Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ўрад пакуль не рэагуе на патрабаваньні Эўракамісіі


Валер Каліноўскі, Менск Эўрапейская камісія запатрабавала ад ураду Беларусі цягам 6 месяцаў узяць на сябе абавязацельства й цягам 8 месяцаў выканаць 12 рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы наконт забесьпячэньня правоў незалежных прафсаюзаў. У адваротным выпадку Эўразьвяз выведзе Беларусь са сваёй Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў у гандлі. Рэакцыю на ультыматум Брусэлю ў Менску высьвятляў наш карэспандэнт.

У МЗС Беларусі адмовіліся камэнтаваць сытуацыю з ультыматумам Эўракамісіі, накіраваўшы ва Ўрад і ў Міністэрства працы. У Мінпрацы, у сваю чаргу, параілі накіраваць афіцыйны запыт ды паабяцалі даслаць адказ ва ўстаноўленыя законам тэрміны. Прэсавы сакратар Ураду Аляксандар Цімашэнка пакуль не гатовы камэнтаваць сытуацыю.

Парушэньні правоў беларускіх прафсаюзаў ужо спрычыніліся да рашэньня аб скасаваньні гандлёвых прэфэрэнцыяў для Беларусі з боку ЗША. Аднак калі пастаўкі беларускіх тавараў у ЗША нязначныя, то экспарт у краіны Эўразьвязу складае больш як палову ад беларускага экспарту па-за краінамі СНД.

Беларусь атрымала гандлёвыя прэфэрэнцыі Эўразьвязу яшчэ на пачатку незалежнасьці й эканамічных рэформаў 90-х гадоў і карыстаецца льготамі пры продажы ў краіны Эўразьвязу многіх таварных групаў, — гаворыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

(Злотнікаў: ) “Цяпер каля 80% нашых тавараў у Эўразьвяз ідзе без усякіх мытных пошлін, у тым ліку, — і нашы трактары МТЗ. Таму іх так шмат і экспартавалі пасьля таго, як 10 новых краін уступілі ў Эўразьвяз”.

Эканамісты падлічылі штогадовую выгоду для Беларусі ад пашырэньня Эўразьвязу: 200 мільёнаў даляраў за кошт пераходу 10 новых сябраў Зьвязу да Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў ЭЗ. Агульная выгода ад гэтых прэфэрэнцыяў для Беларусі каштуе нашмат болей. Аднак, на думку Леаніда Злотнікава, беларускія ўлады нават дзеля такіх грошай ня будуць гатовыя выканаць 12 рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы.

(Злотнікаў: ) “Асноўная прычына — гэта правы свабодных прафсаюзаў: Урад не павінен абмяжоўваць іхных дзеяньняў. Ну, як ён ня будзе гэтага рабіць, калі выбары праз год, і свабодныя прафсаюзы (хай іх там будзе 20 тысяч чалавек), але гэта ўжо значная сіла, якая можа ўплываць на палітычныя падзеі ў Беларусі. Ня пойдзе Ўрад на гэта. Ня Ўрад, а прэзыдэнт ня пойдзе”.

Не мае асаблівых ілюзіяў наконт станоўчай рэакцыі Ўраду на ультыматум Эўракамісіі й віцэ-старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Канах.

(Канах: ) “Я думаю, што тут можа быць наадварот, іншая сытуацыя. Калі ўзмоцніцца ціск на нашыя незалежныя арганізацыі, і, такім чынам, атрымаецца, што ня будзе незалежных прафсаюзаў, ня будзе праблемы й ня трэба будзе выконваць гэтых абавязацельстваў”.

Мікалай Канах нагадаў, што цяпер працягваецца разгляд справы аб высяленьні з памяшканьня Свабоднага прафсаюзу беларускага, які гэтакім чынам можа страціць свой юрыдычны адрас.
XS
SM
MD
LG