Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эколягі патрабуюць абмежаваць хуткасьць караблёў на Атлянтыцы


Натальля Судлянкова, Прага Да абмежаваньня хуткасьці на аўтамабільных дарогах кіроўцы ўжо прызвычаіліся. Але цяпер навукоўцы і эколягі настойваюць на тым, што трэба ўвесьці абмежаваньні на хуткасьць марскіх караблёў на пэўных карабельных трасах у Атлянтычным акіяне. На думку навукоўцаў, гэта адзіны шлях запабегчы забойства кітоў, якія не пасьпяваюць адплыць ад карабля. Да гэтай тэмы зьвярнулася газэта "New York Times". Са зьместам публікацыі вас пазнаёміць наша карэспандэнтка.

Біёлягі, якія вядуць назіраньні за жыцьцём самых буйных жывёлаў у сьвеце, адзначаюць, што ўлетку нарадзілася больш кіцянятаў, чым раней, але больш марскіх гігантаў загінула ў сутыкненьнях з караблямі.

Канадзкі ўрад ужо ўнёс зьмены ў маршрут і ўмовы руху караблёў, і гэтыя меры дапамаглі кітам – адзначае Мойра Браўн з акварыюму ў Бостане. Амэрыканскі ўрад аднак пакуль не адрэагаваў на прапановы абмежаваць хуткасьць і зьмяніць маршруты вадаплаваў. Мойра Браўн адзначае, што цягам апошніх 1.5 гадоў была зафіксаваная незвычайная высокая сьмяротнасьць кітоў у рэгіёне. “Мы згубілі восем кітоў мужчынскага полу і пяць – жаночага, а гэта значыць, што страты панесла ня толькі гэтая папуляцыя, але й будучая. Гэта быў сапраўдны ўдар па рэпрадукцыйным магчымасьцям кітоў з гэтага рэгіёну”.

Новая справаздача марскіх біёлягаў пацьвярджае зьвесткі пра зьніжэньне папуляцыі кітоў з Паўночнай Атлянтыкі. Сёньня ў сьвеце засталося ад 320 да 350 гэтых гігантаў. І таму навукоўцы і эколягі зьвяртаюцца да амэрыканскага ўраду з патрабаваньнем узяць прыклад з канадыйскага ўраду ды зрабіць шэраг крокаў, каб захаваць кітоў, асабліва ў той час, калі яны пачынаюць міграваць уздоўж атлянтычнага ўзьбярэжжа Злучаных Штатаў.

Сярод рэкамэндацыяў, зь якімі навукоўцы зьвярнуліся да ўраду, асноўнымі зьяўляюцца зьмена маршрутаў ды зьніжэньне хуткасьці руху караблёў у вызначаных рэгіёнах, асабліва ў той час, калі вядома, што там знаходзяцца кіты.

Мойра Браўн гаворыць, што ў марской індустрыі хуткасьць вадаплаваў увесь час узрастае. “Натуральна, што нікому з нас не падабаюцца абмежаваньні хуткасьці, але гэтая сытуацыя ня звычайная” – гаворыць Мойра Браўн.

Рух за захаваньне кітоў набывае папулярнасьць у Амэрыцы. Так, некалькі гадоў таму жыхары Фларыды даглядалі пяцёх кітоў, якія былі настолькі слабымі, што не маглі знаходзіцца ў адкрытым акіяне. Яны заставаліся ў лягуне ля берагоў Фларыды да тых часоў, пакуль вынікі аналізаў не паказалі, што кіты ўжо дастаткова моцныя для таго, каб самастойна жыць у адкрытых водах Атлянтыкі.
XS
SM
MD
LG