Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі яны хочуць вяшчаць на Беларусь, яны мусяць вяшчаць на нашай мове”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску пачалася акцыя пратэсту супраць плянаў расейскамоўнага вяшчаньня радыёстанцыі “Нямецкая хваля” на Беларусь. Акцыя адбываецца з прыватнай ініцыятывы нядаўняга выпускніка Беларускага ўнівэрсытэту культуры Зьміцера Касьпяровіча й журналіста Вадзіма Александровіча.

Пікетоўцы будуць зьбірацца на плошчы Бангалёр цягам пяці дзён, да 26 жніўня. Арганізатары прасілі менскі гарвыканкам дазволіць пікетаваньне амбасады Нямеччыны ў Менску, аднак улады дазволілі акцыю толькі на плошчы Бангалёр.

(Александровіч: ) “Мы патрабуем акцэнтаваньня вэктару мас-мэдыйнага ўплыву заходніх сродкаў масавай інфармацыі на Беларусь. Краіны вольнага сьвету мусяць на сябе ўзяць абавязак захаваньня культурнае й этнічнае спадчыны Беларусі, то бок, кампэнсаваць тое, чаго нам не дае ўласная дзяржава. Калі нам не дапаможа Захад, то ад Беларусі нічога не застанецца”.



Удзельнікі акцыі пратэсту трымалі плякаты: “Для роднай мовы “створаны ўмовы”. “Паўсюдна ва вачох чужыя словы”, “Мы хочам слухаць “Нямецкую хвалю” па-беларуску”, “Няма мовы — няма народу”.

(Касьпяровіч: ) “Праз стварэньне расейскамоўнай перадачы нямецкія ўлады фактычна падтрымоўваюць палітыку Расеі й палітыку цяперашніх беларускіх уладаў на русыфікацыю беларускага грамадзтва. Цалкам верагодна тут магчымасьць нейкай змовы паміж Нямеччынай і Расеяй. Падаецца, што яны папросту падзялілі сфэры ўплыву й не разглядаюць Беларусь як самастойную адзінку, як самастойную нацыю. Калі яны хочуць вяшчаць на Беларусь, — яны мусяць вяшчаць на нашай мове”.



На акцыі прысутнічаў старшыня ТБМ Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “Раз ёсьць такія маладыя хлопцы, якія дамагліся пікету, гэта сьведчыць аб тым, што й мова будзе жыць. А нямецкае кіраўніцтва неўзабаве зьменіцца, да ўлады прыйдуць кансэрватары, і, думаю, яны паспрыяюць гэтаму пытаньню”.

Падчас пікетаваньня працягваецца збор подпісаў грамадзян супраць расейскамоўнай праграмы “Нямецкай хвалі” для Беларусі. Гэтыя подпісы пратэсту накіроўваюцца амбасадару Нямеччыны ў Беларусі.

Алег Трусаў заявіў, што ТБМ атрымала запрашэньне на ўдзел у Нацыянальным кангрэсе дэмсілаў, аднак пытаньне ўдзелу пакуль ня вырашана.



(Трусаў: ) “І адразу развальваецца так званая “дзясятка”. Як мы можам прымаць удзел у Кангрэсе, калі Калякін і Лябедзька на сайтах выступаюць за расейскую мову? Хай яны спачатку прымуць заяву (усе дзесяць) да немцаў”.

Нагадаем: “Нямецкая хваля” выйграла тэндэр Эўрапейскай камісіі на стварэньне альтэрнатыўнага вяшчаньня на Беларусь. Гэтая радыёстанцыя прапанавала штодзённую 30-хвілінную праграму на расейскай мове з навінамі й інфармацыяй пра Беларусь. Эўракамісія выдаткоўвае на праект 138 тысяч эўра. Чакаецца, што перадачы пачнуцца сёлета ў кастрычніку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG