Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ягор Рыбакоў – кіраўнік турэмнай тэлестудыі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Амністыя, прысьвечаная 60-годзьдзю Перамогі, закранула і вязьняў зь вядомымі грамадзтву прозьвішчамі. На год скарочаныя тэрміны пакараньня былому старшыні Белтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову і былому генэральнаму дырэктару МТЗ Міхаілу Лявонаву. А ці праўда, што абодва ў месцах зьняволеньня працягваюць сваю прафэсійную дзейнасьць? Гэтае пытаньне высьвятляў наш карэспандэнт.

Былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў адбывае цяпер пакараньне ў Шклоўскай калёніі строгага рэжыму, але сувязяў з журналісцкай прафэсіяй не губляе. Як распавялі мне ў дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС, навіну пра амністыю Ягор Рыбакоў сустрэў у статусе кіраўніка турэмнай тэлестудыі. Ягонымі посьпехамі на гэтай пасадзе захапляецца нават кіраўнік дэпартамэнту Уладзімір Коўчур.

(Коўчур: ) “Усё ж ён спэцыяліст, лепшы ўзровень стаў, хутчэй робяцца гэтыя праграмы. Калі раней вязьні рабілі праграму за тыдзень, то Рыбакоў спраўляецца за дзьве гадзіны”.

На пасадзе старшыні тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў вызначыўся ўдалай інфармацыйнай падтрымкай асноўных палітычных кампаніяў, у тым ліку другіх выбараў на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Асабліва даставалася апазыцыянэрам ды так званым іх заходнім "куратарам", на крытыку якіх не шкадавалася этэрнага часу. А чым напоўнены этэр тэлебачаньня пад кіраўніцтвам вязьня Рыбакова, спытаў я ў Аляксандра Пастушэні, які кіруе выхавацелямі ўсіх беларускіх калёніяў. Стужка 2.

(Пастушэня: ) “Навіны пра вытворчыя дасягненьні, вынікі калектыўнага спаборніцтва, рэйдаў-праверак быту, інтэрвію з супрацоўнікамі і асуджанымі. І нарэшце музычныя праграмы. З днём нараджэньня вязьняў віншуюць сваякі, вязьні віншуюць адзін аднаго ці супрацоўнікаў калёніі. У тым ліку з прысваеньнем чарговага званьня”.

Дарэчы, сваё тэлебачаньне ў Беларусі маюць 4 калёніі з 21. У Шклоўскай тэлесетка зьявілася яшчэ да таго, як Ягора Рыбакова асудзілі на 11 гадоў за крадзеж некалькіх мільёнаў даляраў. Паводле суду Рыбакоў здабываў грошы на пастаўках новага тэлевізійнага абсталяваньня. Цяперашняя ягоная студыя, па зьвестках, патрабуе значнага тэхнічнага ўзмацненьня. “Ці не зьбіраецеся вы дапамагчы свайму былому калегу?” Гэтае пытаньне я падрыхтаваў для кіраўніка беларускага каналу ОНТ Рыгора Кіселя, які ў свой час лічыўся настаўнікам, дарадцам Рыбакова, а пасьля – асноўным канкурэнтам... Але Кісель нібыта зьехаў ў камандзіроўку. Давялося адрасаваць пытаньне супрацоўніцы прэсавай службы ОНТ Вользе Сахаравай.

(Сахарава: ) “Вы ведаеце, нам самім яшчэ разьвівацца ды разьвівацца...”

А чым займаецца ў калёніі таксама амніставаны на адзін год былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў? Паводле жонкі Лявонава – Алены, ейны муж дасягнуў некаторых посьпехаў, зноў зьвязаных з трактарабудаўніцтвам. У вытворчай зоне калёніі ён узначальвае участак, дзе зьбіраюць кабіны трактараў “Беларус”. На працы Міхаіл Лявонаў праводзіць большасьць часу, у тым ліку і суботу.

(Алена Лявонава: ) “Гэтак, магчыма, яму маральна лягчэй. Так ён кнігі чытае, газэты, але большую частку на працы. У іх праца ў дзьве зьмены, і нават субота працоўная. А ў нядзелю трэба што памыць, зашыць, на лісты адказаць”.

Нагадаю, за кратамі Міхаіл Лявонаў знаходзіцца ад 2002 году. Ён пакараны за крадзеж дзяржаўнай маёмасьці на 10 гадоў. Цяперашняя амністыя для Лявонава ўжо другая. Такім чынам за кратамі яму знаходзіцца яшчэ ня болей за 4 гады. Хаця б на гэты час добрая якасьць кабінаў трактарам "Беларусь" забясьпечаная...
XS
SM
MD
LG