Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня кожны палітык здольны трымаць у абцугох мільёны людзей...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”

Працяг канфлікту паміж уладамі й Саюзам палякаў; прычыны й наступствы аўтарытарнага рэжыму ўлады ў Беларусі; новыя праявы русыфікацыі грамадзкага жыцьця — вось асноўныя тэмы слухацкіх лістоў, атрыманых Беларускай Свабодай цягам апошняга тыдня.

Сёньняшні агляд пошты пачну з допісу Мікалая Воліна зь Менску.

Слухач піша:

“Відавочна, што рэпрэсіі ўлады ў дачыненьні да Саюзу палякаў выкліканы незалежнымі паводзінамі гэтых грамадзян Беларусі польскага паходжаньня. Выказваньне ўласных поглядаў, якія не супадаюць з афіцыйнымі, увогуле можа дорага каштаваць у Беларусі. Я, напрыклад, думаю, што прычынай звальненьня міністра спорту Сівакова маглі стаць некаторыя ягоныя незалежныя выказваньні ў нядаўнім інтэрвію “Комсомольской правде” в Беларусі” й рэзкае асуджэньне Сіваковым непамерных фінансавых прэтэнзіяў міністра фінансаў Корбута, які судзіўся зь незалежнай газэтай “Прессбол”. Гэты зыск, як вядома, паставіў газэту на мяжу выжываньня. Ня думаю, што міністар Корбут дзейнічаў у гэтым выпадку самастойна, бяз узгадненьня са сваімі гаспадарамі”.

Сапраўды, спадар Волін, Юры Сівакоў быў адным зь нямногіх высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, які адважваўся выказваць уласныя меркаваньні, у тым ліку, — у недзяржаўнай прэсе. Звальняючы яго зь міністэрскай пасады, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што генэрал будзе працаваць па сваёй профільнай адукацыі. Пра тое, што адстаўленаму міністру будзе дадзена новая праца, паведамлялі й у прэзыдэнцкай Адміністрацыі. Аднак мінуў ужо не адзін месяц — а былы міністар бяз працы. Днямі яго нават звольнілі ў запас з кадраў Міністэрства ўнутраных спраў.

Дарэчы, такі ж лёс і ў многіх іншых нядаўніх высокапастаўленых чыноўнікаў. Бяз працы застаюцца былы кіраўнік прэзыдэнцкай Адміністрацыі Ўрал Латыпаў, былы шэф КГБ Леанід Ерын, былы віцэ-прэм’ер Анатоль Цюцюноў.

Наступны ліст даслаў нам Цімафей Валадзько зь Верхнядзьвінску.

“Я часта й зь цікавасьцю слухаю ваша радыё: шмат цікавых навінаў, пра якія ў Беларусі нідзе больш не даведаесься. Але з вашай ацэнкай Лукашэнкі я не пагаджаюся. Так, ён прыціснуў апазыцыю; так, трымае ўсіх у жалезным кулаку; так, не дае спуску розным алігархам і аматарам рэвалюцыяў. Але ж якая дзеля гэтага трэба калясальная воля, колькі сілы, упэўненасьці ў сабе! Далёка ня кожны лідэр здольны быць такім цьвёрдым і моцным палітыкам, трымаць у абцугох тысячы й мільёны людзей. А ён — змог. І гэта нельга маляваць адной толькі чорнай фарбай. Пры моцнай дзяржаўнай уладзе многія людзі адчуваюць сябе больш упэўнена, стабільна, надзейна. А дэмакратыя ды свабода — гэта нешта абстрактнае, нашым людзям незразумелае й ня дужа каб патрэбнае”.

Аляксандар Лукашэнка — далёка ня першы ў гісторыі палітычны лідэр, які, прыйшоўшы да ўлады дэмакратычным шляхам, вырашыў потым гэтую ўладу замацаваць за сабой на няпэўна доўгі тэрмін. Тэхналёгія ператварэньня дэмакратычнай дзяржавы ў аўтарытарную даўно вядомая й адпрацаваная. І Лукашэнка дзейнічаў тым жа шляхам, што й многія ягоныя папярэднікі ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя: зьмяніў Канстытуцыю, зьліквідаваў самастойны парлямэнт, абмежаваў магчымасьці незалежных мэдыяў, падпарадкаваў сабе суды, не дапусьціў стварэньня незалежнай выбарчай сыстэмы… Ці варта захапляцца гэтымі дзеяньнямі палітычнага лідэра, якія ўвесь цывілізаваны сьвет асуджае й не прызнае? Так, дэмакратычныя каштоўнасьці для значнай часткі беларускага грамадзтва стаяць не на першым месцы. Але тое істотнае, што цэніць кожны чалавек — матэрыяльны дабрабыт, сацыяльныя гарантыі, магчымасьць вольна езьдзіць па сьвеце, — таксама вельмі цесна зьвязана зь дзяржаўным і грамадзкім ладам. Ніводзін таталітарны рэжым не прывёў свайго народу да росквіту, дастатку й міжнароднага аўтарытэту. І чакаць, што беларускі варыянт аўтарытарызму стане выключэньнем, — наўрад ці выпадае.

Іван Паддубны зь Мядзелу свой ліст на Свабоду напісаў пасьля таго, як даведаўся, што радыё “Нямецкая хваля” мае намер распачаць вяшчаньне на Беларусь па-расейску. З гэтай нагоды слухач піша:

“Вось і “Нямецкая хваля” будзе спрыяць русыфікацыі, якой у нас і без таго хапае. Раней мову ратавала вёска. Цяпер сытуацыя мяняецца — вёска памірае. Дзеці ў гарадох амаль пагалоўна вучацца па-расейску. Нават у невялікіх вясковых школах, якія лічацца беларускімі, большасьць прадметаў выкладаецца па-расейску. Чаму? Ды таму, што рыхтаваць беларускамоўных выкладчыкаў няма дзе: беларускамоўных унівэрсытэтаў так і не стварылі. Празь некалькі дзясяткаў гадоў мова можа папросту загінуць: ужо ніколі мы ня зможам яе адрадзіць. І нацыя бяз мовы таксама загіне, бо бяз мовы яна ня можа жыць.

Што ж да “Нямецкай хвалі”, то па-расейску яна нам не патрэбна, бо будзе толькі шкодзіць Беларусі”, — такую выснову робіць наш слухач.

Выбар мовы вяшчаньня нямецкай радыёстанцыі на Беларусь выклікаў вялікі грамадзкі розгалас, і цяпер гэтая праблема актыўна абмяркоўваецца, у тым ліку, — палітыкамі ў Нямеччыне. Вядома, невялікая радыёпраграма ня здольна істотна паўплываць на моўную сытуацыю ў Беларусі. Аднак праблема тут ня толькі ў гэтым. Размова — аб прынцыповым стаўленьні да гісторыі і культуры Беларусі, да дэмакратычнай будучыні дзяржавы, да камуністычнага мінулага, якое трывала спалучана з палітыкай русыфікацыі грамадзкага жыцьця Беларусі.

Наш даўні слухач Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну свой ліст напісаў пад уражаньнем ад распачатай у Беларусі кампаніі супраць будаўніцтва радыяцыйнага могільніку ля літоўскай Ігналіны, паблізу мяжы зь Беларусьсю. Спадар Сац піша:

“Многія ведаюць пра могільнік радыяцыйных адкідаў у нашым Маларыцкім раёне, паблізу вёскі Струга. Між іншым, гэта — усяго 15 кілямэтраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы. А ці пытала Беларусь дазволу ва Ўкраіны, калі будавала гэты могільнік? Вядома, не. Дык чаму Літва павінна пытаць у Беларусі, што ёй узводзіць на сваёй тэрыторыі?

Дзяржаўнае тэлебачаньне нас палохае: ад літоўскага могільніку могуць пацярпець 24 краіны. А ад могільніку ў Струзе? Тут працякаюць многія рэкі басэйнаў Балтыйскага й Чорнага мораў; на глыбінях ёсьць пустоты, якіх ніхто не дасьледаваў. Зрэдку здараюцца землятрусы. І ніхто гэтага ня ўлічваў, калі будаваў небясьпечны аб’ект”.

Фармальна, паводле міжнароднага права, дзяржавы не павінны атрымліваць дазволу іншых краінаў на будаўніцтва якіх бы то ні было аб’ектаў на ўласнай тэрыторыі. Іншая рэч: калі імкнуцца захаваць добрыя стасункі з суседзямі — тады ўзгадніць зь імі разьмяшчэньне небясьпечных пабудоў паблізу мяжы нялішне. Літоўскі ўрад, дарэчы, гатоў падаць Беларусі ўсе патрэбныя дакумэнты пра будаўніцтва сховішча паблізу Ігналіны (як толькі гэтыя дакумэнты, у тым ліку, — праект, будуць гатовы). Аб’ект там будзе ўзводзіцца на сродкі Эўрапейскага зьвязу й у адпаведнасьці з эўрапейскімі нормамі бясьпекі. Прынамсі, так запэўнівае літоўскі бок.

Што да радыяцыйнага могільніку паблізу беларуска-ўкраінскай мяжы, то ніякай міждзяржаўнай дыскусіі на гэты конт наагул не вялося. Амаль не заўважанымі ўладамі засталіся й грамадзкія пратэсты на гэты конт.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Міхаіла Кандрычына зь вёскі Сідаравічы Магілеўскага раёну.

“Амаль штодня ўважліва слухаю Свабоду, але так і не пачуў, ці атрымалі вы мой папярэдні ліст. Ці то ліст перахапілі, ці вы спалохаліся й не адважыліся чытаць яго ўголас. Калі гэта так, то для мяне гэта — вялікае расчараваньне. Аказваецца, і вы паўсвабодныя. А яшчэ загітавалі да сябе на працу Сяргея Навумчыка, які быў сапраўдным дэкабрыстам нашай партыі.

Нельга не зачытваць прозьвішчаў людзей, якія шлюць вам лісты. Гэта — адзіны сродак прыгнечаных выказацца, адвесьці душу, хоць на словах адчуць сябе свабоднымі. Бо дзе яшчэ можна сёньня ў Беларусі свабодна выказацца — хіба што на ўласнай кухні ды ў вас?”

Мы, спадар Кандрычын, стараемся ўважліва ставіцца да кожнага допісу, які атрымліваем на свой адрас. Ваш папярэдні ліст, у якім вы разважалі пра мэтазгоднасьць удзелу ў галасаваньні на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, прагучаў у эфіры Свабоды 20-га ліпеня. Магчыма, Вы ў той дзень папросту ня здолелі паслухаць нашу праграму, таму й не заўважылі гэтага.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду й нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG