трэба зачыніць, а дзяцей вазіць у Броньніцу, дзе на аснове базавай школы будзе адкрыта сярэдняя. Там, маўляў, італьянцы дапамаглі забясьпечыць школу артэзіянскай вадою, абсталяваць у школе прыбіральні… Ну, і гэтак далей. Галасаваць бацькоў за закрыцьцё школы ўжо не прымушалі. Папросту паведамілі, што будзе прынята рашэньне райвыканкаму пра закрыцьцё школы. У нашай дзяржаве эканомяць на дзецях”.

Рыта Карпава, маці сяміклясьніка, пацьвердзіла, што бацькі ў Струках былі катэгарычна супраць закрыцьця школы, але ніхто іхнага меркаваньня ня ўлічыў.

Цяпер спадарыня Карпава вымушана адпраўляць свайго сына-сяміклясьніка ў школу ў Буда-Кашалёва, за 18 кілямэтраў.

(Карпава: ) “У Буду па асфальце дабірацца прасьцей. А як дабірацца зімою ў Броньніцу? Дарогі туды пастаянна замятае сьнег”.

Рыта Карпава — трэба адзначыць — ня надта спадзяецца на падвоз вучняў, які прапануюць улады вяскоўцам.

За апошнія гады ў рэгіёне закрыты дзясяткі школак — з прычыны невялікай колькасьці навучэнцаў і фінансавай немэтазгоднасьці. Дзеці змушаны езьдзіць на вучобу ў больш пэрспэктыўныя вёскі альбо ў райцэнтры.

У вёсцы Ўзнож Рэчыцкага раёну, дзе былі зачынены напачатку базавая, а пасьля й пачатковая школы, я пацікавіўся ў бацькоў, як яны прызвычаіліся да таго, што дзеці кожны дзень выпраўляюцца на вучобу за многія кілямэтры?

Распавядае Надзея Петушэнка, якая кожны дзень выпраўляе дачку на вучобу ў далёкую вёску Заходы.

(Петушэнка: ) “Дзіця пойдзе ў школу, а там старэйшыя вучацца сем урокаў, у маёй жа дачкі — пяць. Дзіця дзесьці на вуліцы бегае, чакаючы старэйшых. Прыяжджае ў 4 гадзіны падвечар (добра, калі аўтобусам). Якія ўжо заняткі?! Іншы раз чакаюць дзеці аўтобусу, чакаюць гадзіну. Бывае, няма аўтобусу. Дзеці накіроўваюцца пехам у школу, просяцца на спадарожныя машыны, а іншыя наагул вяртаюцца дадому. Я знаходжуся на працы, і ўвесь час думаю: дзе дачка? Тры гадзіны дня, чатыры — няма. А дачка ледзьве ногі цягне: пехам ідзе, з ранцам, шэсьць кілямэтраў”.
XS
SM
MD
LG