Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Быкаў (2001): ”Еду на “Нямецкую хвалю”, дзе штосьці прыйдзецца вяшчаць. Да таго ж – на расейскай мове, такія ўмовы-дамовы”


Сяргей Навумчык, Прага Захаваньне беларускай мовы Васіль Быкаў лічыў галоўнай ўмовай выжываньня нацыі. Пра ягонае стаўленьне да гэтай праблемы сьведчыць хоць бы колькасьць выступаў ды інтэрвію; іх дзясяткі.

Калі адным словам сфармуляваць ацэнку Васіля Ўладзіміравіча сытуацыі, у якой апынулася беларуская мова ў час кіраваньня Лукашэнкі – найлепш пасуе тэрмін “катастрофа”: “раней быў генэратар нацыянальнай мовы – сялянства, якое карысталася сваёй нацыянальнай мовай, -- казаў Быкаў на хвалях Свабоды 14 верасьня 2001 года. -- Цяпер сялянства зьнікла, у Беларусі няма сялянства. Нацыянальная інтэлігенцыя, зьнікае. Ну, а горад заўсёды быў носьбітам імпэрскай мовы. Імпэрскай мовай у нас зьяўляецца расейская мова”.

Быкаў вітаў працэс беларусізацыі, які распачаўся напачатку 1990 –ых гадоў, але адзначаў і некаторыя небясьпечныя тэндэнцыі. Насуперак тым, хто папракаў ініцыятараў беларусізацыі празьмерным “радыкалізмам” ці нават “гвалтоўнымі мэтадамі” – Быкаў лічыў, што якраз рашучасьці і не хапае.

Вось што, напрыклад, казаў Быкаў пра Закон аб мовах, які быў прыняты ў 1990 годзе: “Была выдадзена, як вы памятаеце, пастанова аб увядзеньні ў дзеяньне закону. Я ўдзельнічаў у абмеркаваньні гэтай праблемы ў Вярхоўным Савеце на заключным этапе. Калі я адчуў, што гэты падзаконны акт будзе прыняты, дык зразумеў, што ён – нішто іншае, як канчатковы помнік беларускай мове. Узяць хоць бы тэрміны увядзеньня закону ў дзеяньне, якія расьцягнуты, аж да наступнага стагодзьдзя. А як вы ведаеце, усе нашы вялікія праграмы, вялікія замахі на вялікія справы і на доўгі час заканчваюцца нічым... Калі ня будуць прынятыя дзейсныя меры (я нават ня ведаю, якія меры, гэта нават цяжка зразумець), то ўжо ў самы бліжэйшы час пачнецца ліквідацыя многіх асяродкаў беларускай культуры: газэт , часопісаў тэатра, і пачнецца заключны этап нашай беларускай культуры і нашай мовы”. (“Праўда жыцьця”, 1991 год, Збор твораў, том 6, стар. 517).

Праўда, Васіль Уладзміравіч неадназначна ставіўся да пераходу на тарашкевіцу – з аднаго боку, ён лічыў неабходным узаконеньне правапісу мяккага знаку і “я” перад націскам, з другога, казаў, што пераход да тарашкевіцы павінен “ісьці паступова, а галоўнае, у духу традыцыйнага беларускага маўленьня” (“Быкаў на Свабодзе”, стар. 335). Зрэшты, нагадаем, што вельмі нязначная частка друкаваных выданьняў на пачатку 90-ых перайшла на “данаркамаўскі” правапіс; пры гэтым наклад “Свабоды” Ігара Гермянчука, дзе вытрымліваліся нормы тарашкевіцы, дасягаў ста тысяч асобнікаў, што ў некалькі разоў болей, чым, напрыклад, наклад расейскамоўнай “БДГ” у яе найлепшыя часы.

Апошнія творы “Быкава” (практычна ўсе яны ўпершыню прагучалі на “Свабодзе”), у тым ліку і кніга успамінаў “Доўгая дарога дадому” – напісаныя на тарашкевіцы.

Што ж да пытаньня – на якой мове зьвяртацца да суайчыньнікаў? – дык тут ў Васіля Уладзіміравіча сумненьняў не было: на роднай, беларускай. Гэта нават не абмяркоўвалася. Пакуль што вядомая толькі адна пісьмовая згадка на гэтую тэму, ускоснага характару.

17 ліпеня 2001 году, з ліста ў Прагу да Аляксандра Лукашука: ”Заўтра еду ў Кёльн, на “Нямецкую хвалю”, дзе штосьці прыйдзецца вяшчаць. Да таго ж – на расейскай мове, такія ўмовы-дамовы”. (“Быкаў на Свабодзе", стар. 562).

Ацэнка тут -- у слове “прыйдзецца”.

Апошнія ж словы Быкава ягонага самага апошняга інтэрвію, за некалькі дзён да шпіталізацыі ў Бараўляны, былі – “Трэба змагацца за родную мову”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG