Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага - 22 жніўня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 22 жніўня

“Полесская правда”, 1925 год. Падаецца расповед пра экскурсію рабочых у турму:

“Памыліліся тыя, хто думаў убачыць турму з сідзячымі зачыненымі людзьмі. Нездарма савецкая турма называецца папраўчым домам. Школа, клюб, культработа, майстэрні. Нам паказалі кузьню, сталярную, шавецкую, кравецкую і адноў наладжаную друкарню. Цікавыя кустарныя вырабы з саломкі, хлеба, гіпсу і інш. Танна і трывала… Уражаньне ў рабочых ад экскурсіі засталося добрае. “Некаторыя камэры — чысьцей і ўтульней кожнага інтэрнату”, — кажуць рабочыя”.

“Чырвоная змена”, 1985 год. Пра фільм (так у арыгінале) “Рамбо, першая кроў, частка другая”:

“Новы галівудскі “герой” (ролю яго выконвае акцёр Сільвестэр Стэлан, які ганебна праваліўся ў ігравых фільмах) страціў чалавечае аблічча яшчэ ў першай серыі, калі ўчыняў расправу над невялічкім амерыканскім горадам… А цяпер ён зверствуе ў В’етнаме, куды яго змясціла хворая фантазія Галівуда. Каб дагадзіць тым, хто хацеў бы перапісаць гісторыю бруднай в’етнамскай вайны, на экране зноў палаюць дамы і склады, абрушваюцца масты, на рысавых палях гараць перакуленыя аўтамабілі і бягуць людзі, ахопленыя полымем. Каму гэта патрэбна?”

“Звязда”, 1995 год:

“Урэгуляваць канфлікт паміж работнікамі Мінскага метрапалітэна і яго адміністрацыяй мірным шляхам так і не ўдалося. Як стала вядома, па факту трохдзённай забастоўкі транспартнікаў сталіцы пракуратурай узбуджана крымінальная справа па артыкулу 186.3 і 186.4. Адказнасць гэтымі артыкуламі прадугледжана розная і, вядома, будзе залежаць ад актыўнасці ўдзельнікаў акцыі пратэсту. Яе ініцыятарам, магчыма, пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 3 гадоў, іншым — звальненне з працы, штраф ці вымова… Тым часам Мінскае метро пачало працаваць”.
XS
SM
MD
LG