Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры 3dway.org застаюцца без тэхнікі, але працуюць над новымі мультамі


Любоў Лунёва, Менск Сябры грамадзянскай Ініцыятывы “Трэці шлях” застаюцца без кампутараў, якія канфіскаваў КГБ. Але вытворчасьць палітычных мультфільмаў не спынілася. Як паведамляла ўжо Свабода, 16 жніўня Менская пракуратура распачала крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Падставаю для яе сталі мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на сайце ініцыятывы. У некалькіх чалавек супрацоўнікі КГБ правялі ператрусы й забралі больш за дзясятак кампутараў.

Сябра “Трэцяга шляху” Павал Марозаў лічыць, што ўлады маюць на мэце спыніць дзейнасьць іхнай структуры.

(Марозаў: ) “Ініцыятыва “Трэці шлях” — гэта людзі, якія думаюць пра будучыню сваёй краіны, пра тыя працэсы, што ў ёй цяпер адбываюцца. Мы ня можам, як БРСМ, прыстасоўвацца й рабіць выгляд, быццам у краіне ўсё добра. З другога боку, мы не аматары вулічных дэманстрацый, альбо нейкіх радыкальных дзеяньняў. “Трэці шлях” — гэта дыскусійная пляцоўка для ўсіх, хто жадае выказаць свае думкі. На нашай пляцоўцы можна выказвацца з гумарам, а гэта вельмі страшна для сёньняшняй улады. Мы мяркуем, што ўлада мусіць нешта прыдумаць, каб спыніць нашу дзейнасьць”.

Андрэй Абозаў займаўся тэхнічнымі пытаньнямі сайту. Ён распавёў Свабодзе, што час ад часу рамантаваў сваім знаёмым кампутары. У той дзень, правёўшы ператрус, супрацоўнікі КГБ забралі ўсе кампутары, якія знайшлі ў пакоі. Апроч таго, з кватэры вынесьлі й шмат іншых рэчаў.

(Абозаў: ) “Яны забіралі ўсё, што хоць чымсьці падобнае да носьбітаў інфармацыі. Я дакладна ведаю, што нічога крымінальнага на гэтых кампутарах няма. Але калі ўлада трапіла ў такое становішча, што пайшоў рэзананс, то цяпер папросту адпусьціць нас ёй няёмка. Такім чынам яны дыскрэдытуюць саміх сябе. Мне падаецца, што, хутчэй за ўсё, альбо нешта запішуць на кампутары, альбо нешта прыдумаюць, — напрыклад, парнаграфію. Чаму? Таму што гэта адзінае, што нэгатыўна настроіць супраць нас грамадзкасьць”.

Адзін зь сябраў Ініцыятывы даваў паказаньні ў Горадні як сьведка. Пракуратура пакуль нікога не падазрае й не зьвінавачвае. Крымінальная справа застаецца распачатай паводле факту абразы Аляксандра Лукашэнкі. Андрэй Абозаў лічыць, што ўлады стварылі прэцэдэнт, але мэты не дасягнулі.

(Абозаў: ) “Сваімі дзеяньнямі ўлады дабіліся адваротнага эфэкту. Яны ня здолелі спыніць распаўсюджаньня мульцікаў, а, наадварот, — справакавалі іх распаўсюд ува ўсім інтэрнэце. Хацелі як лепш, ды атрымалася, як заўсёды. Мы ведаем, што вытворчасьць мультфільмаў працягваецца. Але робім іх ня мы. І ня тыя, каго згадваюць у гэтай справе. Людзі падхапілі гэтую ідэю, і хутка некалькі новых мультфільмаў зьявяцца на некаторых сайтах”.

Сябры Ініцыятывы паведамілі Радыё Свабода, што літаральна днямі іхны інтэрнэт-сайт зноў пачне паўнавартасна працаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG